Пра гэта нагадала Лілія Гурко, дырэктар Астраханскага драматычнага тэатра, на базе якога ладзіцца міжнародны фестываль «Тэатральная дэльта». У Беларусь яна прыехала, каб пазнаёміцца са спектаклямі некалькіх калектываў, якія б маглі стаць патэнцыяльнымі ўдзельнікамі і трымаць высокую марку фестывалю, у якім раней бралі ўдзел тэатр імя Маякоўскага з Масквы і «Ленком», той жа «Тэатр на Васільеўскім» з Санкт-Пецярбурга, іншых рэгіёнаў Расіі, а таксама госці з Азербайджана, Казахстана.
У рамках фестывалю ёсць адукацыйная праграма, у тым ліку рэжысёрская лабараторыя, якая праходзіць дзякуючы гранту Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў, — расказала Лілія Аркадзьеўна. — Мы працуем са школай-студыяй ММАТ пры куратарстве Ігара Залатавіцкага, які з’яўляецца яе рэктарам. Сёлета ўдзельнікамі лабараторыі стануць 8 маладых рэжысёраў. Вынікам стане выкарыстанне аднаго з эскізаў у пастаноўцы Астраханскага тэатра. Мы б хацелі, каб у лабараторыях і майстар-класах удзельнічалі тэатры, якія да нас прыязджаюць, і асобы з іншых краін. Спадзяёмся ўбачыць беларускія тэатры.
У прыватнасці яна наведала ТЮГ, з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў абмяркоўвала магчымасць удзелу студэнцкага тэатра ў рамках фестывалю ў Астрахані.
Супрацоўніцтва на ўзроўні студэнцкіх тэатраў зацікавіла і мастацкага рэжысёра «Дзяржаўнага драматычнага тэатра на Васільеўскім» Уладзіміра Словахотава, які расказаў, што выступленне ў Піцеры студэнцкага тэатра з БДУКМ са спектаклем «Дакрананне» добра ацаніла мясцовая крытыка. Ён падкрэсліў:
— Творчая лабараторыя — гэта школа, кшталту паслядыпломнай адукацыі. І гэта можа быць абменная гісторыя, бо я вяду курс у Санкт-Пецярбургу, а мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Канстанцін Міхаленка мае сваіх студэнтаў у Мінску. Мне было б цікава правесці лабараторыю на пляцоўцы БДУКМ. Гэта карысна: новая метадалогія, новы погляд на рэчы.
Упэўніцца ў гэтым госці з Спанкт-Пецярбурга маглі, калі праводзілі творчыя лабараторыі на базе свайго тэатра.
— Рэжысёрскую лабараторыю мы праводзім не першы год, бярэм розны матэрыял. Была па сучаснай драматургіі ў партнёрстве з конкурсам «Рэмарк», 8 рэжысёраў рабілі эскізы, адзін з іх мы ўзялі ў працу над паўнавартаснай пастаноўкай, яна паспяхова ідзе ў нашым тэатры, — патлумачыў Руслан Нанава, галоўны рэжысёр Тэатра на Васільеўскім. — Лабараторыя выгадная не толькі з даследчыцкага пункту гледжання, але і з практычнага, таму што гэта новыя спектаклі. У нас некалькі пляцовак, якія дазваляюць рэалізоўваць любыя фарматы. Летась праводзілі лабараторыю па антыутопіях, яна была не толькі рэжысёрская, але і сцэнарная. Некалькі эскізаў мы вылучылі, і , спадзяюся, адзін з іх будзе рэалізаваны. Сёлета падчас лабараторыі 8 удзельнікаў будуць рабіць эскізы па тэме рамантызму. А ўвесну плануецца лабараторыя па Сярэбраным стагоддзі. Мы ў пошуку маладых цікавых рэжысёраў, якія возьмуць удзел у нашых лабараторыях, і былі б шчаслівыя, каб адгукнуўся нехта і з тых, хто ўжо ставіць — у нас удзельнічае не толькі моладзь.
Дарэчы, фармат сумесных лабараторый ужо паспрабаваў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, дзе адным з рэальных вынікаў супрацоўніцтва стаў спектакль «Прыпынак». І на падыходзе яшчэ адна такая пастаноўка: за 8 дзён лабараторыі ўдзельнікі стварылі эскізы, адзін з іх стаў нагодай для стварэння спектаклю «Кветкі для Элжэрона», над якім працуе расійскі рэжысёр Ягор Равінскі. Прэм’ера павінна адбыцца 6 лістапада.
— Творчыя лабараторыі патрэбныя і карысныя, пра што сведчаць спектаклі, якія з’яўляюцца ў рэпертуары, — заўважыла Марына Дзяркач, дырэктар Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. — Мы з нашым мастацкім кіраўніком Канстанцінам Міхаленкам выношваем ідэю таго, каб на базе нашага тэатра адбылася яшчэ і лабараторыя маладых артыстаў і рэжысёраў Беларусі — хацелася б падкрэсліць у назве тэатра слова «маладзёжны».
Насамрэч не толькі рэжысёрскія лабараторыі, але і іншыя формы супрацоўніцтва паміж тэатрамі дзвюх краін могуць ажыццяўляцца таксама праз кантакты Саюзаў тэатральных дзеячаў, адзначыла Вераніка Ярмалінская, старшыня СТД Беларусі: ёсць праграмы, дзякуючы якім можа быць магчыма тое, што здавалася немагчымым.
Ларыса ЦІМОШЫК