Беларускія мытнікі спынілі найбуйнейшую ў гісторыі суверэннай Беларусі міжнародную пастаўку з Еўрасаюза на тэрыторыю ЕАЭС партыю наркотыкаў і псіхатропаў — каля 1,3 тоны. Пра гэта паведамляе customs.gov.by
Восем тысяч брыкетаў з 915 кг гашышу і 50 каробак з 367 кг мефедрону злачынцы мелі намер перавезці ў грузавіку польскай кампаніі ў Беларусь і Расію пад выглядам заяўленай у дакументах партыі мінеральнай вады. Праўда некалькі дзясяткаў бутэлек з вадой выкарыстоўвалі як тавар прыкрыцця.
Выкрылі схему супрацоўнікі аператыўнай мытні, якія прынялі рашэнне старанна агледзець грузавік пасля сканавання яго змесціва з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу.
З улікам таго, што пасля афармлення груз павінен быў прайсці ў Расійскую Федэрацыю, мытнымі органамі Беларусі сумесна з калегамі з Расіі праведзены наступныя аператыўна-вышуковыя і іншыя мерапрыемствы.
У выніку ўстаноўлены і затрыманы ўдзельнікі міжнароднай злачыннай групы — грамадзяне ЕС, Беларусі, Расіі і Малдовы. Пры вобыску ў іх канфіскавана яшчэ 5 кг гашышу і мефедрону.
Па дадзеным факце аператыўнай мытняй Беларусі і ФМС Расіі распачаты крымінальныя справы за кантрабанду наркотыкаў у асабліва буйным памеры, санкцыі артыкулаў якіх прадугледжваюць фігурантам пазбаўленне волі аж да 20 гадоў.
Кошт на чорным рынку канфіскаванай партыі наркотыкаў і псіхатропаў складае каля 62 млн долараў ЗША. А такой колькасці хапіла б на 2 млн 933 тыс. разавых доз.