Top.Mail.Ru

Навукоўцы выявілі магчымае месца пахавання царыцы Неферціці

Група археолагаў выявіла новыя доказы існавання схаваных памяшканняў за сценамі грабніцы Тутанхамона, дзе тэарэтычна можа знаходзіцца пахаванне царыцы Неферціці, паведамляе БелТА.


Па даных навукоўцаў, для аналізу тэрыторыі вакол 3400-гадовай грабніцы ў Даліне цароў упершыню ў гісторыі вывучэння гэтага месца была прыменена гравіметрычная здымка. Асабліва цікавы магчымы калідор шырынёй каля 2 м, які адыходзіць ад пахавальнай камеры Тутанхамона. Па адзнацы геафізіка Джорджа Баларда, ён можа быць запоўнены абломкамі, таму папярэднія даследаванні маглі яго не выявіць.

Найбольш загадкавая знаходка атрымала назву «анамалія 7». Вымярэнні паказваюць на вобласць з паніжанай шчыльнасцю, усярэдзіне якой знаходзіцца амаль квадратны аб’ект з больш высокай шчыльнасцю. Балард мяркуе, што там можа знаходзіцца камера з пахавальнымі прадметамі.

Пры гэтым вучоныя падкрэсліваюць, што доказаў існавання памяшканняў пакуль няма. Атрыманыя дадзеныя знаходзяцца на мяжы магчымасцяў метаду, таму неабходны дадатковыя даследаванні.

Новыя вынікі зноў ажывілі гіпотэзу брытанскага егіптолага Нікаласа Рыўза, які яшчэ з 2015 года мяркуе, што за грабніцай Тутанхамона можа знаходзіцца буйнейшы комплекс, звязаны з Неферціці. Грабніца самой царыцы да гэтага часу не знойдзена, таму новыя вымярэнні могуць апынуцца важнай падказкай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю