Top.Mail.Ru
241

Неба Беларусі — пад надзейнай абаронай

Ваеннаслужачыя ВПС і войскаў СПА ўдасканалілі баявое майстэрства на расійскім палігоне


На мінулым тыдні на палігоне Расійскай Федэрацыі Ашулук завяршыўся другі этап аператыўна-тактычнага вучэння ў складзе родаў войскаў ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. І завяршыўся ён больш чым эфектна: баявыя разлікі 1-га зенітнага ракетнага палка, 377-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка і 15-й зенітнай ракетнай брыгады паспяхова выканалі баявыя пускі па мішэнях з ЗРК С-300 і «Тор-М2К», а баявыя разлікі 120-й зенітнай ракетнай брыгады выканалі пускі з ЗРК «Бук». Беларускія ваеннаслужачыя не пакінулі шанцу ўмоўнаму саперніку.

За дзеяннямі нашых вартавых неба назіралі начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Павел Муравейка, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Андрэй Лук’яновіч.

9E7A3082.jpg

Па-майстэрску і зладжана

Характэрна, што нашы зенітчыкі ўпершыню атрымалі магчымасць праверыць свае навыкі ў супрацьстаянні з «Санатай». Мішэнны комплекс «Саната» — гэта сучасная распрацоўка, прызначаная для імітацыі шырокага спектра паветраных пагроз. Ён здольны прайграваць траекторыі і манеўры сучасных сродкаў нападу, якія дзейнічаюць у шырокім дыяпазоне вышынь і на дагукавых хуткасцях. Па сваіх характарыстыках «Саната» мае істотнае падабенства з брытанскай крылатай ракетай Storm Shadow, што дазваляе максімальна рэалістычна мадэляваць умовы сучаснага паветранага бою.

За тыдзень, які правёў аўтар гэтых радкоў на Ашулуку бок у бок з вартаўнікамі неба, давялося пераканацца: кожны з іх адносіцца да выканання вучэбна-баявых задач з усёй сур’ёзнасцю. Ды і ў прафесіяналізме кожнага вайскоўца, зладжанасці разлікаў сумненняў быць не можа.

У прыватнасці, майстэрства і зладжанасць прадэманстравалі нашы вайскоўцы пры выкарыстанні ЗРК «Тор-М2К». Гэтыя баявыя машыны вядомыя сваёй мабільнасцю і эфектыўнасцю. «Торы» паказалі сябе ў справе, здзяйсняючы пускі ў руху і забяспечваючы прыкрыццё манеўраў зенітнага ракетнага комплексу С-300. Такая каардынацыя і аператыўная гатоўнасць сведчаць аб высокім узроўні падрыхтоўкі асабовага складу і якасці ваеннай тэхнікі. Сістэма «Тор-М2К» не толькі абараняла больш дальнабойныя С-300 ад патэнцыяльных пагроз з паветра, але і прадэманстравала сваю здольнасць хутка адаптавацца да зменлівых умоў бою.

Пачын калег падтрымалі і вайскоўцы 1-га зенітнага ракетнага палка, 377-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка і 120-й зенітнай ракетнай брыгады. На поспех вучэбна-баявой работы беларускай групоўкі зенітных ракетных войскаў не паўплывалі ні змяненне мішэннай абстаноўкі, ні змена баявых разлікаў. Дзякуючы ўмелым дзеянням нашых вайскоўцаў неба над Астраханскім палігонам было зачышчана.

9E7A3082.jpg

«Галоўная мэта — забеспячэнне мірнага неба над Беларуссю»

Генерал-маёр Павел Муравейка паразмаўляў з журналістамі пасля баявых пускаў на палігоне Ашулук:

— Вучэнне мела цэлы комплекс новых метадычных прыёмаў, у рамках якіх адпрацавалі самыя сучасныя варыянты адбіцця ўдараў сродкаў паветранай атакі. У прыватнасці, нашы комплексы «Тор» упершыню адпрацавалі пускі баявых ракет у руху і ў начных умовах. Хлопцы зрабілі гэта вельмі якасна, і ўсе баявыя задачы імі былі вырашаны.

Акрамя таго, у рамках вучэння выпрабавалі і апрабавалі варыянты дзеянняў мабільных агнявых груп па беспілотных авіяцыйных комплексах, якія ажыццяўлялі налёт на нашы падраздзяленні. Мабільныя агнявыя групы паказалі высокую эфектыўнасць і забяспечылі паражэнне беспілотных авіяцыйных комплексаў з дастаткова высокай дакладнасцю.

Кіраўнік вучэння — намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА палкоўнік Міхаіл Матросаў застаўся задаволены дзеяннямі беларускіх вайскоўцаў на расійскім палігоне Ашулук.

«Любое наша вучэнне абумоўлена тым ваенна-палітычным становішчам, якое склалася вакол нашай краіны, — заўважыў ён. — Галоўная мэта Узброеных Сіл, у прыватнасці, ВПС і войскаў СПА, — забеспячэнне мірнага неба над Беларуссю»

Вучэнні адрозніваліся высокай інтэнсіўнасцю і прымяненнем новых тыпаў мішэняў, якія раней не выкарыстоўваліся. Адмысловая ўвага аддавалася супрацьборству з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, такімі як «Дэльта». 

Эфектыўнасць комплексаў была пацверджана на практыцы. Баявыя разлікі паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі, дзейнічаючы ў складаных умовах. Паветраная абстаноўка была максімальна набліжана да рэальнай баявой, з мінімальнымі часовымі інтэрваламі паміж з’яўленнем мішэняў. Гэта дазволіла разлікам аператыўна ацэньваць сітуацыю і прымаць рашэнні. Папярэднія вынікі вучэнняў ацэньваюцца станоўча, а дэталёвы аналіз будзе праведзены пасля вяртання ў пункты пастаяннай дыслакацыі.

9E7A3082.jpg

Алег НЯКАЛА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю