Top.Mail.Ru

Не спяшайцеся з абвінавачваннямі — беражыце сябе і сваё здароўе

«Клей» замест малака?


Не так даўно сацыяльныя сеткі ўзрушыла гісторыя, пра якую, напэўна, чулі многія. У TіkTok з’явіўся ролік, дзе беларускі блогер паскардзіўся на малако — параўнаў яго з... клеем. Відэа стала вірусным. Хайп, абурэнні, тысячы каментарыяў... Але чым усё гэта скончылася? Судом. І гэта — важны ўрок для ўсіх, асабліва з набліжэннем лета.


Кропкі над «і» расставіў суд

Вытворца таго самага малака не стаў моўчкі глядзець на абвінавачванні — і меў на тое падставы. Тым больш пакупнік не адмаўляў — малако было адкрыта не адзін дзень таму. Прадстаўнікі прадпрыемства ў той жа дзень звярнуліся ў дзяржаўную лабараторыю. Якасць малака — выдатная, пры ўмове правільнага захоўвання, зразумела, з чым былі праблемы менавіта ў блогера.

Вынік нашумелай гісторыі: вытворца пайшоў у суд, выйграў яго, а блогеру прыйшлося публічна папрасіць прабачэння і заплаціць судовыя выдаткі.

Чаму расказваем гэту гісторыю? Таму што набліжаецца лета, і такое сапраўды можа здарыцца. Самая спякота яшчэ наперадзе, але ўжо цяпер тэмпература паветра сур’езна павышаецца. А гэта значыць, што рызыка сапсавання некаторых прадуктаў рэзка ўзрастае. Смятана можа стаць вадкай, сыр — пакрыцца нехарактэрнай сліззю. І гэта не абавязкова віна вытворцы. Часцей за ўсё вінаватыя тэмпература і няправільнае захоўванне.

Нават нядаўна купленае малако можа згарнуцца, калі пастаяла ў спякоце. Маленькі эксперымент: пакіньце пакет малака на стале пры тэмпературы +22 °C — і яно пачне кіснуць ужо праз некалькі гадзін. 

А што ўжо казаць пра +30 °C у аўтамабілі ці на сонцы?! Прычым малако можа не проста пракіснуць, а набыць дзівосную кансістэнцыю — стаць густым, падобным на клей. Выглядае страшна, але гэта віна не вытворцы, а няправільных транспарціроўкі і захоўвання.

Меркаванне спецыяліста

Мы звярнуліся ў ДУ «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», дзе нам патлумачылі, што калі чалавек прыносіць дадому скіслае малако і адразу вінаваціць у гэтым вытворцу — гэта не заўсёды справядліва.

— У пераважнай большасці выпадкаў праблема ў тым, як прадукт перавозілі і захоўвалі пасля пакупкі, — тлумачыць урач-гігіеніст (загадчыца) аддзялення гігіены харчавання аддзела гігіены дзяржаўнай установы «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Вольга ЦІМАШЭНКА. — Малочная прадукцыя патрабуе строгага тэмпературнага рэжыму — не вышэй за +6 °С. Пры павышэнні тэмпературы нават на градус бактэрыі пачынаюць актыўна размнажацца. Не спрабуйце сапсаванае малако на смак і не варта «ратаваць» яго кіпячэннем — таксіны могуць застацца. Выкіньце без шкадавання. Гэта танней, чым лячэнне кішачнай інфекцыі.

Паводле слоў урача-гігіеніста, кансістэнцыя «клею» — гэта якраз тыповы вынік доўгага ўздзеяння на малочны прадукт павышанай тэмпературы. Асноўная прычына кіслага малака летам — не брак на вытворчасці, а так званая разбітая ахаладжальная паслядоўнасць. Нават дабраякасны прадукт можа сапсавацца за паўгадзіны ў гарачым аўто або на стале вашай кухні.


Што кажа закон

А калі пакупнік усё ж вырашае зняць вірусны ролік і абвінаваціць вытворцу без доказаў? Вось што на гэта нам адказалі ў пракуратуры.

Памочнік пракурора горада Мінска па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Раман ЗУБКО расказаў, што ў выпадку паклёпу або распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, якая ганіць рэпутацыю арганізацыі, заканадаўствам прадугледжаны спосабы яе абароны:

— Заганнага характару з’яўляюцца звесткі, якія псуюць дзелавую рэпутацыю і якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Што датычыцца юрыдычных асоб, то заганнымі таксама будуць з’яўляцца не адпаведныя рэчаіснасці звесткі пра яго кіраўніка, іншых работнікаў і адасобленых падраздзяленняў, калі гэта негатыўна ўплывае на ажыццяўленне юрыдычнай асобай сваёй гаспадарчай дзейнасці.

Памочнік пракурора таксама адзначыў, што артыкулам 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана права арганізацыі, у адносінах да якой распаўсюджаны заганныя звесткі, патрабаваць іх абвяржэння ў судовым парадку, калі распаўсюджвальнік такіх звестак не дакажа, што яны адпавядаюць рэчаіснасці.

— Акрамя таго, калі заганныя звесткі распаўсюджаны ў сродку масавай інфармацыі або на інтэрнэт-рэсурсе, яны павінны быць абвергнуты ў тым жа сродку масавай інфармацыі альбо на тым жа інтэрнэт-рэсурсе, — патлумачыў спецыяліст. — А ў выпадку распаўсюджвання не адпаведных рэчаіснасці звестак у адносінах да індывідуальнага прадпрымальніка, апошні, акрамя абвяржэння такіх звестак, мае права патрабаваць пакрыцця выдаткаў і кампенсацыі маральнай шкоды.

Адказнасць, як бачым, прадугледжана не толькі матэрыяльная, але і грамадзянская — абавязак публічна папрасіць прабачэння. Вось чаму, перш чым здымаць «сенсацыйны» ролік і абвінавачваць вытворцу ва ўсіх грахах, трэба добра падумаць: ці ёсць у вас доказы і ці не нашкодзіць гэта вашаму ж кашальку, а галоўнае — нервовай сістэме. Таму парада: калі сапсаваўся прадукт, не бяжыце ў сацсеткі, бяжыце ў краму. Гэта вырашыць праблему хутка, бяспечна і без наступстваў. Як паказвае практыка, судовыя выдаткі і страчаны час — не найлепшая прыгода для пачатку лета. Ганіць чужую рэпутацыю нашмат даражэй, чым выкінуць адзін пакет малака.

Што рабіць, калі вы набылі сапсаваны прадукт?

Спецыялісты раяць не спяшацца хапацца за тэлефон. У вас ёсць цывілізаваны шлях, які не пагражае ні судовымі выдаткамі, ні публічным сорамам.

  1. Крок першы. Захавайце чэк. Але нават калі не захавалі — не бяда. Па законе, адсутнасць чэка не з’яўляецца падставай для адмовы. Можна выкарыстоўваць элементы ўпакоўкі, сведчанні відавочцаў або іншыя доказы пакупкі.
  2. Крок другі. Ідзіце ў краму. Звярніцеся да таго самага прадаўца. Пакажыце прадукт, растлумачце сітуацыю. У большасці выпадкаў пытанне вырашаецца адразу: вам або абмяняюць тавар, або вернуць грошы.
  3. Крок трэці. Калі крама не дапамагла — звярніцеся да вытворцы. Кантакты заўсёды ёсць на ўпакоўцы. Напішыце, патэлефануйце. Вытворцы, якія клапоцяцца пра сваю рэпутацыю, звычайна ідуць насустрач.
  4. Крок чацвёрты. Крайні выпадак — зварот у адпаведныя органы. Калі ніхто не рэагуе — звяртайцеся ў таварыства абароны праў спажыўцоў або ў суд. Але гэта сапраўды крайняя мера, да якой рэдка даходзіць справа.

Агульныя рэкамендацыі ад урача-гігіеніста на лета

Каб не даводзілася высвятляць, чыя віна ў сапсаваным малаку, Вольга Цімашэнка раіць прытрымлівацца простых правілаў:

  • Захоўвайце прадукты, якія хутка псуюцца, толькі ў халадзільніку пры тэмпературы не вышэй за +6 °С.
  • У дарогу бярыце сумку-халадзільнік з акумулятарамі холаду.
  • Не пакідайце гатовую ежу пры пакаёвай тэмпературы больш чым на гадзіну.
  • Рэгулярна мыйце рукі, асабліва пасля вуліцы і перад ежай.
  • Добра смажце мяса і рыбу, не ўжывайце стравы з вадкім жаўтком.
  • Старанна мыйце садавіну, агародніну і бахчавыя перад нарэзкай.
  • І галоўнае: калі ёсць нават невялікае сумненне ў свежасці прадукту — не спрабуйце, адразу выкідвайце.

* * *

Нашумелая сітуацыя з малаком у TіkTok — гэта не проста чарговая інтэрнэт-сенсацыя. Гэта рэальны судовы прэцэдэнт, які паказаў: за беспадстаўныя абвінавачванні ў сацсетках прыходзіцца адказваць. Наперадзе лета. Будуць новыя выпадкі з сапсаванымі прадуктамі. І гэта нармальна — спякота робіць сваю справу. Але давайце рабіць правільныя высновы: правярайце факты, захоўвайце чэк, ідзіце ў краму, а не ў сацсеткі, і не рабіце з лёгка вырашальнай праблемы сенсацыю. Бо, як паказвае практыка, судовыя выдаткі б’юць і па кішэні, і па нервах, а сапсаваны прадукт, які паспрабавалі «выратаваць», можа біць па здароўі. А здароўе і спакой даражэйшыя за любы пакет малака.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю