Top.Mail.Ru

Названая самая абаяльная і прывабная шматдзетная маці нашай краіны

Быць ма­май — гэ­та пры­го­жа!

Конкурсу «Краса Беларусі» споўнілася пяць гадоў. Сёлета на сцэне Мінскага гарадскога палаца культуры за карону змагаліся 15 фіналістак, якія прайшлі два адборачныя этапы. Тытула каралевы прыгажосці была вартая кожная, падкрэслівалі члены журы.

Каханне, якое аб’ядноўвае

Шматдзетныя мамы падзяліліся з гледачамі фінальнага шоу асабістымі гісторыямі мацярынства. Адна з удзельніц стала шматдзетнай мамай, хоць у маладосці ёй ставілі дыягназ «бясплоддзе», другая — вырашылася на наступныя роды пасля нараджэння дзіцяці з асаблівасцямі развіцця, яшчэ адна — сутыкнулася з асуджэннем з-за ранняй цяжарнасці. Часам жанчынам не хапае маральнай падтрымкі блізкіх па духу людзей, адзначалі канкурсанткі. 

І конкурс «Краса Беларусі» стаў прасторай, дзе жанчыны нашай краіны знаходзяць гэту падтрымку адна ў адной. Падтрымку з боку дзяржавы ў нашай краіне шматдзетныя сем’і выдатна адчуваюць, што неацэнна, казалі мамы. Са сцэны конкурсу прагучала цытата кіраўніка дзяржавы: «Краіна і нацыя развіваюцца, калі ў сям’і выхоўваецца мінімум трое дзяцей». Гэтыя словы сталі падмуркам для рэальнай падтрымкі шматдзетных сем’яў, выказалі агульнае меркаванне ўдзельніц конкурсу яго вядучыя.

Пра тое, што кожная з фіналістак вартая кароны, члены журы і арганізатары конкурсу гаварылі не раз. Але конкурс ёсць конкурс, і імя каралевы прыгажосці ўсё ж было названа, хоць ніводная з 15 чароўных мам не сышла за кулісы без тытула («Місіс Харызма», «Місіс Артыстычнасць», «Місіс Інтэлект»...).

Пераможцай Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі» сёлета стала маці чацвярых дзяцей з Бабруйска Вольга Гарачава. «Я верыла ў перамогу Вольгі!» — расказала «Звяздзе» сястра ўладальніцы ганаровага тытула і ўдзельніца яе групы падтрымкі. Ну а карону новай каралеве ўручыла пераможца леташняга конкурсу, місіс «Краса Беларусі — 2024» Вольга Ціханенка. Першай віцэ-місіс «Краса Беларусі — 2025» аўтарытэтнае журы назвала Наталлю Раманоўскую з Мінска, другой віцэ-місіс — Анастасію Мазурэнка з Гомеля.

Аб значнасці падтрымкі канкурсантак іх роднымі і блізкімі гаварылі са сцэны і арганізатары Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі» — мама пяцярых дзяцей, уладальніца ордэна Маці Аляксандра Нікіфарава і таксама мама пяцярых дзяцей і ўладальніца ордэна Маці Ганна Гарбакова. «Для нашых фіналістак было важна, каб вы ўбачылі, як яны ўмеюць ззяць, — падкрэсліла, звяртаючыся да сем’яў канкурсантак, Аляксандра Нікіфарава. — Не толькі ў паўсядзённым жыцці, але і на сцэне, бо жаночая прыгажосць бязмежная, а каханне аб’ядноўвае ўсіх нас».

Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская выказала ўпэўненасць, што неўзабаве ў нашай краіне, у тым ліку дзякуючы ўдзельніцам конкурсу «Краса Беларусі», быць шматдзетнай мамай стане модна.

«Гэта тваё месца»

Вольга Гарачава — мама трох хлопчыкаў і дзяўчынкі (малодшым, блізнятам, усяго толькі годзік). Па адукацыі яна рэжысёр, цяпер працуе ў Бабруйскім гарвыканкаме. Місіс «Краса Беларусі — 2025» расказала, што даведалася пра конкурс з сацыяльных сетак і напачатку сумнявалася, ці варта браць у ім удзел. Вырашальнымі аказаліся словы яе сястры: «Гэта тваё месца, ты павінна годна прадставіць сваю сям’ю і свой горад».

«Чым бліжэй да конкурсу, тым больш было сумненняў, — падзялілася эмоцыямі новаабраная місіс „Краса Беларусі“ Вольга Гарачава. — Але ўсё аказалася не дарма, тым больш што муж падтрымаў мяне ў маім рашэнні. Вялікі дзякуй і маёй маме, якая ўвесь гэты тыдзень даглядала ўнукаў».

Вольга адзначыла, што да падзякі мужу, бацькам і ў цэлым родным і блізкім за дапамогу і падтрымку да яе далучацца ўсе фіналісткі: «Без дапамогі нашых родных мы б не стаялі на гэтай сцэне», — падкрэсліла яна.

Цяпер у планах каралевы прыгажосці сярод шматдзетных мам — далейшае развіццё праекта «Краса Беларусі»: магчыма, ён нават выйдзе за рамкі рэспубліканскага маштабу, распавяла Вольга. «Хацела б пажадаць усім беларускім сем’ям любіць адно аднаго, сваіх дзяцей, бацькоў і сваю Радзіму», — дадала яна.

Аляксандра Анцэлевіч

Фота Віктара Іванчыкава

Чытайце таксама: У Мінску прайшоў фінал конкурсу «Краса Беларусі-2025»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю