Адзіную сістэму абавязковага экзэмпляра неабходна стварыць у Саюзнай дзяржаве, адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Вадзім Гігін на пасяджэнні круглага стала на тэму «Нацыянальная бібліятэка Беларусі — дзейнасць у імя творчасці і стваральнай працы» ў НББ, перадае БелТА.
«Нам неабходна стварыць адзіную сістэму абавязковага экзэмпляра ў Саюзнай дзяржаве», — адзначыў Вадзім Гігін.
Гэта ініцыятыва абмяркоўвалася нядаўна ў час круглага стала, які прайшоў на базе Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі з удзелам беларускіх парламентарыяў.

Ён растлумачыў, што ў Саюзнай дзяржаве няма адзінай кніжнай прасторы. Выдавецкая дзейнасць не ўзгоднена, адчуваецца вялізны дэфіцыт, «а ў некаторых рэгіёнах — голад» у атрыманні кніг ад Беларусі. Апошнія паступленні беларускіх выданняў у некаторыя расійскія рэгіёны датаваны канцом 1990-х гадоў.

З іншага боку, Беларусь таксама зацікаўлена ў тым, каб атрымліваць актуальную расійскую інфармацыю ў рамках абавязковага саюзнага экзэмпляра.
Па выніках сустрэчы, якая прайшла на базе Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі, падкрэслена неабходнасць сінхранізацыі заканадаўства, якое рэгулюе сістэму абавязковага экзэмпляра ў Беларусі і Расіі.