Top.Mail.Ru

Не хаваць, а здзіўляць

Менавіта такі падыход дапамагае не пакутаваць ад непазбежнага, а жыць паўнавартасна і цікава ў любым узросце

Чаму многія людзі так балюча рэагуюць на лічбы ў пашпарце? Чым гэта тлумачыцца і ці абгрунтаваны эйджызм? Чаму жанчыны нярэдка «джаляць» адна адну на глебе ўзросту? На якім этапе жыцця большасць людзей адчуваюць сябе шчаслівымі? Гутарым пра гэта з выкладчыкам кафедры агульнай і медыцынскай псіхалогіі БДУ Вольгай Вярбіцкай.

— Вольга Мікалаеўна, чаму адны людзі вельмі хвалююцца з нагоды ўзросту, а іншых ён мала турбуе?

— Перш за ўсё гэта звязана з тым, «паспеў» чалавек або «спазніўся» рэалізаваць свае планы. Людзі, якія лічаць, што асноўныя мэты (у прафесіі, у асабістым і духоўным жыцці) дасягнуты, як правіла, спакайней ставяцца да ўзросту.

— Але многія цалкам рэалізаваныя людзі глыбока пакутуюць з-за ўзроставых змен знешнасці: маршчын, сівых валасоў, лішняй вагі...

— Так, асабліва, калі прыгажосць — умова прафесійнай запатрабаванасці або поспеху ў прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. У папулярнай псіхалогіі ёсць нават такі феномен — сіндром Дарыяна Грэя. Сёння актыўна прапагандуецца ідэя прыгожага старэння, але культ маладосці ў грамадстве па-ранейшаму захоўваецца. І калі самаацэнка і сацыяльны статус чалавека звязаны перш за ўсё са знешнасцю, то, вядома, ён будзе змагацца за захаванне маладосці, нягледзячы на пашпартны ўзрост. 

— Лічыцца, што жанчыны значна больш перажываюць з-за ўзросту, чым мужчыны. Згодны?

— Мужчыны таксама пакутуюць. Многім цяжка прыняць: раней мог 50 разоў падцягнуцца, а цяпер толькі 10, і тое з цяжкасцю. Але прадстаўнікоў моцнага полу больш засмучаюць не такія змены, а не задаволеныя да таго ці іншага ўзросту прафесійныя, фінансавыя амбіцыі. Жанчыны больш фіксуюцца на праблемах знешнасці яшчэ і таму, што грамадства (а не толькі яны самі), па-першае, прад’яўляе больш жорсткія патрабаванні да іх у гэтых адносінах, а па-другое, ставіць перад імі шэраг задач, якія трэба паспець выканаць у рэпрадуктыўныя гады: выйсці замуж, нарадзіць дзяцей.

— Не менш, а часам і больш, чым вонкавыя змены з узростам турбуе ментальнае завяданне. Ці можна супрацьстаяць яму?

— Як правіла, кагнітыўныя функцыі звязаныя з фізічным станам. Таму так важна клапаціцца аб здароўі, не грэбаваць фізічнай актыўнасцю. Людзі, якія захоўваюць кагнітыўную гнуткасць, менш перажываюць з прычыны ўзросту. Яны лепш адаптуюцца да змен, на кожным этапе жыцця знаходзяць новыя сэнсы, упэўненыя ў сваёй запатрабаванасці. Пластычныя аперацыі могуць падцягнуць скуру на твары, але не здольныя выратаваць ад рыгіднасці мыслення. І наадварот, калі чалавек захоўвае гнуткасць розуму, цікавасць да жыцця, ён не будзе ўспрымацца як стары, нягледзячы на сівізну.

— Дыскрымінацыя па ўзросце звязана якраз з перакананнем, што з гадамі кагнітыўныя функцыі непазбежна зніжаюцца?

— У тым ліку і з гэтым стэрэатыпам. Некаторыя работадаўцы лічаць, што сталыя людзі менш прадукцыйныя, крэатыўныя, энергічныя, ад іх не варта чакаць ініцыятыў, высокай рэзультатыўнасці. Аднак з эйджызмам сутыкаюцца і маладыя. Іх нярэдка не жадаюць браць на работу з-за адсутнасці досведу. Навуковыя даследаванні гавораць: прадукцыйнасць працы залежыць перш за ўсё ад матывацыі чалавека, яго цікавасці да сваёй справы і многіх іншых фактараў, якія не звязаны з узростам. Часам пенсіянеры зусім не саступаюць моладзі па сваёй крэатыўнасці. Стэрэатыпы разбураюцца, калі работадаўца бачыць перад сабой пазітыўнага энергічнага чалавека з харызмай, жаданнем праявіць сябе.

— Чаму жанчыны нярэдка «джаляць» адна адну менавіта на глебе ўзросту?

— Тэма ўзросту — вельмі далікатная, здольная балюча крануць. У псіхалогіі ёсць такое паняцце — «праекцыя», калі мы прыпісваем камусьці ўласныя думкі, пачуцці, матывы, рысы характару. Калі хтосьці называе жанчыну «старой», імкнучыся «ўкусіць» — значыць, у яго самога ёсць праблемы з прыняццем узросту. Пажылыя звычайна нападаюць на моладзь, баючыся канкурэнцыі, перажываючы за сваё месца пад сонцам. Па тых жа прычынах маладыя абражаюць больш сталых калег. Гэта можна расцэньваць як псіхалагічную абарону.

— Ці справядліва патрабаваць — адзявацца ў адпаведнасці з узростам?

— На мой погляд, патрабаванне «адзявацца ў адпаведнасці з узростам» звязана з ідэяй аб тым, што адзенне павінна гарманіраваць з індывідуальнымі асаблівасцямі фігуры, сацыяльным статусам і чаканнямі грамадства. Думаю, калі адзенне адпавядае ўнутранаму, псіхалагічнаму стану чалавека, можна выходзіць за рамкі ўзроставых стэрэатыпаў.

— Часам сустракаеш выраз «узрост шчасця». Калі ён надыходзіць?

— Згодна з навуковымі даследаваннямі, ёсць два пікі, калі мужчыны і жанчыны часцей за ўсё адчуваюць сябе шчаслівымі: у 23–25 і каля 60 гадоў. У першым выпадку гэта, відавочна, звязана з тым, што людзі здаровыя, энергічныя, у іх шмат планаў, няма асаблівых праблем, яшчэ ў сіле бацькі, ёсць абароненасць і вера ў неверагодныя магчымасці. А пасля 60-ці адчуванне шчасця тлумачыцца тым, што чалавек ужо набраўся досведу, умее трымаць удар, больш па-філасофску ставіцца да ўсяго, дзеці ўжо дарослыя, самастойныя, ёсць час для сябе. Да таго ж пасля 60 гадоў мужчыны і жанчыны часцей дэманструюць больш спакойныя рэакцыі, у тым ліку і негатыўныя, што звязана з узроставымі зменамі ў амігдале (структуры мозгу, якая адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні эмоцый).

Вольга Паклонская 

фота дадзена суразмоўніцай

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю