Top.Mail.Ru

Неабыякавыя жыхары Кіраўскага раёна змяняюць аблічча сваіх населеных пунктаў

Дзе камфортна жыць сучаснаму чалавеку? Сярод ключавых фактараў дружалюбнага асяроддзя сёння часцей за ўсё называюць бяспеку, экалагічнасць, крокавую даступнасць найважнейшых аб’ектаў (школа, дзіцячы садок, медыцынская ўстанова, крама і г. д.). І, што немалаважна, агульную грамадскую прастору, якая валодае ўласным «характарам» і якую людзі ахвотна лічаць «сваёй».


Добраўпарадкаваны пад’езд і прыгожы двор, дагледжаная прыдамавая тэрыторыя, чыстая вуліца, утульны сквер непадалёк... Зона камфорту сучаснага чалавека не абмяжоўваецца кватэрай або домам — яна шырэйшая. І ўжо гэта — цалкам у нашых руках, вырашылі ў аграгарадках Жылічы, Добасна і Любонічы Кіраўскага раёна. І «зрабілі сабе прыгожа».

Добраўпарадкаванне — жыццёвая неабходнасць

Жылічы — аграгарадок незвычайны. Хоць бы таму, што знакаміты на ўсю Беларусь і нават за яе межамі. Тут знаходзіцца «беларускі Версаль» — нядаўна адрэстаўраваны палац Булгакаў. І сюды прыязджаюць турысты з усёй краіны і з-за мяжы. А падчас штогадовага Вераснёўскага балю Жылічы ператвараюцца ў культурную сталіцу Магілёўшчыны: гучыць класічная музыка, кружацца ў вальсе пары. Так што становішча абавязвае: на фоне палаца неўладкаваныя вуліцы асабліва кідаліся б у вочы.

Але справа не толькі ў суседстве з палацам і не толькі ў наплыве турыстаў, кажа старшыня Добаснянскага сельскага савета (да якога належаць Жылічы) Галіна Шчур.

— Добраўпарадкаванне праводзіцца і ў Добасне, і ў іншых населеных пунктах сельсавета — а ўсяго іх у нас 23 з агульнай колькасцю насельніцтва 2015 чалавек. Людзі сёння глядзяць на жыццё інакш, чым гадоў 10–15 таму. Змяніўся светапогляд. Няважна — у горадзе ці ў вёсцы — людзі ўсюды хочуць жыць годна. Мець якаснае медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне, выдатныя дарогі, бо практычна ў кожнай сям’і машына. Аграгарадкоў на нашай тэрыторыі два: Жылічы і Добасна. Ёсць сельскагаспадарчы каледж, школа, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, працэдурны і бясплатны зубны кабінеты. І, вядома, культурнае жыццё — дзякуючы палацу. Тут праводзіцца шмат мерапрыемстваў, таму добраўпарадкаванне для нас — жыццёвая неабходнасць.

У гэтым кірунку, пачынаючы з 2018 года (калі сельсавет прымаў раённыя «Дажынкі»), зроблена каласальная праца, адзначае Галіна Шчур.

У Жылічах, напрыклад, праведзены капітальны рамонт трох шматкватэрных дамоў (сёлета запланаваны капрамонт яшчэ двух), уладкаваны прыдамавыя тэрыторыі, адрамантаваны і пафарбаваны дзве дзіцячыя пляцоўкі. У 2025-м для малых будзе пабудавана новенькая, сучасная пляцоўка. Дарогі рамантуюцца штогод, але сёлета раён выдзеліў немалыя сродкі на замену дарожнага пакрыцця ў Жылічах.

— Усе вуліцы будуць новыя, — не без задавальнення кажа старшыня сельсавета.

Спакон веку старадаўняе мястэчка Жылічы, а таксама навакольныя населеныя пункты патанаюць у зеляніне, аварыйныя дрэвы — пастаянны клопат мясцовых улад. Грамадскія тэрыторыі з мая да кастрычніка абкошваюцца сіламі камунальнікаў, а вось прыдамавыя — на сумленні гаспадароў. І людзі не застаюцца ўбаку. На суботнікі нікога асабліва клікаць не трэба — выходзяць самі, кажа Галіна Шчур.

— Калі вы праедзеце па населеных пунктах, пераканаецеся: у нас амаль не сустрэнеш закінутых участкаў і пустых дамоў. Ні ў адным іншым сельсавеце няма ў людзей столькі буйной рагатай жывёлы. Ёсць сем’і, якія трымаюць па 5-6 кароў. А хатняе малако ахвотна скупляюць прыватнікі. Таму пустыя ўчасткі запатрабаваныя: пад кармы, збожжавыя, бульбу. І, вядома, людзі набываюць пустыя дамы пад лецішчы.

Адно з галоўных пытанняў на вёсцы — водазабеспячэнне — тут вырашана: ёсць і цэнтралізаваны водаправод, і станцыя абезжалезвання. Але захаваліся і студні (некаторыя — старадаўнія).

— Летась адрамантавалі пяць калодзежаў і пафарбавалі 13, сёлета плануем рамонт ужо 16. Студні — наш каларыт, і калодзежная вада турыстам здаецца смачнейшай за водаправодную.

«Што, мы горшыя за горад?»

У Любонічах палаца няма, затое ёсць прыгожая старадаўняя легенда. Аб прыгажуні-сялянцы Любаве, у якую закахаўся стары пан. Каб пазбавіцца ад саперніка, ён пакараў смерцю каханага Любавы, і тая, не перажыўшы гора, утапілася ў рацэ ўласных слёз. Статуя гераіні легенды ўпрыгожыла цэнтральную плошчу аграгарадка ў 2024 годзе, калі тут праходзілі раённыя «Дажынкі». З’явілася да свята і новая спартыўная пляцоўка для дзяцей і падлеткаў. А вось мемарыяльны комплекс — помнік спаленым вёскам — быў узведзены ў Любонічах у 2008 годзе, і гэтай падзеі папярэднічала даследчая праца мясцовых краязнаўцаў. Ёсць і помнік партызанам, якія ваявалі з фашыстамі ў наваколлі Любонічаў. Абодва мемарыялы ніколі не бываюць недагледжанымі, а жывыя кветкі тут заўсёды, распавядае старшыня Любоніцкага сельскага савета Алена Казакова.

— Добраўпарадкаваннем займаемся пастаянна, і ў аграгарадку, і ў вёсках. Што, мы горшыя за горад? Газ, водаправод у нас ёсць, як і іншыя выгоды цывілізацыі (ад амбулаторыі, шпіталя сястрынскага догляду, школы да станцыі абезжалезвання). Застаецца навесці парадак — і можна жыць цалкам камфортна.

У мінулым годзе ў аграгарадку пасадзілі 120 туй, а таксама ўпрыгожылі ўліцы кустамі руж — гэта, дарэчы, ініцыятыва жыхароў.

Узначальвае сельсавет Алена Казакова паўгода. Кажа, што самае складанае на новай пасадзе — адчуваць адказнасць за ўсіх людзей. На тэрыторыі сельсавета пражывае крыху больш за 800 чалавек, плюс летам прыязджаюць дачнікі. «Па Савеце ў нас восем вёсак, ды яшчэ самі Любонічы з насельніцтвам 555 чалавек», — тлумачыць суразмоўніца.

— Я, вядома, не ўсіх ведаю асабіста і магу назваць сябрамі, але знешне ўжо практычна запомніла кожнага. Толькі глянеш, і зразумела: гэта наш, з Любоніцкага сельсавета. Нашы людзі асаблівыя — адкрытыя, добрасумленныя, адказныя. Яны хочуць жыць у прыгажосці, і за гэта я іх паважаю. За размешчанымі на тэрыторыі сельскага Савета арганізацыямі (ААТ «Райаграпрамтэхснаб», ААТ «Раптз», Любоніцкае лясніцтва, прыватнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства «Алмакплюс» і інш.) замацаваны тэрыторыі, якія яны добраўпарадкоўваюць. Але і на суботнікі ў нас заўсёды выходзіць шмат людзей. Гэтая добрая традыцыя з савецкага мінулага застаецца актуальнай і сёння. Яна аб’ядноўвае, дае магчымасць сустрэцца розным пакаленням. І ніхто не адчувае сябе паасобку, усе разам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю