Top.Mail.Ru

Не губіце першацветы — захавайце магчымасць любавацца імі для наступных пакаленняў

Прыйшла доўгачаканая вясна са сваімі першымі краскамі. Засумаваўшы за зіму па прыгажосці прыроды, любуемся першымі вясновымі кветкамі — пралескай, медуніцамі і многім іншым, нават дзьмухаўцамі і падбелам! Улетку палову іх не заўважым, а пакуль любуемся, фатаграфуем, спрабуем панюхаць.


Але некаторым, на жаль, гэтага мала. Ім хочацца панесці гэту прыгажосць з сабой — і тады спусташаюцца цэлыя паляны, наносіцца велізарная шкода раслінам. Іншыя людзі пазбаўляюцца магчымасці палюбавацца яркімі вясновымі фарбамі кветак, паслухаць гудзенне пчол і чмялёў над імі. Без вады, без каранёў сарваныя кветкі вянуць за лічаныя гадзіны, а часам і хвіліны, і ляцяць гэтыя букеты ў сметніцы. А расліны пазбаўляюцца магчымасці ўтварыць насенне, выраджаюцца, і зусім нядаўна стракаты ад вясновых фарбаў лес раптам становіцца нецікавым.

Можаце спытаць у жыхароў Мінска (тых, каму за пяцьдзясят) — яшчэ ў 80-я гады прыгарадныя лясы поўніліся сон-травой. Так было па ўсёй краіне. А цяпер яе не ратуе нават Чырвоная кніга.

А самыя спрытныя спрабуюць атрымаць з гэтага яшчэ і эканамічную выгаду — прадаюць тую ж чарамшу або букецікі першацветаў. Парадаксальна: усе ведаюць, што лясны подсціл, будаўнічы пясок, урадлівы пласт глебы самастойна нарыхтоўваць нельга — гэта нацыянальнае багацце. А вось знішчыць чарамшу ў лесе, якая таксама з’яўляецца нацыянальным багаццем і знаходзіцца пад аховай дзяржавы, — калі ласка. І няважна, наколькі гэты від рэдкі ў краіне, бо вучоныя не проста так складаюць спісы ахоўных жывёл і раслін. Мы шмат часу праводзім у прыродзе і заўважаем, наколькі могуць быць згубнымі наступствы такіх варварскіх адносін. І на нашай памяці не адзін гектар знішчанай чарамшы — зусім нядаўна яна там расла, ствараючы цэлыя «паляны», а цяпер засталіся толькі асобныя чэзлыя экзэмпляры…

Калі вы вялікі аматар чарамшы — набудзьце цалкам легальна насенне, пасейце ў сябе на ўчастку і карыстайцеся. Упэўнены, тады вы не станеце выдзіраць расліны ранняй вясной, таму што праз некалькі гадоў і рваць не будзе чаго, а акуратна зрэжаце асобныя лісцікі…

Не губіце першацветы, не купляйце іх у вулічных гандляроў. Захавайце магчымасць любавацца першымі краскамі вясны для сваіх дзяцей і ўнукаў.

Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю