Калі ж пад коламі нейкага аўто загінула любімая рыжая кошка Маркошка, успрыняў гэта як апошні званок перад уласным сконам: купіў сабе недарагі касцюм, чорную кашулю і чаравікі, сыну паказаў, дзе што ляжыць.
...Юрка, яго малодшанькі, здаўна і досыць паспяхова займаўся нейкім бізнесам, але ж пры гэтым нос да нябёс ніколі не задзіраў. Часцяком прыязджаў у вёску, навозіў рознай смакаты, а калі бацька застаўся адзін, пачаў угаворваць, каб той пераехаў у горад.
І нават угаварыў! Што праўда, — праз год і толькі тады, як купіў яму хай невялічкую, але асобную кватэру непадалёк ад сваёй, як паабяцаў, што з месяц разам з ім пажыве — дапаможа асвойтацца ды хоць трохі прывыкнуць.
...Што здзівіла (прычым абодвух), да «панскага жыцця», да выгод і гультайства навасёл прызвычаіўся недзе за тыдзень. Раніцай, ледзь прадраўшы вочы, ён уключаў тэлевізар (новы, каляровы, экран на ўсю сцяну!) і чаго там толькі не бачыў!..
Факт, што праз месяц-другі ён ужо смела крытыкаваў замежных палітыкаў, вучыў нявестку (між іншым, доктарку), як знізіць ціск без таблетак. Ёй жа даводзіў розніцу паміж артрытам і артрозам і ўсім казаў, што, каб захаваць здароўе, трэба кожны дзень рабіць 10 тысяч крокаў. Сам жа, схадзіўшы ў краму і назад (а больш, маўляў, няма куды, хіба на трэнажоры...), налічыў іх каля сямісот, што вельмі мала!
Але ж даймала прыезджага не столькі гэта. Дома, у вёсцы і ваколіцах, яго ўсе ведалі і паважалі, яму кожны стрэчны яшчэ здалёк «даваў» свой «Здараствуй!» ці «Добры дзень!», паціскаў руку, распытваў пра жыццё ды здароўе. Тут жа, у горадзе, у сваім двары, ды што там — нават у пад’ездзе, яго не ведалі і, як выглядала, ведаць не хацелі. Асобныя нават «шугаліся», калі ён вітаўся.
Пятровіч не разумеў, як жа так; сям’я старалася тлумачыць і суцяшаць, штодня праведваць, але ж галоўнае...
Раніцай 23 лютага са свайго высокага акна дзед убачыў цэлую працэсію. Першым з сынавай машыны выйшла ўнучка з букетам і тортам, потым унук-студэнт з нейкай скрынкай, за ім сын з чарговымі гасцінцамі і нявестка.
Пятровіч загадзя расчыніў дзверы, выслухаў віншаванні, прыняў тую скрынку ў якасці падарунка і насцярожыўся, бо адчуў, што ў ёй... нешта варушыцца.
— Што там? — спытаў у гасцей.
— А ты адкрый, паглядзі, — заўсміхаліся тыя.
Пятровіч паставіў скрынку на зэдлік, падняў накрыўку і як не праслязіўся — адтуль на яго зірнулі ну такія хітрыя вочы... Сабачка... А ўжо ж невялічкі, калмаценькі, рыжы — акурат, як яго Маркошка!
— Во, сябрам будзе! — паабяцала ўнучка.
— Значыць, Дружком?! — прыдумаў мянушку дзед.
— І трэнажорам, — тут жа падхапіла нявестка. — Хопіць вам на канапе сядзець ды ў «скрынку» глядзець! Будзеце мацаваць здароўе: сабаку выгульваць, хадзіць з ім па вуліцы, дыхаць свежым паветрам, «намотваць» свае тысячы крокаў...
Наконт паветра — у горадзе — Пятровіч вельмі хацеў і мог бы паспрачацца. Але сабачка ўжо сядзеў у яго на руках, цягнуў сваю пыску да барады і вушэй — вымагаў увагі. І тым самым у корані (прычым да лепшага!) мяняў дзедава жыццё. Бо цяпер Пятровіч ужо меў аб кім клапаціцца і каго пагладзіць, з кім загаварыць і выйсці на вуліцу, дзе ім, абодвум, з таго самага дня ўжо ўсміхаліся. І не толькі дзеці.
І. Цітовіч, г. Мінск
Фота БелТА