Top.Mail.Ru

Не толькі якасцю, але і талентам: «Камунарка» правяла конкурс сярод работнікаў

Штогадовы творчы конкурс сярод работнікаў аднаго з прадпрыемстваў харчовай прамысловасці рэалізуецца кіраўніцтвам арганізацыі пры падтрымцы прафсаюзнага камітэта, ствараючы ўмовы для таго, каб кожны мог праявіць сябе не толькі ў рабоце, але і ў творчасці.


Правядзенне такой ініцыятывы яшчэ раз пацвярджае: работнікі — не толькі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, але і таленавітыя і захопленыя людзі.

З кожным годам цікавасць да конкурсу толькі расце. Усё больш работнікаў выходзяць на сцэну прадпрыемства, каб паказаць свае таленты і падтрымаць калег. Сёлета ўдзельнікамі сталі каля 40 чалавек. На сцэне выступілі як сольныя выканаўцы, так і творчыя калектывы. Конкурс традыцыйна аб’яднаў дзве катэгорыі: нумары саміх работнікаў і сумесныя выступленні з членамі іх сем’яў. Такія выступленні паказваюць пераемнасць пакаленняў, сямейныя традыцыі і тую асаблівую атмасферу, якая аб’ядноўвае людзей не толькі дома, але і ў калектыве.


Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, прававых і агульных пытаннях, сацыяльнаму развіццю кандытарскай фабрыкі «Камунарка» Аляксандр Філончык падкрэсліў, што конкурс — добрая традыцыя прадпрыемства. Мерапрыемства дазваляе работнікам крыху расслабіцца, паспрабаваць сябе ў нечым новым, прадэманстраваць свае ўменні. І, вядома ж, спрыяе згуртаванню. 

— Гэта таксама магчымасць паглядзець адзін на аднаго з іншага боку. Сёння бачыш работніка ў спецвопратцы, а вось цяпер яго не пазнаць. Адзначу, што дзяўчаты ў нас выступаюць лакаматывам. Так гістарычна склалася, што на фабрыцы працуе больш жанчын. І ўсё напоўнена жаночым цяплом. Таму і на конкурсе большасць удзельнікаў — прадстаўніцы прыгожай паловы. І мы ўсім калектывам радуемся іх поспехам, — адзначыў Аляксандр Філончык.

У сваю чаргу старшыня прафсаюзнага камітэта кандытарскай фабрыкі «Камунарка» Таццяна Пармон дадала, што ў конкурсе ўдзельнічаюць работнікі з розных структурных падраздзяленняў, розных цэхаў. 

— Мы бачым, як гэтае мерапрыемства аб’ядноўвае калектыў. Нехта выступае на сцэне. Нехта прыходзіць падтрымаць і вельмі перажывае за сваіх калег. А ўжо хтосьці, магчыма, задумваецца прыняць удзел у наступным годзе. Важна падтрымліваць работнікаў у гэтым імкненні. Дзеля гэтага мы тут.


Гледачы ўбачылі больш за дзесятак яркіх нумароў у асноўнай катэгорыі і кранальнае сямейнае выступленне, якое стала сапраўдным упрыгожаннем праграмы.

Удзельнікі праявілі сябе ў самых розных жанрах: вакале, харэаграфіі, мастацкім слове. Асаблівую ўвагу, як заўсёды, прыцягнулі нумары арыгінальнага жанру — тэатралізаваныя пастаноўкі, музычныя кампазіцыі, элементы пантамімы, дэкламацыі і інструментальнага выканання. Менавіта такія выступленні дапамагаюць па-новаму ўбачыць калег і раскрываюць нечаканыя грані іх талентаў.

«Камунарка запальвае зоркі» даўно стала больш чым конкурсам. Гэта добрая карпаратыўная традыцыя, якая аб’ядноўвае калектыў, натхняе работнікаў і яшчэ раз нагадвае: за прафесійнымі поспехамі прадпрыемства стаяць не толькі працавітыя, але таленавітыя і ініцыятыўныя людзі.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю