Top.Mail.Ru

Найлепшыя з найлепшых

Абноўлена Рэспубліканская дошка Гонару 


Традыцыйна напярэдадні Свята працы ўшаноўвалі тых, хто дасягнуў выдатных паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны па выніках 2024 года. Найлепшыя вобласці, гарады, раёны, а таксама перадавыя арганізацыі, гаспадаркі і прадпрыемствы былі, згодна з адпаведным указам Прэзідэнта, занесены на абноўленую Рэспубліканскую дошку Гонару.

Паводле слоў міністра эканомікі Юрыя Чабатара, Рэспубліканская дошка Гонару стала дзяржаўным сімвалам для самых лепшых калектываў сярод гарадоў, рэгіёнаў, прадпрыемстваў.

– Сёлета ў нас 60 пераможцаў у розных намінацыях. Усе яны сваімі дасягненнямі паказваюць, што на Рэспубліканскую дошку Гонару можна трапіць дзякуючы сваёй самаадданай працы, – адзначыў ён.

Усяго пераможцамі сталі 11 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Гэта Гродзенская, Мінская, Магілёўская вобласці і Мінск. З ліку раёнаў - Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці, Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці, Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, Мінскі і Нясвіжскі раёны Мінскай вобласці. Сярод гарадоў і раёнаў у гарадах найлепшымі сталі горад Брэст, Маскоўскі раён Брэста і Маскоўскі раён Мінска.

Высокія паказчыкі сталіцы -- ужо добрая традыцыя. Першы намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Надзея Лазарэвіч упэўнена, што гэты вынік заканамерны.

– Кожны год для нас гонар удзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе. Сёлета 12 прадпрыемстваў Мінска, Маскоўскі раён і сам Мінск занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Сталіца  выканала ўсе даведзеныя паказчыкі. Мы ствараем 30 % валавога рэгіянальнага прадукту. Кожны чалавек працуе на дабрабыт  сябе, горада і дзяржавы. І сёння ўсім ім мы гаворым словы падзякі. Перамога – гэта стымул для далейшых здзяйсненняў, – заключыла яна.

А вось Верхнядзвінскі раён упершыню быў удастоены такой высокай ацэнкі. Намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама па эканоміцы Наталля Дзямешка расказала, што дасягнуць значных вынікаў дапамаглі прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, працавітасць і зладжаная работа працоўнага актыву раёна.

– Усё, чым сёння багатая і знакамітая верхнядзвінская зямля, створана яе жыхарамі, людзьмі, якія не забываюць сваё мінулае, жывуць сучаснасцю і ствараюць будучыню для сябе і для тых, хто прыйдзе на гэту зямлю пасля нас. Верхнядзвінскі раён рад гасцям і заўсёды гатовы падзяліцца дасягненнямі і вопытам, паказаць усё найлепшае, што стварылі руплівай працай, – адзначыла яна.

Паводле яе слоў, у 2024 годзе раён дасягнуў сапраўды рэкордных вынікаў у эканамічным развіцці.

– Прыцягнута больш за 110 млн рублёў інвестыцый, павялічаны выпуск прамысловай прадукцыі ў натуральным выражэнні на 20 %, у сельскай гаспадарцы – на 4,5 %. Экспартныя гадавыя пастаўкі нашых верхнядзвінскіх вытворцаў перавысілі 65 млн долараў. Прыбытак ад рэалізацыі ўзрос амаль у 2,5 раза, а зарплата -- больш як на 20 %. Усё гэта дало магчымасць павялічыць паступленні ў даход раённага бюджэту на 36 %. Такім чынам мы маглі  вырашыць для сябе важныя сацыяльныя пытанні, -- падкрэсліла Наталля Дзямешка.

Акрамя таго на Рэспубліканскую дошку Гонару былі занесены перадавыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у самых разнастайных сферах: ад прамысловасці, будаўніцтва, сельскай і лясной гаспадаркі да аховы здароўя, адукацыі, навукі і культуры.

Так, сярод найлепшых апынуўся Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Дырэктар Ірына Зыблева падзялілася, што для ўсяго калектыву такая высокая ацэнка штодзённай карпатлівай працы – вялікая радасць.

– Наш цэнтр дзіцячай творчасці знаходзіцца ў сельскай мясцовасці ў гарадскім пасёлку Уваравічы. Але вынікі, якія паказваюць яго навучэнцы і педагогі, вельмі высокія. Толькі за 2024 год  яны атрымалі  больш за 150 дыпломаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў нягледзячы на ​​тое, што ў сельскай мясцовасці дастаткова складана арганізаваць дадатковую адукацыю навучэнцаў. Наша ўстанова сучасная, шматпрофільная, таму мы ствараем для нашых дзяцей такія ж умовы, як у гарадскіх, – адзначыла яна.

Гэты дзень стаў сапраўдным святам для працавітых людзей нашай краіны, заслугі якіх былі ацэнены. Безумоўна, на дасягнутым ніхто спыняцца не збіраецца. Бо наперадзе – новыя амбіцыйныя планы і здзяйсненні.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю