Мінск, Машэрава, 15/1. Тут, за непрыкметнымі дзвярыма, схаваўся свет, дзе няма месца спешцы, сігналам машын і бясконцым апавяшчэнням. Выстава-падарожжа, выстава-медытацыя — назваў шмат, але сутнасць адна: вы ўваходзіце ў шумны горад, а выходзіце — з іншага вымярэння.
Нітка як дыягназ
Першае, што сустракае вас, — белы плакат, густа ўсеяны цвікамі. Побач — скруткі нітак: ружовыя, сінія, жоўтыя, зялёныя. Выбіраеш колер, які адгукаецца ўнутры, чапляеш нітку — і яна ўтварае непатрабавальны ўзор, нібы твой нявыказаны маналог. Гэта не проста арт-аб’ект. Гэта споведзь без слоў.Вадаспады, пясок і колбачкі
Далей прастора расхінаецца. Тут цякуць невялікія вадаспады, у прудзіках адлюстроўваецца мяккае святло, а зеляніна абступае так густа, што забываеш: ты ў памяшканні. Музыка — цягучая, як мёд, расслабляльная да мурашак. У пачатку — сталы з фарбамі і мальбертамі. Малюй, калі хочацца выплюхнуць тое, што ўнутры. Побач — чары з рознакаляровым пяском. Кожны наведвальнік атрымлівае шкляную колбачку. Можна насыпаць у яе пласт за пластом: жоўты — як надзея, зялёны — як сімвал здароўя, сіні — як надзейнасць. Атрымліваецца маленькі талісман, які ты забіраеш з сабой.
Мост жаданняў і пячоры з матылькамі
Падвесны вяровачны мост гушкаецца над сажалкай. Прама побач з вадаспадам. На парэнчах ужо сотні стужачак: жоўтыя, чырвоныя, стракатыя. На кожнай — пажаданне. Вы бераце сваю, пішаце маркерам, завязваеце — і мост становіцца крышачку лягчэй. А ў глыбіні — невялікія пячоры. Заходзіш унутр, бачыш мікрафон. Кажаш слова, шэпчаш, спяваеш — і на сценах успыхваюць купкі матылькоў. Чым больш шчыры гук — тым ярчэй яны ляцяць. Магія, якую ствараеш сам.Пад месяцам — на лодцы
Для тых, каму мала супакою, — зона актыўнасцяў. Можна ўзяць тарзанку і ўзляцець над прасторай. Можна сесці ў маленькую лодку і паплысці па возеры прама пад вялізным святлівым месяцам. Ён вісіць нізка, амаль дакранаючыся да вады, — здаецца, да яго можна дацягнуцца рукой. На другім паверсе — цішыня іншага роду. Кнігі, сталы, папера і ручкі. Можна напісаць ліст у будучыню: сабе, блізкім, свету.
Жывая музыка і медытацыя

У цэнтры прасторы іграюць на піяніна. Жывы гук, без фанаграм, без спешкі. У іншым канцы — зона медытацыі: адзяваеш навушнікі, сядаеш у вялікае мяккае крэсла, заплюшчваеш вочы — і свет знікае. Застаешся толькі ты і дыханне. «Я часта хаджу на розныя выставы, прысвечаныя мастацтву, але на такой я ўпершыню. Тут няма звыклых экспанатаў, але шмат цікавых інтэрактываў, тут ніхто не тоўпіцца і нікуды не спяшаецца», — дзеліцца ўражаннямі адна з наведвальніц.
Колькі каштуе?
Білет — ад 31 да 59 рублёў, у залежнасці ад узросту і льгот. У бары можна купіць напоі і лёгкую ежу, у лаўцы — сувеніры на памяць.
«Неба. Рака-планета пасля шуму» — гэта не выстава ў звыклым сэнсе. Гэта месца, дзе можна спыніцца. Выдыхнуць. Насыпаць пясок у колбачку. Завязаць стужачку. І пайсці крыху больш суцэльным, чым зайшоў. Машэрава, 15/1. Уваход у іншую рэальнасць адчынены.
Анастасія ЛАБАНАВА