З нагоды юбілею ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшоў круглы стол «105 гадоў выдавецтву «Беларусь»: ад культурнай спадчыны да стратэгіі кнігавыдання будучыні», у якім прынялі ўдзел эксперты, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, вядучыя гісторыкі і дзеячы культуры.
Гісторыя выдавецтва «Беларусь» пачалася 18 студзеня 1921 года.
Ля вытокаў арганізацыі стаялі вядомыя беларускія пісьменнікі, публіцысты і навукоўцы, якія ставілі перад сабой мэту распаўсюдзіць прыгожае беларускае слова і зрабіць яго даступным для масавага чытача. Дзейнасць выдавецтва іграла вялікую ролю ў перыяд нацыянальнага культурнага пад'ёму ў краіне. Менавіта ў гэты час у БССР узніклі многія адукацыйныя, навуковыя, культурныя ўстановы, актыўна фарміраваліся творчыя кірункі, аб'яднанні літаратараў, мастакоў і кампазітараў. Стварэнне Дзяржаўнага выдавецтва БССР было арыентавана на станаўленне беларускага кнігавыдання, падрыхтоўку кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі, развіццё беларускай літаратуры і мастацтва. Тут убачылі свет творы такіх класікаў, як Янка Купала, Якуб Колас, Іван Мележ, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч і іншыя.
Сёння выдавецтва «Беларусь» працягвае сваю асветніцкую місію: штогод установа выпускае больш за 100 найменняў кніг, якія з'яўляюцца найважнейшай крыніцай ведаў і фундаментам патрыятычнага выхавання моладзі.
За круглым сталом «105 гадоў выдавецтву «Беларусь»: ад культурнай спадчыны да стратэгіі кнігавыдання будучыні» эксперты, гісторыкі і навукоўцы падвялі вынікі выдавецкай справы мінулага года, а таксама абмеркавалі будучыню кнігавыдання ў краіне і свеце, асвятлілі новыя тэндэнцыі.
— Наша выдавецтва краіназнаўчае, грамадска-палітычнае, мы тая кніжніца, якая фарміруе прастору, дзе праз кнігу і друкаванае слова адлюстроўвае гістарычны і культурны ландшафт нашай краіны: і найбольш важныя падзеі ў сацыяльна-палітычным жыцці, і, безумоўна, тыя стратэгічныя задачы, якія плануе кіраўніцтва краіны, — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч.
Адной са злабадзённых тэм, што даўно абмяркоўваецца і выдавецтвамі, і пісьменнікамі, і нават чытачамі, з'яўляецца будучыня друкаванай кнігі. Як адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, звычайная традыцыйная кніга застаецца асноўнай крыніцай ведаў, нягледзячы на распаўсюджанне лічбавых тэхналогій.
— Безумоўна, нельга ігнараваць пашыраную зацікаўленасць насельніцтва ў лічбавых носьбітах інфармацыі, таму выдавецтвам таксама трэба аб'ядноўваць новыя тэхналогіі з традыцыйнымі друкаванымі выданнямі. Сёння перад дзяржаўнымі выдавецтвамі стаіць задача не толькі папулярызаваць беларускую літаратуру, але і захаваць традыцыйныя каштоўнасці, нацыянальнае мастацтва, пераемнасць пакаленняў у спалучэнні з новымі тэндэнцыямі, — заўважыў Вадзім Гігін.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА