Top.Mail.Ru

Неабходна ўзмацняць матывацыю для моладзі, якая хоча прарыву і гатова браць на сябе адказнасць

Стымул для паспяховых

Кар'ерысты паступова ператвараюцца ў клас, які вымірае. Зумеры і нават міленіялы ў большасці сваёй не імкнуцца да кар'еры, новых пасад, кіруючых пастоў і высокага сацыяльнага статусу. Моладзь трапятліва адносіцца да асабістай прасторы і часу, таму не згодна траціць на работу звыш вызначанага ліміту сваіх намаганняў, энергіі і часу. У выніку пошук топ-менеджара любога звяна сёння становіцца сур'ёзнай праблемай. Прычым праблемай інтэрнацыянальнай: прахалодна да кар'ерных гонак адносяцца зумеры ў Еўропе, ЗША, Расіі... Фактычна ўсюды. І Беларусь тут не выключэнне. Але ці праблема гэта? Магчыма, час прыняць гэту рэальнасць як данасць і адаптаваць пад яе сістэму стымулаў і матывацыі — як на карпаратыўным, так і на нацыянальным узроўнях. І крыху інакш зірнуць на сацыяльныя абавязацельствы і адказнасць.

Наш Прэзідэнт неаднаразова казаў: сацыяльна-эканамічная мадэль у дзяржаве павінна выбудоўвацца на прынцыпах справядлівасці. Гэта паняцце, філасофскае па сваёй сутнасці, мае і глыбокі эканамічны сэнс. Часта пад справядлівасцю разумеюць нізкую дыферэнцыяцыю па заробках, даходах і ўзроўні дабрабыту. А калі казаць абагульнена — сацыяльную роўнасць або мінімальнае расслаенне. 

У нас яно адно з самых нізкіх у свеце, што пацвярджаецца адпаведнымі індэксамі. 

І гэта можна лічыць дасягненнем на этапе сацыяльна-эканамічнага развіцця, які краіна праходзіла апошнія 30 гадоў. Цяпер Беларусі — і гэта прапісана ў стратэгічных дакументах — неабходны якасны рывок. Безумоўна, яго павінны забяспечыць пасіянарыі, самыя актыўныя грамадзяне, доля якіх у грамадстве не перавышае некалькі працэнтаў. Але ці садзейнічае існуючая сёння сістэма стымулаў і матывацый паскоранаму развіццю?

Складана даць дакладны і адназначны адказ. Пытанне, вядома, патрабуе глыбокага вывучэння і сістэмнага падыходу. Пры гэтым важна ўлічваць як сацыяльна-эканамічныя дасягненні, так і беларускі культурны код, а таксама пакаленчыя асаблівасці, звязаныя з пашырэннем інфармацыйнай прасторы і геапалітычнай абстаноўкай.

Па сваім складзе беларусы — людзі стрыманыя і непатрабавальныя. Прынамсі, большасць. Спажывецкія запыты многіх грамадзян застаюцца вельмі ўмеранымі, аб чым сведчаць афіцыйныя сацыялагічныя даследаванні. Важна памятаць: ажно да 1960-х гадоў Беларусь заставалася пераважна аграрнай краінай. Прамысловыя флагманы рэспублікі фарміраваліся ў 1970–1980-х гадах, а шэраг прадпрыемстваў, заснаваных у першыя пасляваенныя гады, у той жа перыяд ператварыліся ў індустрыяльных гігантаў. Актыўны пераход з сельскай мясцовасці ў буйныя гарады доўжыўся адносна нядоўга: каля паўстагоддзя. І большасць нашых грамадзян з’яўляюцца гараджанамі толькі ў першым ці другім пакаленнях. Нягледзячы на ўрбанізацыю, беларускі менталітэт у значнай ступені застаўся вясковым. А ён далёкі ад духу празмернага спажывання. У аснове ляжыць запыт на практычнасць і якасць: усё павінна быць дыхтоўным, моцным, прыгожым, але без залішняй раскошы. Паказальны прыклад — загарадная нерухомасць: нават катэджы заможных людзей пад Мінскам выглядаюць стрымана на фоне раскошных асабнякоў прадпрымальнікаў суседняй краіны. Дэманстратыўнае спажыванне ў грамадстве ў цэлым не заахвочваецца, незалежна ад маштабу даходаў. Беларусам уласцівыя беражлівасць і высокая схільнасць да зберажэнняў, аднак самамэты «разбагацець любой цаной» у масавай свядомасці няма. Прынамсі, у пераважнай большасці.

У апошнія гады ўзровень жыцця сярэднестатыстычнага грамадзяніна прыкметна вырас, і дасягнуты дабрабыт многіх цалкам задавальняе. Магчыма, людзі і не адмовіліся б ад больш высокіх даходаў, але яны не гатовы інвеставаць у адукацыю і павышэнне кваліфікацыі, траціць дадатковыя час і сілы на рост сваёй капіталізацыі на рынку працы на шкоду асабістаму часу. У цэлым значная частка грамадства адносіцца да эканамічнага росту даволі абыякава: ён ёй проста не патрэбен. І нават непажаданы, калі прывядзе да неабходнасці выходзіць з зоны камфорту. У пэўнай ступені мы паглыбляемся ў эканамічны «сіндром Японіі». Эксперты з Краіны ўзыходзячага сонца нярэдка іранізуюць: навошта нам павялічваць ВУП, калі мы ўжо жывём так, як нам хочацца?

Аб’ектыўна кажучы, папярэднія пакаленні проста не маглі сабе дазволіць жыць у расслабленым рытме. Пры ўсіх высокіх сацыяльных гарантыях савецкіпобыт быў нашмат больш суровы, чым цяперашні. Таму людзі старэйшага ўзросту, загартаваныя той эпохай, вельмі складанымі 1990-мі і няпростымі 2000-мі,імкнуцца да адчувальнага поспеху: матэрыяльнага, кар’ернага, статуснага. Менавіта ён забяспечваў рост дабрабыту да таго ўзроўню, які адносна нядаўна лічыўся высокім, а сёння стаў базавым. Дастаткова паглядзець на кратны рост забяспечанасці хатніх гаспадарак бытавой тэхнікай, аўтамабілямі і камп’ютарамі за апошнія 20-30 гадоў. У зумераў ужо зусім іншыя прыярытэты: асобасны рост, самарэалізацыя і камфорт. У іх прынцыпова іншае разуменне балансу паміж асабістым і грамадскім, працавыдаткамі і атрыманай аддачай. І гэтыя ўяўленні не ўпісваюцца ў звыклую эканамічную сістэму. Зрэшты, не трэба спяшацца папракаць моладзь: яна не дрэнная, а іншая. Варта адзначыць, што хоць і павольна, але трансфармуецца светапогляд і сярэдняга, і старэйшага пакаленняў — яны таксама дрэйфуюць у каштоўнасную матрыцу зумераў.

Важны аспект: краіна ўжо жыве ў эпоху лічбавізацыі. Сацыяльныя сеткі і сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі дазваляюць дабіцца вядомасці і манетызацыі хутчэй і з меншымі намаганнямі, чым праз класічны кар’ерны рост. Сваю лепту ўносіць і геапалітычнае абвастрэнне, а таксама высокая нявызначанасць, звязаная з тэхналагічнай трансфармацыяй. Ва ўраўненні аказалася занадта шмат невядомых, якія не спрыяюць выбудоўванню доўгіх кар’ерных стратэгій. Складана сказаць, па якім трэку пойдзе эвалюцыя штучнага інтэлекту, але відавочна: развіццё і ўкараненне нейрасетак ужо істотна трансфармавала рынак працы тых жа праграмістаў. Можна запярэчыць, што нашы дзяды і прадзеды жылі ў яшчэ больш складаным свеце, дзе ішла халодная вайна і ўвесь час навісала пагроза ядзернага супрацьстаяння. Аднак тое пакаленне заспела ваенны і пасляваенны час — на фоне Другой сусветнай вайны глухое геапалітычнае супрацьстаянне ўспрымалася як стабільнасць. Адносная, зразумела. Моладзь расла ў перыяд спакою і глабалізацыі, якія, прынамсі ў еўрапейскім рэгіёне, рабілі межы празрыстымі, а маштабныя ваенныя канфлікты да нядаўняга часу здаваліся немагчымымі. Таму цяперашняя турбулентнасць бачыцца зумерам вельмі трывожнай.

Гэта зусім не значыць, што маладое пакаленне — пасіўнае: яно дастаткова мабільнае, дзейнае і ініцыятыўнае. Маладыя людзі хочуць змяніць свет, але іх энергія накіравана па іншым вектары, чым у старэйшых пакаленняў. Адпаведна, гэта патрабуе новых падыходаў да стымулаў і матывацыі, а таксама трансфармацыі саміх прынцыпаў сацыяльных гарантый. Ёсць некалькі нечаканая для Беларусі думка: дзяржава дае грамадзянам вельмі шмат гарантый. З аднаго боку, гэта добра — упэўнены ў заўтрашнім дні чалавек у тэорыі павінен развівацца і прафесійна, і інтэлектуальна. На практыцы так адбываецца не заўсёды. Тыя краіны з залішняй сацыяльнай нагрузкай (Швецыя, Германія, Францыя, Вялікабрытанія) — 

празмернай апекай расслабілі карэннае насельніцтва, якое ўжо не імкнецца займаць нават адміністратыўныя і палітычныя пазіцыі. У выніку ў муніцыпальных саветах, саветах дырэктараў буйных кампаній і на іншых кіраўніцкіх пасадах усё часцей засядаюць мігранты або іх дзеці. Выхадцы з бедных краін, яны ўсё яшчэ захоўваюць пасіянарнасць і гатовыя змагацца за поспех. Як вынік, сёння ў згаданых краінах узнікаюць не толькі сацыяльныя канфлікты з прычыны няздольнасці эканомікі забяспечваць ранейшы ўзровень жыцця пры тых працоўных выдатках, але і абвастраюцца этнічныя супярэчнасці. Відавочна, што еўрапейскі кейс служыць для нас сур’ёзнай перасцярогай.

Пэўна, настаў час перагледзець сам змест эканамічнай справядлівасці і пашырыць прастору для дыферэнцыяцыі даходаў. Так ці інакш яна ўсё роўна адбудзецца, але куды разумней зрабіць гэты працэс кіраваным і празрыстым. Пры гэтым важна захаваць роўнасць стартавых магчымасцяў: каб кожны грамадзянін меў аднолькавы доступ да аховы здароўя, адукацыі, інфраструктуры і мог дабіцца поспеху пры наяўнасці жадання і здольнасцяў — незалежна ад сацыяльна-эканамічнага становішча яго сям’і. Упэўнены, што з’яўленне праслойкі больш заможных грамадзян само па сабе не нясе сацыяльнай пагрозы. Пры адной умове: калі дакладна вызначыць правілы гульні, зацвердзіць прынцып легітымнасці і справядлівасці сумленнага капіталу, а сам шлях да поспеху і высокага дабрабыту зрабіць зразумелым і празрыстым. Безумоўна, дзяржава абавязана гарантаваць базавую сацыяльную абарону. Аднак апошняя не павінна станавіцца залішняй, падмяняючы сабой асабістую ініцыятыву і забяспечваючы звышкамфорт без намаганняў. У чалавека павінен заставацца выбар: альбо задавольвацца гарантаваным мінімумам, альбо ўключацца ў энергічную гонку за новымі вышынямі.

Сяргей ДУБКОЎ, старшыня праўлення ЗАТ «БСБ Банк», дацэнт кафедры банкаўскага бізнесу і фінансавых тэхналогій эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю