Работнікі аднаго з прадпрыемстваў Дзяржынска ў кустах недалёка ад чыгуначных пуцей знайшлі знясіленае ваўчаня з моцна дэфармаванымі канечнасцямі. Жывёліна мела патрэбу ў хуткай ветэрынарнай дапамозе, паведамляе БелТА.
«Пры аглядзе было ўстаноўлена, што гэта ваўчаня. Канечнасці яго былі не траўміраваны, як паведамілі людзі, якія знайшлі жывёліну, а моцна дэфармаваны. Пры кантакце з людзьмі ваўчаня не праяўляла агрэсію, было знясілена і мела патрэбу ў дапамозе. Такое калецтва — гэта або прыроджаная паталогія, або вынік няправільнага харчавання», — растлумачылі спецыялісты Дзяржынскай раённай ветэрынарнай станцыі, якія выехалі на месца.
Ваўчаня забралі з прыроднага асяроддзя і размясцілі на каранцін тэрмінам 15 дзён у цэнтр экалагічнага турызму «Станькава», дзе былі праведзены неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы, уключаючы вітамінізацыю. Прыкмет шаленства або іншых захворванняў у знайдыша выяўлена не было.