Маштабны канцэрт з зорнымі гасцямі, запальныя танцы, мноства фотазон і весялосці... Менавіта так прайшло Рэспубліканскае свята выпускнікоў ВНУ «Наша гісторыя», якое адбылося 27 чэрвеня ў футбольным манежы ў беларускай сталіцы. Пабываў на ім і карэспандэнт «Звязды».
«Час ставіць новыя мэты, ствараць трывалую аснову будучыні»
З паспяховым заканчэннем вучобы і пачаткам чарговай главы гісторыі, якую яны пішуць самі, выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Вы выбралі прафесію, прайшлі складаны шлях ад уступнай кампаніі да дзяржаўнага экзамену. Надышоў час ставіць новыя мэты, ствараць трывалую аснову будучыні — дастойнай і абавязкова шчаслівай», — гаворыцца ў віншаванні, якое агучыў у самым пачатку свята міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што набытыя веды, памножаныя на імкненне ўдасканальвацца, прывядуць выпускнікоў ВНУ да вяршынь прафесійнага майстэрства.
Быць запатрабаванымі

Сёлета розныя вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны выпусцілі больш за 45 тысяч маладых спецыялістаў. Іх чакаюць у рэальным сектары эканомікі, у нашых арганізацыях, на прадпрыемствах. Андрэй Іванец упэўнены, што яны абавязкова знойдуць свой шлях у жыцці:
— Наша сістэма адукацыі Беларусі робіць усё для таго, каб маладыя людзі атрымлівалі патрэбныя прафесіі, а эканоміка — патрэбных спецыялістаў.
Міністр дадаў, што сёння амаль кожны чацвёрты выпускнік — інжынер:
— Гэта вельмі важна, таму што для развіцця інавацыйнай эканомікі і рэальнага сектара эканомікі нам патрэбны інжынерныя кадры.
Таксама значны працэнт складаюць медыкі, педагогі, работнікі аграпрамысловага комплексу.
— Яшчэ на стадыі паступлення мы сумесна з усімі зацікаўленымі дзяржорганамі вызначаем тых спецыялістаў, якія абавязкова знойдуць сабе не проста першае працоўнае месца, а будуць у перспектыве запатрабаваныя ў адпаведных сферах, — канстатаваў Андрэй Іванец.
— Стаўце маштабныя мэты, шукайце ўзважаныя і нестандартныя рашэнні, станавіцеся лепшымі ў прафесіі і будзьце надзейнай апорай для сваёй сям’і. Ніколі не бойцеся браць на сябе адказнасць і не паддавайцеся сучасным выклікам. Ведайце, менавіта на роднай зямлі ў вас ёсць усе ўмовы для рэалізацыі грандыёзных ідэй, ініцыятыў і планаў.
Аляксандр Лукашэнка пад час віншавання з Днём моладзі і студэнцтва, 28 чэрвеня 2026 года.
Служыць людзям
Акрамя канцэрта і танцавальнай праграмы, найлепшым выпускнікам, якіх запрасілі на свята, паказалі фільм. У ім кожны год вучобы звязаны з ключавымі падзеямі краіны, якія паўплывалі на каштоўнасці моладзі. Для яго стварэння ВНУ з усёй Беларусі збіралі рэальныя фота і відэа пра студэнцкае жыццё. Акрамя таго, у манежы працавалі мабільныя здымачныя групы, краны з камерамі і інтэрактыўныя кантэнт-зоны. Яны лавілі жывыя эмоцыі выпускнікоў у рэальным часе. Нескладана ўявіць, якія яркія эмоцыі былі ў выпускнікоў, калі яны бачылі сябе і сваіх знаёмых на вялікім экране.

Нашу ўвагу прыцягнула выпускніца БДУКМ Лізавета ДЗЯКАВА, якая літаральна свяцілася ад шчасця:
— Цудоўнае свята! Разам з іншымі выпускнікамі і нашымі любімымі выкладчыкамі мы тут выдатна праводзім час.
Дзяўчына атрымала спецыяльнасць культуролага-менеджара і ўжо гатовая да новых здзяйсненняў:
— Хацела б прынесці шмат новага і цікавага ў сферу культуры. Магчыма, паспрабавала б развіваць нейкія фестывалі.
Цікавая гаворка атрымалася таксама з ужо дыпламаванымі анестэзіёлагамі-рэаніматолагамі, выпускнікамі БДМУ Міхаілам КАВАЛЁВЫМ і Ягорам ЯРМАКОМ.

— У нас было вельмі шмат заняткаў і практыкі. Плюс большасць нашых студэнтаў падзарабляюць ва ўстановах аховы здароўя, у тым ліку і я. Цяжка сумяшчаць працу з начнымі зменамі і вучобу ў медыцынскім. Але вынік атрымаўся добры, пацверджанне таму — чырвоны дыплом, — падзяліўся Міхаіл. — У нас кажуць, што ў студэнта медыцынскага ўніверсітэта 25 гадзін на дзень і 8 дзён на тыдзень. Таму што мы паспяваем усё: і вучыцца, і працаваць, і валанцёрыць, і ў мастацкай самадзейнасці рэалізоўвацца.
Па размеркаванні малады чалавек адправіцца ў РНПЦ «Кардыялогія».
— Разумею, што гэта вельмі важная і сур’ёзная прафесія, што ад маіх дзеянняў будуць залежаць жыцці людзей. Але я заўсёды ведаў, што гэта маё пакліканне, — зазначыў Міхаіл.
Яго аднагрупнік Ягор Ярмак таксама сумяшчаў вучобу з працай па спецыяльнасці:
— Гэта была каласальная нагрузка, але разам з тым і ўнікальны практычны вопыт для будучага ўрача. Вялікі дзякуй, што такая магчымасць ёсць. Шэсць гадоў вучобы — гэта шмат. У нейкі момант мы сталеем і хочам убачыць на практыцы, што такое медыцына, і, вядома, атрымаць пэўную фінансавую незалежнасць.
На яго думку, для таго каб прайсці гэты шлях, у чалавека павінна быць пакліканне да прафесіі і асабістае вялікае жаданне рэалізавацца ў ёй:

— Ты павінен быць альтруістам, любіць людзей і сваю дзяржаву. Фактычна медыцына — гэта служэнне людзям. У самыя складаныя моманты мяне матывавала мэта — асвоіць гэтую светлую прафесію.
Па размеркаванні Ягор адправіцца ў Гомельскую абласную клінічную бальніцу, дарэчы, разам з жонкай:
— Сёлета так атрымалася, што ўсім, у каго добры бал, давалася любое месца на выбар. І я вельмі задаволены нашым размеркаваннем.
Энергетыка гэтага вечара была неверагоднай: смех, абдымкі, успышкі фотакамер... Гэтыя выпускнікі ўжо даказалі, што могуць многае: сумяшчаць вучобу, працу, валанцёрства і творчасць. А цяпер яны гатовы заваёўваць новыя вышыні.
І няхай наперадзе будуць выклікі і цяжкасці — але менавіта яны загартоўваюць характар і вядуць да сапраўдных перамог.



Лізавета ГОЛАД, фота аўтара