Чатырнаццаць медыкаў хуткай дапамогі ўдастоены ганаровых грамат і падзяк ад Міністэрства аховы здароўя за работу падчас цыклону «Улі». Пераважна ў аддаленых вёсках розных рэгіёнаў краіны, нягледзячы на снежную стыхію, якая бушавала на вуліцы, яны спяшаліся да пацыентаў. Там, дзе буксавала машына, імкнуліся яе выштурхаць. Калі не атрымлівалася, ішлі пешшу з усім абсталяваннем да людзей, якія чакалі неадкладнай дапамогі, — і выратоўвалі! Каб гэта зрабіць, пацыентаў да машыны часта даводзілася несці на насілках не адну сотню метраў.
Кіраўнік медыцынскага ведамства Аляксандр ХАДЖАЕЎ адзначыў, што ў сістэме аховы здароўя працуе шмат людзей, і кожны з іх варты слоў падзякі ў любы перыяд нясення сваёй службы. Аднак тое, што рабілі медыкі хуткай дапамогі, без перабольшвання подзвіг у мірны час.
— Вы адносіцеся да катэгорыі тых, хто ў пэўны момант часу на канкрэтнай рабочай пасадзе праявіў сябе на самым высокім узроўні. Гэта быў выклік хуткай дапамозе, і вы выдатна справіліся. Вы пакідалі машыны, якія захраслі ў снезе, і ў сумётах ішлі выконваць свой абавязак. Прычым ішлі не 15-20 метраў, а некалькі соцень з вашым рабочым абсталяваннем і ўкладкамі. А потым неслі тых пацыентаў, якія не маглі ісці. Вось гэта насамрэч той просты подзвіг у мірны час. Ён характарызуе і вас, і нашу сістэму аховы здароўя, як тую гуманную сферу, у якой працягваюць працаваць людзі з вялікай літары, пра якіх мы чытаем у кнігах, якіх мы ўяўляем, а насамрэч яны сярод нас, — падкрэсліў Аляксандр Хаджаеў, звяртаючыся да медыкаў і дадаўшы, што на сваім працоўным месцы ўсе прысутныя будуць прыкладам для астатніх.
Фельчар выязной брыгады Бабруйскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімір Лук’янчык падчас стыхіі сярод мноства больш простых выклікаў выратаваў жыцці і двух цяжкіх пацыентаў. Ім была аказана неадкладная дапамога, пасля чаго фельчары даставілі хворых у бальніцы.
— Паступіў выклік: дрэнна 62-гадоваму мужчыну, задыхаецца. Дыягностыка паказала востры інфаркт міякарда, мая брыгада аказала дапамогу. Са мной, дарэчы, цяпер працуе стажорка, якую я навучаю. Справіліся мы добра, хоць было цяжка транспарціраваць — 500-600 метраў неслі пацыента да машыны. Да пад’езда не змаглі пад’ехаць, чакаць МНС не было часу. Дзякуй нашаму кіроўцу, ён таксама дапамагаў несці. Быў яшчэ адзін выклік: мужчына, 39 гадоў, ірвота з крывёй. Было цяжка дабірацца, але дапамаглі жыхары пад’езда, якія расчысцілі нам праезд. Да машыны пацыента са страўнікава-кішачным крывацёкам данеслі на насілках і даставілі яго ў стацыянар, — згадвае той дзень Уладзімір Лук’янчык.

Фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі «Шуміліна» Марыя Бурлакова ішла да пацыента ў адной з вёсак два кіламетры.
— Падчас заносаў вёскі расчышчалі не адразу, было цяжка праехаць. Часам, каб машына не захрасла ў снезе, ішлі пешшу. Дайсці было цяжка, дапамагалі кіроўцы — неслі абсталяванне, бо нярэдка даводзіцца браць шмат сумак, якія не змяшчаюцца ў руках. Быў выклік у аддаленую вёску: мужчына з сутаргамі, без прытомнасці. Прыйшлося прайсці амаль два кіламетры з укладкамі. Мужчына доўга прыходзіў у прытомнасць, угаворвалі яго паехаць з намі, ён, на жаль, адмовіўся — такое ў нашай рабоце таксама здараецца. Аказвалі дапамогу на месцы, — расказвае Марыя.
Фельчару выязной брыгады Чэрвеньскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Марыне Данчанка ўпершыню за больш чым два дзесяцігоддзі работы на «хуткай» давялося выклікаць МНС, каб даставіць пацыента з інсультам у бальніцу. Як хутка прыедуць хлопцы з МНС, яна не ведала, таму ісці да пацыента каля 800 метраў з укладкамі прыйшлося самастойна.
— Мы не ішлі, а беглі, бо пацыент без прытомнасці, час абмежаваны. Я магла думаць толькі пра тое, як хутчэй дабрацца. Супрацоўнікі МНС прыехалі аператыўна, машыну хуткай даставілі да месца выкліку, каб не давялося несці пацыента па холадзе, і выцягнулі нас потым на расчышчаную дарогу, — расказвае Марына Данчанка.

Мужчына своечасова быў дастаўлены ў сталічную бальніцу і выратаваны — дзякуючы самаадданым дзеянням нераўнадушных прафесіяналаў сваёй справы.

Алена КРАВЕЦ