Top.Mail.Ru

Названы імёны «Жанчын года» сярод мінчанак

Напярэдадні 8 Сакавіка лепшым з лепшых сярод прадстаўніц прыгожага полу беларускай сталіцы прысвоена ганаровае званне «Жанчына года — 2024». Мінчанак, якія дабіліся выдатных поспехаў у розных сферах дзейнасці і праславілі Беларусь, ушаноўвалі ў Мінскім гарадскім палацы культуры.


Семдзесят пераможцаў названыя ў намінацыях «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Паспяховы кіраўнік», «Не старэюць душой ветэраны», «Сэрца аддаю людзям», «Матчына слава», «Сталічная бізнес-лэдзі», «Віват, моладзь!», «Духоўнасць і культура». Традыцыйна ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіла грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын»: конкурс — адзін з самых яркіх, відовішчных і адначасова душэўных і цёплых яго праектаў.

Адкрываючы ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў, старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Арцём Цуран падкрэсліў: «Мы дзякуем нашым жанчынам, якія нароўні з мужчынамі робяць свой неацэнны ўнёсак у развіццё краіны, нашага любімага Мінска!»

Жанчыны сёння прадстаўлены ва ўсіх сферах жыцця краіны, адзначыла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў жаночым руху сёння ўпэўнена адчувае сябе моладзь.

«Звязда» пагутарыла з мінчанкамі, якія сталі «Жанчынамі года — 2024», і даведалася, чым яны ганарацца і пра што мараць.

«Краіна ў надзейных руках»

— Стаць «Жанчынай года » — выдатны падарунак на стогадовы юбілей, які адзначу сёлета 6 кастрычніка, — усміхаецца Ядзвіга Яропкіна.

Гэтая шляхетная, у сваім шаноўным узросце без усялякага перабольшання прыгожая жанчына зусім юнай прайшла Вялікую Айчынную вайну: была санітаркай у ваенна-санітарным цягніку, выходжвала цяжкапараненых. Нароўні з ваеннымі ўзнагародамі на грудзях Ядвігі Генрыхаўны, атрыманыя ўжо ў мірны час — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і медаль «За працоўную доблесць». Пасля Перамогі медыцыну яна не пакінула, многія гады працавала аперацыйнай медсястрой.

— Нашы жанчыны спакон веку валодаюць мноствам добрых якасцяў, якімі можна ганарыцца. Гэта дабрыня і працавітасць, прыгажосць знешняя і прыгажосць душы, любоў да сваёй зямлі і ўменне годна працаваць на карысць сваёй краіны, — падкрэсліла ветэран.

— Паглядзіце, якая ў нас моладзь! Уважлівая, добрая, спагадлівая. Я стары чалавек, іду з крамы — і хлопцы, і дзяўчаткі імкнуцца дапамагчы мне данесці сумку, хоць яна і няцяжкая. Не лянуюцца праводзіць да дзвярэй кватэры, падняцца па лесвіцы. А я іду і плачу ад замілавання. У надзейныя рукі перадаём краіну!

«Беларускам ёсць чым ганарыцца»

— Вельмі ганарова быць нават у намінантах такой прэміі, як «Жанчына года», а тым больш стаць удастоенай гэтага звання, — адзначыла яшчэ адна пераможца гарадскога этапу конкурсу, прадстаўніца першаснай арганізацыі жанчын-прадпрымальнікаў Мінска Беларускага саюза жанчын Кацярына Жук. — Гэта яшчэ і велізарная адказнасць. Але жанчыны сталіцы і ў цэлым беларускія жанчыны сапраўды робяць многае, чым можна ганарыцца. У нашай арганізацыі нямала шматдзетных жанчын, якія паспяхова спалучаюць сям’ю і кар’еру, бізнес і грамадскую дзейнасць.

Поспех у бізнесе патрабуе якасцяў, якія прынята называць «мужчынскімі»: смеласць, цвёрдасць, логіка, рацыянальнае мысленне. Усё гэта ёсць у беларускіх жанчынах, кажа суразмоўніца.

— Нашы жанчыны не толькі мудрыя і прывабныя знешне. У кожнай беларусцы ёсць унутраны стрыжань. Яны прыгожыя сваёй харызмай і ўнутранай сілай, — лічыць прадпрымальнік.

«Я — патрыёт сваёй краіны»

Што значыць для мяне гэтая ўзнагарода? Мабыць, тое, што ў жыцці я ўсё рабіла правільна, — кажа мастак-пастаноўшчык Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Алена Каляснікава. Алена — мама пяцярых сыноў: старэйшаму 14 гадоў, малодшаму — два гадкі. Яна перакананая: мацярынства — яе галоўнае служэнне.

— Для мяне яно важнейшае за мастацтва, хоць і ў мастацтве ўдалося нямала зрабіць.

У жыцці можна паспець усё, калі кожны дзень пражываць «на максімуме», кажа шматдзетная маці.

Ад жанчыны залежыць вельмі многае — і ў грамадстве, і — асабліва — у сям’і.

— Які настрой нясе жанчына, такім ён будзе ва ўсіх. Жанчынам дадзена сіла ўдыхнуць упэўненасць, заматываваць. Мы можам як прыдаць сілы, так і разбурыць усё за адну секунду. Таму для жанчыны важныя самадысцыпліна, пазітыўнае мысленне і ўменне зноў і зноў распраўляць крылы, каб дарыць сілу сваёй любові родным.

«Дабрыню трэба ўкладваць у кожную справу»

У Год добраўпарадкавання мы не маглі абысці ўвагай «Жанчыну года», чыя прафесія — рабіць гарадское асяроддзе прыгожым і камфортным. Марыя Бекіш — рабочы УП «Зелянбуд». Яна — унікальны прафесіянал: што ні пасадзіць — усё расце і квітнее.

— Проста люблю сваю працу, — кажа Марыя Іванаўна. — Не я яе выбрала, яна мяне. З дзяцінства падабаецца працаваць на зямлі, высаджваць расліны...

Чаму ў адных усё расце, а ў іншых — засыхае, хоць, быццам бы, чалавек усё робіць правільна? Суразмоўніца перакананая: раслінам патрэбныя дабрыня і любоў. Гэтыя якасці трэба ўкладваць ва ўсё, што робіш. І тады ўсё атрымаецца.

Атрымлівае ўзнагароды Марыя Бекіш не ўпершыню: на яе грудзях медаль «За працоўную доблесць». І ўсё ж падымацца з залы на ярка асвечаную сцэну пад гучныя апладысменты трохі боязна, дзеліцца яна. Хоць хваляванне гэта радаснае. Тым больш што яе падтрымліваюць два сыны і два ўнукі.

— Унукі ў нашай сям’і вельмі любяць бабулю. Будуць мной ганарыцца! — усміхаецца яна.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю