Top.Mail.Ru

Небяспечныя памылкі пры лячэнні гіпертэнзіі: што трэба ведаць кожнаму

Небяспеку высокага ціску часта недаацэньваюць. Але нездарма ж артэрыяльную гіпертэнзію называюць «ціхім забойцам». На пачатковых этапах яе не заўважаюць, а менавіта ў гэты перыяд можна было б узяць паталогію пад кантроль і зменшыць рызыкі ўскладненняў. Чаму артэрыяльную гіпертэнзію абавязкова лячыць і якіх памылак пазбягаць пры гэтым, расказала загадчык раённага кардыялагічнага цэнтра 6-й Цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Ленінскага раёна Мінска Таццяна Кузьміч.


— Таццяна Мікалаеўна, чаму з узростам павышаецца ціск?

— Па меры сталення ў нас зніжаюцца функцыянальныя магчымасці сардэчна-сасудзістай сістэмы. Гэта адбываецца па некалькіх прычынах: зніжаецца скарачальная здольнасць міякарда, пагаршаецца яго кровазабеспячэнне, павялічваецца пашырэнне перадсэрдзяў і жалудачкаў, губляюць сваю функцыю нервовыя механізмы рэгуляцыі, у сценках сасудаў скарачаецца ўтрыманне эластыну, становіцца больш калагену, соляў натрыю, кальцыю, што прыводзіць да страты іх эластычнасці і павышэння тонусу.

Акрамя таго, пасля 40 гадоў у сасудзістых сценках назапашваецца халестэрын. Гэта правакуе развіццё атэрасклерозу, асабліва пры маларухомым ладзе жыцця, пастаянных стрэсах, незбалансаваным харчаванні. На фоне скарачэння эластычнасці сасудаў расце перыферычны супраціў току крыві. У выніку крывацёк запавольваецца, артэрыяльны ціск павялічваецца. Курэнне таксама правакуе развіццё артэрыяльнай гіпертэнзіі. У мужчын развіццё атэрасклерозу пачынаецца ў сярэднім на 10 гадоў раней, чым у жанчын, а інфаркты міякарда здараюцца ў 4 разы часцей.

— Часта людзі думаюць, што галава не баліць — і добра, лячыцца не трэба. Чым небяспечная артэрыяльная гіпертэнзія? Растлумачце, чаму нельга не звяртаць увагі на павышаны ціск, нават калі гэта адбываецца бессімптомна.

— Сама па сабе артэрыяльная гіпертэнзія сімптомаў не мае. Большасць пацыентаў з гэтым захворваннем увогуле ні на што не скардзіцца, а павышэнне ціску выяўляецца выпадкова. Часам пры артэрыяльнай гіпертэнзіі назіраецца галаўны боль, але ён можа сведчыць і аб іншых захворваннях. Болі ў вобласці сэрца таксама могуць быць выкліканы рознымі прычынамі: астэахандроз пазваночніка, язвавая хвароба страўніка і інш. Таму з-за адсутнасці відавочных сімптомаў артэрыяльную гіпертэнзію часта дыягнастуюць на позняй стадыі, калі вылечыць яе значна складаней.

Празмерна павышаны ціск на сценкі артэрый, выкліканы гіпертэнзіяй, можа пашкодзіць як самі сасуды, так і ўнутраныя органы. 

Чым вышэйшы ціск і чым даўжэй ён застаецца без кантролю, тым большая шкода. І таму артэрыяльную гіпертэнзію часта называюць «маўклівым» або «ціхім забойцам».

У першую чаргу ад гіпертэнзіі пакутуе сэрца. Ва ўмовах павышанага ціску яму даводзіцца працаваць больш напружана. Гэта выклікае патаўшчэнне сценак і пашырэнне левага жалудачка. У рэшце рэшт такой мышцы становіцца цяжка перапампоўваць дастатковую колькасць крыві. Можа развіцца сардэчная недастатковасць. А яшчэ гіпертаніі часта спадарожнічае атэрасклератычнае пашкоджанне артэрый. Разам гэтыя станы нярэдка выклікаюць інфаркт міякарда.

Галаўны мозг не менш востра рэагуе на павышаны артэрыяльны ціск. Недастатковае кровазабеспячэнне прыводзіць да зніжэння памяці, увагі і кагнітыўных здольнасцяў. Звужэнне або закаркоўванне артэрый могуць стаць прычынай сасудзістай дэменцыі або інсульту.

Аслабленыя і звужаныя крывяносныя сасуды ў нырках парушаюць іх работу, аслабляюць функцыю, выклікаючы нырачную недастатковасць. Высокі ціск можа стаць пагрозай для здароўя, таму важна рэгулярна кантраляваць яго паказчыкі і звярнуцца да ўрача, калі яны не ў межах нормы.

— Да якога мэтавага ціску трэба імкнуцца? Што такое пульсавы ціск?

— Аптымальным лічыцца сісталічны (верхні) ціск у дыяпазоне 120–130 мм рт. сл., дыясталічны (ніжні) — 70–80 мм рт. сл. У норме розніца паміж сісталічным і дыясталічным ціскам павінна складаць прыкладна 40 адзінак (як пры стандартным паказчыку 120 на 80). Гэта розніца — пульсавы ціск. Ён ускосна можа сведчыць аб тым, у якім стане знаходзяцца сардэчная мышца і клапаны сэрца. Акрамя таго, па ім можна меркаваць аб эластычнасці сценак сасудаў.

У пажылых людзей з прычыны натуральнага старэння арганізма, наяўнасці хранічных захворванняў сценкі сасудаў становяцца, як правіла, менш эластычнымі. Таму розніца паміж верхнім і ніжнім артэрыяльным ціскам можа перавышаць 50 мм рт. сл., што не лічыцца нормай. Падобная сітуацыя часцей за ўсё сведчыць аб выяўленым атэрасклерозе і патрабуе далейшага абследавання.

Частай прычынай высокага пульсавага ціску з’яўляецца псіхаэмацыянальны стрэс. Адхіленні пульсавага ціску ад нормы могуць быць як прыкметай таго, што ў арганізме не ўсё ў парадку, так і з’яўляцца часовай з’явай.

Калі ж розніца паміж верхнім і ніжнім артэрыяльным ціскам не праходзіць з часам, гэта ўжо можа быць сігналам развіцця парушэнняў у рабоце сэрца, сасудаў ці іншых органаў або сістэм арганізма. Гэта нагода звярнуцца да доктара, бо вынікам грэблівага стаўлення да праблемы можа стаць развіццё такіх сасудзістых ускладненняў, як інсульт ці інфаркт міякарда.

w2vxjun27z84bx46vovofe4iqc50zwpg.jpg

— Што такое перадгіпертанія і што рабіць з гэтым станам?

— Пад артэрыяльнай гіпертэнзіяй разумеюць стан, калі ціск пачынаецца ад лічбаў 140/90 мм рт. сл. Перадгіпертанія, або павышаны нармальны артэрыяльны ціск, — паказчык у межах 130—139/85-89 мм рт. сл. Такі стан сустракаецца ў 30 % людзей, старэйшых за 18 гадоў. Нярэдка ён асацыіруецца з высокім узроўнем ліпідаў крыві, асабліва халестэрыну, атлусценнем, цукровым дыябетам першага і другога тыпаў. Часцей выяўляецца ў мужчын. Адметна, што ваганні паказчыкаў у пагранічнай зоне могуць захоўвацца многія гады. Такі стан звычайна не патрабуе прызначэння лекавай тэрапіі, а лячыць яго можна толькі карэкцыяй ладу жыцця.

— Калі з высокім ціскам трэба прымаць таблеткі: раніцай ці ўвечары? Якія найбольш частыя памылкі робяць пацыенты, прымаючы прэпараты?

— Прыём медыкаментаў залежыць у першую чаргу ад працягласці дзеяння іх асноўнага рэчыва: гэта могуць быць 8, 12, 24 гадзіны і больш. Калі вам прызначылі прэпарат з працягласцю дзеяння 12 гадзін, яго неабходна прымаць двойчы на дзень. Найбольш часта пацыентам са стойкай артэрыяльнай гіпертэнзіяй прапаноўваецца менавіта двухразовы прыём лекавых сродкаў — раніцай і ўвечары.

У цяперашні час фармацэўтычныя кампаніі стратэгічна нацэлены на аднаразовы прыём прэпаратаў — так званы прынцып адной таблеткі, калі пацыенту прапаноўваецца ў адным лекавым сродку прыём некалькіх дзейных рэчываў (напрыклад, інгібітар АПФ і мачагонны прэпарат і г. д.). Гэта дазваляе чалавеку адчуваць сябе больш камфортна і паляпшае якасць жыцця.

Сярод асноўных памылак пацыентаў — прымаць таблеткі, але не мяняць лад жыцця (тэрапія не будзе эфектыўнай), адмяняць прэпараты пры нармалізацыі лічбаў ціску і добрым самаадчуванні (нармальныя лічбы на танометры кажуць аб тым, што прэпарат і яго дазіроўка вам падыходзяць, але многія з іх маюць сутачнае дзеянне, якое спыняецца пасля адмены лячэння).

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю