Top.Mail.Ru
115

Названы лепшыя прафсаюзныя санаторыі

Клопат аб здароўі і адпачынку работнікаў і іх сем’яў — адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці прафсаюзаў. На гэтым зрабіў акцэнт старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько падчас падвядзення вынікаў работы санаторыяў, гатэляў і турыстычных комплексаў сістэмы ФПБ.


У цэнтры ўвагі — якасць і даступнасць паслуг, камфортныя ўмовы аздараўлення і адпачынку працоўных. На гэта накіравана маштабная сістэмная работа па далейшым удасканаленні прафсаюзнай санаторна-курортнай інфраструктуры, якая сёння выйшла на новы ўзровень.

— Кожны санаторый, база адпачынку і гасцініца павінны адпавядаць высокім стандартам здароўя і ўтульнасці, якія нашы людзі па праве заслугоўваюць, — заявіў Юрый Сянько.

Кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра падкрэсліў, што развіццё турызму — добрая магчымасць паказаць сваю краіну, а таксама нагадаў: для гэтай галіны ў цэлым агучаны новыя, дадатковыя пункты росту. Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку запланавана павелічэнне ўкладу турызму ў эканоміку краіны ў 2 разы.

Сёння Федэрацыя прафсаюзаў укараняе новыя падыходы ў тым ліку для маштабавання існуючага станоўчага вопыту на ўсе аб’екты сферы аздараўлення і турызму. Эфектыўным інструментам ацэнкі выніковасці работы, а таксама далейшага ўдасканалення прафсаюзнай санаторна-курортнай базы стаў рэспубліканскі конкурс на лепшы аб’ект у сферы адпачынку і аздараўлення ў сістэме ФПБ.

Такі конкурс сярод прафсаюзных аб’ектаў праходзіць упершыню і з’яўляецца пацвярджэннем сістэмнай работы прафсаюзаў па стварэнню ўмоў для ўмацавання здароўя працоўных і членаў іх сем’яў.

— Мы свядома размеркавалі гэты працэс на некалькі этапаў, каб атрымаць рэальную карціну. Задача конкурсу — не проста выявіць і ўзнагародзіць лепшых. Мы спадзяемся, што досвед гэтай працы будзе стымуляваць нашы арганізацыі і развіццё санаторна-курортнай і гасцінічнай галін у цэлым, — адзначыў старшыня ФПБ.

Так, работа конкурснай камісіі будавалася паводле прынцыпу комплекснага аналізу. Ацэньвалася ўсё, што фарміруе агульнае ўражанне і ўплывае на якасць адпачынку і аздараўленне грамадзян. Напрыклад, звярталася ўвага на добраўпарадкаванне тэрыторыі, знешняе аблічча будынкаў, арганізацыю ўнутранай прасторы, умовы пражывання, узровень арганізацыі харчавання, стан медыцынскай базы, спектр і якасць лячэбных працэдур, культуру абслугоўвання і даступнасць дадатковых паслуг.

Падвядзенне вынікаў конкурсу — гэта не толькі вызначэнне лідэраў, але і крок да далейшага развіцця галіны. Дарэчы, атрыманыя вынікі будуць выкарыстаны пры фарміраванні планаў мадэрнізацыі і выпрацоўцы новых падыходаў да павышэння якасці паслуг.

Лепшымі здраўніцамі сталі санаторый «Прыдняпроўскі» у Гомельскай вобласці (1 месца), «Нарачанка» ў Мінскай вобласці (2 месца) і «Лётцы» Віцебшчыны (3 месца). Сярод гасцінічных комплексаў месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца ў «Гроднатурыст», другое — у сталічнага «Турыста», трэцяе — «Беларусь» (Брэст). Лепшым турысцка-аздараўленчым комплексам вызначаны «Пышкі» на Гродзеншчыне, другое месца заняў комплекс у Віцебскай вобласці «Лосвіда», трэцяе месца — у «Браслаўскіх азёр».

Нагадаем, у сістэме Федэрацыі прафсаюзаў дзейнічае сетка санаторна-курортных і турыстычных аб’ектаў, арыентаваных на даступны і якасны адпачынак. Гэта 12 прафсаюзных здраўніц, 8 гасцінічна-рэстаранных комплексаў і 8 турысцка-аздараўленчых баз, размешчаных на прасторах маляўнічай беларускай прыроды. Іх развіццё ажыццяўляецца на планавай аснове.

Сёння рэалізуецца маштабная праграма па мадэрнізацыі інфраструктуры, рэканструкцыі, будаўніцтве, абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненні сучасных стандартаў абслугоўвання і медыцынскіх тэхналогій аб’ектаў сістэмы ФПБ. Адзначым, што кожны член прафсаюза мае права на 25-працэнтную скідку на пражыванне і адпачынак ва ўсіх прафсаюзных аб’ектах. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю