Top.Mail.Ru

Найлепшага повара вызначылі ў гарадскім конкурсе «Мінскі майстар»

У Мінскім дзяржаўным каледжы кулінарыі адбыўся фінал гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар — 2026» у намінацыі «Повар».



У прафесійным паядынку сустрэліся пераможцы першага адборачнага тура, якія прадстаўлялі розныя кірункі сталічнай сферы грамадскага харчавання. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва.

За званне найлепшага майстра сталіцы змагаліся два фіналісты: повар 5-га разраду Камбіната школьнага харчавання горада Мінска Ягор Сманцэр і повар 4-га разраду дзяржаўнага прадпрыемства «Гатэль «Еўропа» Мілана Сівакова.


Фармат практычнага задання вызначыла жараб’ёўка «Чорная скрыня», якая прайшла непасрэдна перад стартам. За чатыры гадзіны канкурсанты павінны былі прыгатаваць на тры персоны халодную закуску «Птушка ў жэле», катлету «Папараць-кветка» са складаным гарнірам і тварожны самбук. Работа вялася строга па тэхналагічных картах, якія з’яўляюцца абавязковым стандартам якасці для ўсіх устаноў грамадскага харчавання.

Журы ацэньвала повараў па комплексе крытэрыяў. Максімальна магчымая колькасць балаў, якую маглі набраць удзельнікі, складала 70. Эксперты ўлічвалі выкананне санітарных норм і асабістай гігіены, арганізацыю працоўнага месца, паслядоўнасць дзеянняў, рацыянальнае выкарыстанне сыравіны і выкананне задання ў рамках рэгламенту. Адмысловая ўвага была нададзена строгаму прытрымліванню тэхналагічнага працэсу, арыгінальнасці афармлення і смакавым якасцям гатовай прадукцыі.


— Праект «Мінскі майстар» закліканы павысіць прэстыж такіх запатрабаваных спецыяльнасцяў, як повар і прадавец, без якіх немагчымы камфорт жыхароў сталіцы. Наш прафсаюз традыцыйна падтрымлівае правядзенне гэтага конкурсу. Для людзей справы гэта ўнікальная магчымасць заявіць пра сябе, абмяняцца вопытам і прадэманстраваць узровень прафесійнага майстэрства, — адзначыў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Аляксей Кулібаба.

Ён таксама падкрэсліў, што конкурснае меню распрацоўвалася сумесна са спецыялістамі каледжа кулінарыі, каб вытрымаць баланс арыгінальнасці і выканальнасці задач для маладых спецыялістаў.


Самі канкурсанты адзначылі, што такія спаборніцтвы служаць выдатным стымулам для асобаснага і кар’ернага росту.

— У прафесіі я толькі год, але адразу вырашыла прыняць выклік. Для мяне ўдзел у конкурсе — у першую чаргу магчымасць выпрабаваць уласныя сілы і зразумець, у якім напрамку рухацца далей, каб расці прафесійна, — расказала повар Мілана Сівакова.


Прадстаўнік Камбіната школьнага харчавання Ягор Сманцэр зрабіў акцэнт на важнасці ўзаемадзеяння з калегамі і абмену прафесійнымі сакрэтамі. 

— На мой погляд такія пляцоўкі каштоўныя тым, што можна ўбачыць працу калег з боку. Назіраючы за дзеяннямі саперніка, ты пераймаеш карысныя практычныя прыёмы, якія потым можна паспяхова ўкараніць на сваім працоўным месцы. Менавіта такі жывы абмен вопытам дапамагае па-сапраўднаму развівацца ў прафесіі, — падзяліўся Ягор Сманцэр.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю