«Беларуснафта» ўваходзіць у 2026 год з устойлівым рэсурсным, вытворчым і тэхналагічным зачынам. Гэта адзначыў у дакладзе генеральны дырэктар кампаніі Аляксандр Ляхаў на савеце прадпрыемства па асноўных выніках дзейнасці ў 2025 годзе і задачах па рэалізацыі стратэгіі развіцця на 2026-ы, паведамілі БелТА ў «Беларуснафты».
Як нагадаў кіраўнік, з 2023 па 2025 год кампанія выканала найбуйнейшую за 30 гадоў здымку Майска-Макееўскага ўчастка, плошча якога 1,256 тыс. кв. км. Завяршаецца даследаванне Маладушынска-Залатухінскай плошчы. «У 2026-2027 гадах сейсмаразведка ахопіць Вішанскую плошчу. Такая даразведка найбуйнейшых радовішчаў прыносіць адчувальны вынік. У мінулым годзе рэшткава выманыя рэсурсы дасягнулі 46,3 млн т (102,4 % да ўзроўню 2024-га). У 2026 годзе планка падымаецца да 46,7 млн т. Каб утрымліваць гэты трэнд, у бягучым годзе аб’ёмы пошукава-разведачнага бурэння павялічаць да 87 тыс. м», — агучыў арыенціры генеральны дырэктар.
Паводле яго слоў, здабыча нафты вырасла з 1,645 млн т у 2016 годзе да 2,013 млн т у 2025-м. Сёлета плануецца дасягнуць планкі ў 2,1 млн т. Геолага-тэхнічныя мерапрыемствы далі ў 2025-м 575,6 тыс. т дадатковай нафты, што ўдвая перавышае паказчыкі сярэдзіны 1990-х, звярнуў увагу Аляксандр Ляхаў.
Ён зрабіў акцэнт на тым, што істотны ўклад у выкананне планавых паказчыкаў унеслі інвестыцыі ў тэхнічнае пераўзбраенне, сучасныя метады павелічэння нафтааддачы і павышэнне эфектыўнасці фонду свідравін. «Спадарожны нафтавы газ становіцца важнай часткай энергетычнага балансу. У 2025 годзе яго здабыта каля 200 млн куб. м пры рэшткавых запасах 6,5 млрд куб. м і гэтыя паказчыкі будуць расці», — сказаў кіраўнік кампаніі.
2025 год стаў рэкордным для буравых падраздзяленняў: выканана больш за 324 тыс. м праходкі і прабурана 82 свідравіны. «У 2026 годзе чакаецца новы максімум — 330 тыс. м і 100 свідравін. Прадукцыйнасць брыгад вырасла амаль утрая ў параўнанні з 1993 годам пры той жа здабычы. Сегмент бурэння бакавых ствалоў таксама стаў адным з ключавых. У мінулым годзе шэсць брыгад забяспечылі 44,7 тыс. м праходкі, гэта дало здабычу 61,5 тыс. т нафты», — звярнуў увагу генеральны дырэктар.
Беларускі газаперапрацоўчы завод перапрацаваў за год 219 млн куб. м спадарожнага нафтавага газу і 117 тыс. т шырокіх фракцый лёгкіх вуглевадародаў з уласнай сыравіны і вырабіў 95 тыс. т звадкаванага газу. У 2026 годзе аб’ёмы вырастуць, запэўніў кіраўнік. Ён падкрэсліў, што завод цалкам забяспечвае даччыныя прадпрыемствы нафтапрадуктазабеспячэння аўтамабільным прапан-бутанам з беларускай сыравіны.
Актыўна развівае кампанія ўласную электраэнергетыку. Летась выпрацавана 433 млн кВт. г, з іх 60,3 млн далі фотаэлектрычныя станцыі. У гэтым годзе план па выпрацоўцы павялічаны да 436,5 млн кВт. г. «Парк электрабуравых установак вырас да 12 адзінак, што дазволіла зэканоміць 9,8 тыс. т дызпаліва. Працягваецца мадэрнізацыя электрасеткавай інфраструктуры», — дадаў Аляксандр Ляхаў.
Ён звярнуў увагу і на тое, што вытворчая сістэма ўсё больш актыўна абапіраецца на лічбавыя рашэнні, якія ахопліваюць усе напрамкі.
Стабільны рост дэманструюць таксама замежныя праекты ў Расіі і Эквадоры.
«Асноўныя задачы кампаніі на 2026 год — развіццё персаналу, пашырэнне лічбавых тэхналогій, умацаванне міжнародных праектаў, рост сэрвісу ў Расіі, пашырэнне няпаліўнага асартыменту і зараднай інфраструктуры», — падсумаваў генеральны дырэктар.
Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.