Top.Mail.Ru

Не грэбуйце рэкамендацыямі — папярэджвайце ўласную траўматызацыю

Відавочна, што надвор’е паціху ўносіць свае карэктывы ў наша звыклае жыццё. Многія пешаходы ўжо ўцяпліліся дзякуючы пухавікам, шкарпэткам, шалікам і зімоваму абутку, а адказныя аўтамабілісты «пераабулі» шыны з летніх на зімовыя. Тым не менш, медыкі ў халодны перыяд года фіксуюць рост зваротаў ва ўстановы аховы здароўя з-за траўматызацыі. Як адвесці ад сябе магчымую бяду, мы распыталі ў спецыялістаў.



У лідарах «слізкіх» траўм — цяжкія

Галоўны ўрач гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) г. Мінска Вольга СВЯТЛІЦКАЯ расказала, што сезон пачашчэння галалёдных траўм пачынаецца прыблізна з лістапада і працягваецца да красавіка.

— У лідарах — пералом шыйкі бядра, прамянёвай косці, ключыцы, — пералічыла медык. — Як бы мы ні папярэджвалі, усе гэтыя пераломы часта звязаныя з тым, што людзі, па-першае, не носяць зручны абутак. Па-другое, не зусім правільна групуюцца, калі падаюць. Галалёдная траўма — гэта не проста пераломы, удары, расцяжэнні, вывіхі. Ёсць яшчэ вельмі цяжкая катэгорыя траўм — чэрапна-мазгавая. Найбольш схільныя да траўміравання — людзі сталага ўзросту.


На жаль, статыстыка па траўматызме не супакойвае, заўважыла ўрач.

— За 2025 год да нас, у цэлым, па траўматызме звярнулася каля 28 тысяч чалавек. У месяц мы шпіталізавалі каля 290 чалавек, якія маюць патрэбу ў аператыўных умяшаннях. За дзесяць месяцаў гэтага года да нас звярнулася ўжо 28 тысяч пацыентаў, а наперадзе яшчэ як мінімум паўтара месяца (да новага года. — «Зв.»), — прывяла статыстыку Вольга Святліцкая.

З ліку тых, хто паступае ў БХМД і іншыя клінікі, якія займаюцца траўматалагічнай дапамогай, прыблізна кожнага пятага медыкі вымушаныя шпіталізаваць для аператыўнага ўмяшання, кожны чацвёрты, у сваю чаргу, мае спалучаную траўму.

— Гэта калі чалавек ламае не толькі руку ці нагу, а ў яго дадаткова назіраецца яшчэ чэрапна-мазгавая траўма або разрыў селязёнкі, іншыя пашкоджанні ўнутраных органаў. Тут ужо зусім іншая гісторыя, якая патрабуе больш працяглага лячэння і рэабілітацыі, — падзялілася назіраннямі медык.


Не выстаўляйце рукі наперад

Вольга Святліцкая дала некалькі карысных парад, якія папярэдзяць траўматызацыю ў халодную пару года.

— Калі вы адчуваеце, што паслізнуліся, не імкніцеся выстаўляць рукі наперад. Згрупуйцеся, пажадана заваліцца на бок і прыціснуць падбародак да грудзей для таго, каб не даць магчымасці стукнуцца галавой аб лёд, — адзначыла яна.

Акрамя таго, урач настойліва параіла не займацца самалячэннем.

— Ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія аддаюць перавагу лячэнню дома, — падкрэсліла Вольга Святліцкая. — Але па меры таго, як нарастае ацёк або гематома, ім становіцца ўсё горш. Такія людзі рана ці позна звяртаюцца ў бальніцу. Калі ўпалі, асабліва пажылы чалавек, — цягнуць не трэба!


Асцярожна з цюбінгамі!

Асаблівую ўвагу медык звярнула на катанне на цюбінгах у неабсталяваных для гэтага месцах — там, дзе паблізу ёсць дрэвы або агароджы:

— Цюбінг імкліва набірае хуткасць, і таму ўдар можа быць вельмі моцным. Як правіла, ён прыводзіць да найцяжэйшых чэрапна-мазгавых траўм. На жаль, большасць з іх, вядома, маюць катастрафічныя наступствы для будучыні дзяцей (якія катаюцца на цюбінгах. — «Зв.»). І ўвогуле, гэта можа быць вялікае няшчасце для сям’і. Таму мая парада ўсім бацькам: перш чым купіць цюбінг, пераканайцеся, што ваша дзіця разумее, дзе на ім катацца. І абавязкова кантралюйце, куды яно пайшло з гэтым цюбінгам зімой.

Безумоўна, як адзначыла галоўны ўрач, уся сістэма аховы здароўя ў нашай краіне скіраваная на тое, каб выратаваць здароўе чалавека. Але і нам самім варта быць больш пільнымі і асцярожнымі ў адносінах да сябе і свайго здароўя.

Паклапаціцеся пра сябе і аўтамабіль

Начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей БАБІЧ патлумачыў прычыны асаблівай небяспекі ў зімовы перыяд на дарогах.

— Яна ўзнікае з-за павышанай слізкасці. Складанасці ў вадзіцеляў таксама могуць быць з-за ападкаў. Дзяржаўтаінспекцыя загадзя праводзіць маштабную прафілактычную інфармацыйную работу. Вадзіцелі ведаюць, што павінны падрыхтаваць аўто да зімовага сезона: да першага снежня ім неабходна замяніць летнія шыны на зімовыя, а таксама паклапаціцца аб наяўнасці абмывальнай вадкасці, якая не замярзае, і прасачыць, каб спраўна працавалі светлавыя прыборы, сістэма ацяплення салона. Таксама вадзіцелі павінны мець пасіўныя сродкі дапамогі на дарозе — трос, святлоадбівальную камізэльку. У некаторых выпадках — і адзенне, каб уцяпліцца ў выпадку паломкі аўтамабіля.


Пешаходам, у сваю чаргу, рэкамендуюць выкарыстоўваць святлоадбівальныя флікеры і пераходзіць дарогу выключна ў дазволеных месцах.

Прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі таксама нагадаў, што, здзяйсняючы рэзкія манеўры на дарогах у халодную пару года, вадзіцелі падвяргаюць сябе і пасажыраў смяротнай небяспецы.

— Асноўнай прычынай дарожна-транспартных здарэнняў у зімовы перыяд мы лічым няправільна выбраную хуткасць руху і дыстанцыю. Мне хацелася б нагадаць, што хуткасць трэба выбіраць зыходзячы з тых умоў, якія складваюцца на дарозе. Улічваючы метэаралагічныя асаблівасці, тэхнічныя характарыстыкі свайго аўтамабіля і якасць дарожнага пакрыцця. Нават калі дазволена ехаць з хуткасцю 60 кіламетраў у гадзіну, пры неабходнасці, яе можна знізіць, — парэкамендаваў Сяргей Бабіч.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю