Top.Mail.Ru
83

Не застацца абыякавым: запускаць сэрца вучыліся школьнікі і гімназісты з Рэчыцы

Рэспубліканскі адукацыйны праект «Запусці сэрца» рэалізаваны ў Рэчыцы. Аб гэтым паведаміла БелТА выкладчык Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Ірына Саўчанка.

Майстар-клас прайшоў у сярэдняй школе нумар 10. Таксама далучыліся да праекта юнакі і дзяўчаты з Рэчыцкай раённай гімназіі імя Маргелава і Рэчыцкага раённага ліцэя. Выкладчыкі Гомельскага медкаледжа і навучэнцы выпускнога курса правялі майстар-клас па сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Выразна, даступна і зразумела яны прадэманстравалі алгарытм выратавання чалавека да прыезду хуткай дапамогі. Як растлумачылі спецыялісты, пры раптоўным спыненні сэрца лік для захавання жыцця ідзе на хвіліны, важна кожная секунда. У крытычнай сітуацыі менавіта ад дзеянняў тых, хто побач, часта залежыць, ці застанецца чалавек жывы.

Удзельнікі праекта «Запусці сэрца» асвоілі ключавыя навыкі выратавання жыцця. Гэта базавы мінімум, які можа выканаць нават падлетак. «Асноўны лозунг акцыі: «Любы чалавек можа выратаваць жыццё! Усё, што для гэтага трэба, — гэта дзве рукі!», — растлумачылі ў Гомельскім медкаледжы.

Дзецям расказалі, як распазнаць, што ў чалавека адбылося спыненне сэрца, а таксама паказалі, якая дапамога неабходна ў такі момант. Дзесяцікласнікі паўтарылі алгарытм дзеянняў. Самае важнае — неадкладны выклік хуткай дапамогі і пачатак рэанімацыі. Дзесяцікласнікам растлумачылі і прадэманстравалі тэхніку непрамога масажу сэрца і штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Школьнікі трэніраваліся на спецыяльных манекенах-трэнажорах, што дазволіла адпрацаваць тэхніку рухаў, а камусьці і пераадолець страх перад аказаннем дапамогі. Веданне простага алгарытму дзеянняў дазваляе звычайнаму прахожаму захаваць жыццё пацярпеламу.

  • «Прыемна адзначыць, што сярод дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць і тыя, хто плануе звязаць сваё жыццё з медыцынай. Вядома, на такіх сустрэчах яны самыя актыўныя: адпрацоўваюць дзеянні, задаюць пытанні, праяўляюць шчырую цікавасць. І ўсё ж не менш важна падключаць да такіх заняткаў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія бачаць сябе ў IT-сферы, эканоміцы або юрыспрудэнцыі. Яны таксама паглыблюцца ў абстаноўку, атрымліваюць веды, якія могуць ім спатрэбіцца ў крытычны момант», — звярнула ўвагу выкладчык медкаледжа.

Арганізатары акцыі ўпэўнены: выратаваць жыццё можа кожны. Веданне простага алгарытму дзеянняў і ўпэўненасць у сваіх сілах ператвараюць звычайнага прахожага ў чалавека, здольнага выйграць каштоўныя хвіліны для таго, у каго спынілася сэрца.

Ірына Саўчанка падкрэсліла, што на самай справе выратаваць жыццё не страшна і не складана. «Важна зрабіць першы крок — навучыцца, а пры неабходнасці прыняць меры. Бо часам жыццё чалавека можа залежаць ад тых, хто знаходзіцца побач. І лік можа ісці на мінуты. Нават калі хлопцы і дзяўчаты не адважацца пачаць рэанімацыю, то, прынамсі, выклічуць хуткую дапамогу, забяспечаць правільнае становішча чалавека. Часта гэта мае вялікае значэнне», — рэзюмавала яна, акцэнтуючы ўвагу на важнасці такой адукацыйнай ініцыятывы.

У бліжэйшыя суботы выкладчыкі і навучэнцы медкаледжа прадоўжаць выезды ў райцэнтры, каб ахапіць як мага больш школьнікаў.

Маштабная адукацыйная акцыя «Запусці сэрца» прызначана навучыць базавым навыкам выратавання жыцця. Ініцыятарам праекта выступіў Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, а таксама міністэрствы аховы здароўя і адукацыі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю