На гарачую лінію Дзяржкантролю людзі званілі з розных рэгіёнаў краіны.
Камітэт дзяржкантролю ў канцы мінулага тыдня правёў гарачую лінію па пытаннях навядзення і падтрымання парадку ў лясах. Паступіла больш за 20 званкоў з розных абласцей, паведамляе БелТА.
Тэматыка зваротаў: звалкі ў лесе, беспарадак на лесасеках пасля правядзення высечак. Напрыклад з Гродзенскай вобласці паведамілі аб наяўнасці ў лясным масіве звыш 10 кубаметраў (каля трох грузавых аўтамабіляў) будаўнічага смецця. Паступілі скаргі на непрыбраную бураломную драўніну. Жыхары Смалявіцкага раёна паскардзіліся на непрыбраны буралом паблізу в. Забалоцце і г. п. Зялёны Бор. Яшчэ адна агучаная праблема — дарогі, разбітыя лесагаспадарчай тэхнікай. Жыхарка Мінска паведаміла аб нездавальняючым стане пад’язной дарогі да в. Новая Мязінаўка Дзяржынскага раёна — з-за пастаяннай вывазкі драўніны лесавозамі па дарозе агульнага карыстання ўтвараюцца каляіны, якія на легкавым аўтамабілі немагчыма пераадолець.