Пад такім дэвізам Нацыянальны банк Беларусі праводзіць сёлета конкурс відэаблогераў, які прымеркаваны да Года добраўпарадкавання, паведамляецца на сайце ўстановы.
Для ўдзелу юным відэаблогерам патрэбна будзе зняць ролік на прапанаваную тэму і расказаць пра важнасць аднаго ці некалькі прынцыпаў фінансавай граматнасці. Напрыклад, як планаваць свой бюджэт, зберагаць грошы ці браць разумна іх у пазыку альбо як ацэньваць рызыкі і правільна інвесціраваць. Аднак працягласць відэа рэкамендавана рабіць не больш за тры хвіліны.
Конкурс відэаблогераў пад агульнай назвай «Грошы маюць значэнне» Нацыянальны банк праводзіць з 2018 года, і традыцыйна ён прымеркаваны да Тыдня фінансавай пісьменнасці дзяцей і моладзі, які пройдзе ў нашай краіне сёлета з 17 да 23 сакавіка. Варта адзначыць, што конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: ад 7 да 12 гадоў, ад 13 да 15 гадоў і ад 16 да 31 года. Паўдзельнічаць у ім могуць як беларусы, так і замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Але ад кожнага ўдзельніка прымаецца толькі адна работа.
Заяўку на ўдзел у конкурсе, а таксама згоду на апрацоўку персанальных даных і сваю конкурсную работу (сам відэаролік ці спасылку на яго) патрэбна даслаць на электронную пошту konkurs@nbrb.by да 1 сакавіка бягучага года. А вынікі будуць вядомыя не пазней за 28 сакавіка 2025 года. Галоўны прыз у кожнай узроставай катэгорыі — грашовая прэмія ў памеры тысячы беларускіх рублёў. Таксама прэміямі ў памеры 700 і 500 беларускіх рублёў адзначаць другое і трэцяе месцы адпаведна. А больш падрабязную інфармацыю вы можаце знайсці на Адзіным партале фінансавай граматнасці www.fіngramota.by.