Top.Mail.Ru

Названы імёны пераможцаў штогадовага творчага конкурсу на найлепшае асвятленне будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл

Узнагароды ў розных намінацыях атрымалі журналісты СМІ як рэспубліканскага, так і рэгіянальнага ўзрозняў. У намінацыі «Спыніся, імгненне» лаўрэатам другой прэміі конкурсу стаў загадчык аддзела фотаілюстрацыі рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда» Віктар Іванчыкаў. 


У наступным годзе конкурс будзе адзначаць свой 20-гадовы юбілей, на што звярнуў увагу міністр інфармацыі Марат Маркаў, падкрэсліўшы розніцу ў падыходах да стварэння журналісцкіх матэрыялаў на патрыятычную тэматыку. «Вы цудоўна ведаеце, што вельмі лёгка пісаць на „хайповыя“ тэмы: здымаць рэпартажы, пісаць артыкулы, рубрыкі, калонкі. Але вельмі складана цікава напісаць на тэму патрыётыкі, на тэму абароны Радзімы, апісаць прыгожа армію так, каб гэта было цікава глядзець. Тут праяўляецца сапраўдны прафесіяналізм», — адзначыў Марат Маркаў, выказаўшы шчырую ўдзячнасць журналістам за гэту няпростую, але вельмі важную работу. 


Увогуле матэрыялы, што расказваюць аб службе і прафесійнай дзейнасці ваеннаслужачых, неацэнныя, бо менавіта дзякуючы ім беларусы бачаць сваю армію не праз прызму чужых наратываў, а з гонарам у вачах, з павагай да гісторыі і традыцый. Гэта падкрэсліў міністр абароны Віктар Хрэнін, адзначыўшы важную ролю журналістаў у фарміраванні аб’ектыўнага вобраза беларускай арміі і захаванні гістарычнай памяці: «У гэтай зале знаходзяцца не проста журналісты, рэдактары і фатографы, а аднадумцы, якія штодня вядуць баявыя дзеянні ў інфармацыйнай сферы, часам нават з пераўзыходзячымі сіламі саперніка, — адзначыў міністр абароны. — Пры гэтым сёння наш вораг як ніколі каварны, яму чужыя агульнапрынятыя нормы і правілы, ён выкарыстоўвае розныя прыёмы: хлусню, дэзынфармацыю, войска троляў і ботаў, кантроль сацсетак, блакіраванне альтэрнатыўных пунктаў гледжання і не толькі». 

У такіх умовах, паводле слоў Віктара Хрэніна, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі не проста асвятляюць падзеі, а бяруць на сябе місію па стварэнні духоўнага шчыта нацыі. Незалежна ад характару задач, якія выконваюцца асабовым складам Узброеных Сіл — узмацненне аховы дзяржаўнай граніцы, нясенне баявога дзяжурства, правядзенне вучэнняў ці раптоўныя праверкі боегатоўнасці, — журналісты нязменна знаходзяцца побач: «Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі заўсёды, у снег, дождж і мароз, працуюць плячо ў плячо з людзьмі ў пагонах», — падкрэсліў міністр абароны.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю