Намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Аляксандр Навуменка расказаў журналістам аб тым, як ваенныя нашай краіны рыхтуюцца да грандыёзнай падзеі — святочных мерапрыемстваў да Дня Перамогі.
Аб сакральным значэнні свята Вялікай Перамогі:
«У нас наперадзе адно з найважнейшых дзяржаўных свят, якія шануюцца ў нашай дзяржаве — 9 мая, Дзень Вялікай Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёння ў страі ўжо стаяць унукі і праўнукі тых, хто 80 гадоў таму прынёс Вялікую Перамогу і мір на нашу зямлю. Гэта свята гонару за мужнасць, самаахвярнасць і гераізм нашых продкаў, якія прынеслі свабоду і незалежнасць не толькі нашай дзяржаве, але і ўсёй Еўропе, вызваліўшы яе ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Гэта, вядома ж, і дзень смутку і памяці аб загінуўшых прадзедах, якія са зброяй у руках прынеслі свабоду, вызваліўшы нас ад фашысцкай няволі. Памяць аб тых ахвярах генацыду беларускага народа, які быў прынесены нямецка-фашысцкімі акупантамі на нашу зямлю. Гэта дзень гістарычнай памяці, урок кожнаму з нас і для наступных пакаленняў, каб яны не забывалі гісторыю сваёй дзяржавы — Рэспублікі Беларусь».
Аб змесце ваеннага парада:
«Парад пройдзе па некалькі змененым сцэнары. Уведзены шэраг новаўвядзенняў, якія зацікавяць і парадуюць гледачоў. Толькі ў склад пешых каробак уваходзяць 30 парадных разлікаў і каля 4000 вайскоўцаў. Парад будзе складацца з дзвюх частак — гістарычнай і сучаснай. Гістарычную частку парада адкрыюць ваеннаслужачыя, якія пранясуць вымпелы франтоў, сцягі злучэнняў воінскіх часцей і гістарычныя сцягі, з якімі воіны вызвалялі Беларусь. Таксама пешыя парадныя разлікі будуць уяўляць сабой элемент парада Перамогі, які прайшоў у 1945 годзе ў Маскве. Цікавай часткай, гістарычным складальнікам парада, будзе ўдзел кінолагаў з сабакамі. Нашы чатырохногія сябры прайшлі дастаткова сур’ёзны адбор і зараз працягваюць сваю падрыхтоўку. Гэта своеасаблівая даніна павагі той працы і тым вынікам, якія яны ўнеслі пры вызваленні Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў далейшым у рамках размініравання тэрыторыі ад мін і выбуховых прыстасаванняў, пакінутых ворагам на нашай зямлі. Пешыя парадныя разлікі войск Мінскага гарнізона, а таксама прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пройдуць перад гледачамі парада са сцягамі і прымацаванымі на іх ордэнамі, атрыманымі злучэннямі і воінскімі часцямі ў перыяд вызвалення Беларусі».
Хто будзе ўдзельнічаць у парадзе з замежных гасцей:
«Для ўдзелу ў парадзе ў азнаменаванне 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне запрошаны прадстаўнікі ўзброеных сіл — нашыя сябры, якія разам з намі радуюцца міру і гатовыя разам з намі выконваць задачы па яго забеспячэнні. Гэта, вядома ж, нашы браты з Расійскай Федэрацыі — ваеннаслужачыя Узброеных сіл Расіі. Таксама пацвердзілі свой удзел прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі і шэрагу краін СНД. Хтосьці будзе ўдзельнічаць параднымі разлікамі, хтосьці — прадстаўнікамі знамённых груп. Гэтая работа па ўзгадненні на сёння яшчэ працягваецца».
Фота: «Ваяр»