Top.Mail.Ru
72

«Не проста мураваныя сцены». Якім стане Крэўскі замак, расказалі ў Інстытуце гісторыі НАН

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ў час круглага стала «Актуальныя праблемы даследавання, рэстаўрацыі і музеефікацыі Крэўскага замка», эксперты прадставілі вынікі апошніх археалагічных работ, а таксама расказалі якім стане Крэўскі замак пасля завяршэння работ, паведаміла БелТА.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза падкрэсліў значнасць замка не толькі для краіны, але і для сусветнай гісторыі. «Крэўскі замак — сусветна вядомы аб’ект, уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сёння мы ўдзельнічаем у працэсе па рэстаўрацыі і прыстасаванні ўнікальных помнікаў архітэктуры да жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Важна абмяркоўваць пытанні захавання і папулярызацыі такіх аб’ектаў сярод вузкіх спецыялістаў для вырашэння ўзнікаючых прафесійных задач», — адзначыў ён.

Першы этап рэстаўрацыі замка, мэтай якога было захаванне аўтэнтычных фрагментаў, якія дайшлі да сучаснасці праз стагоддзі, паспяхова ўжо завершаны. Паводле слоў начальніка аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяны Ражовай, цяпер перад спецыялістамі стаіць новая амбіцыйная задача. «Мы хочам зрабіць замак не проста мураванымі сценамі, а жывым аб’ектам, дзе турысты змогуць адкрыць для сябе шмат новага. Наша мэта — каб Крэўскі замак працаваў на развіццё гісторыі і патрыятызму. Мы запрашаем экспертаў да сумеснай работы над стварэннем музея, які ў хуткім часе павінен з’явіцца ў Крэве», — сказала прадстаўнік райвыканкама.

Непасрэдна аб ходзе работ расказала галоўны архітэктар праекта праектнага філіяла «Белрэстаўрацыя» Алена Карлянок. Паводле яе слоў, даследаванні 2025 года поўнасцю пацвердзілі меркаванні архітэктараў. «Намі была знойдзена трэцяя вежа замка. Раскапаны контур збудавання з магутнымі фундаментамі і скляпеністымі перакрыццямі. Акрамя таго, непасрэдна блізка да яе знойдзена малая ніжняя брама. Склюдаваныя камяні дазволілі нам дакладна вызначыць яе габарыты, а знойдзеныя па баках збудаванні сведчаць аб сістэме абароны гэтага ўезду», — растлумачыла Алена Карлянок.

Графік работ ужо вызначаны. У красавіку праектная дакументацыя будзе пададзена на дзяржаўную экспертызу. Будаўніча-мантажныя работы плануецца пачаць у летні перыяд. «Мы разлічваем завяршыць будаўніча-мантажныя работы да канца бягучага года. Адразу пасля гэтага паўстане задача музеефікацыі памяшканняў і стварэння пастаяннай музейнай экспазіцыі», — дадала архітэктар праекта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю