Ва ўстановах адукацыі Беларусі праходзіць рэпетыцыя Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі (НДЯА), перадае БелТА.
«Першы цыкл НДЯА адбыўся ў нашай краіне ў 2023 годзе, — паведаміла прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі адукацыі, доктар педагагічных навук Вольга Зелянко. — Наступны цыкл плануецца на 2026 год. І для таго, каб нашы хлопцы і дзяўчаты якасна падрыхтаваліся да яго, мы сёння праводзім так званае рэпетыцыйнае НДЯА, у якім прымаюць удзел вучні школ і гімназій — гаворка ідзе пра 9-класнікаў, навучэнцы ліцэяў — гэта 10-класнікі, а таксама першакурснікі каледжаў. Дзецям прапанаваны работы, якія ўключаюць заданні па чытацкай і матэматычнай граматнасці, і заданні па натуральна-навуковай і фінансавай граматнасці».
Прарэктар падкрэсліла, што ўсе заданні пабудаваны выключна на нацыянальным кантэнце. «У аснове заданняў ляжаць тэксты і інфармацыя аб нашых нацыянальных, культурных рэаліях. Усе заданні без выключэння арыентаваны на праверку ўмення прымяняць веды, якія хлопцы і дзяўчаты атрымалі за дзевяць гадоў навучання ў школе, у рэальных жыццёвых сітуацыях. Прычым сітуацыі падабраныя нестандартныя. Усе заданні распрацоўваліся беларускімі экспертамі — гэта спецыялісты Акадэміі адукацыі, якія маюць багаты вопыт распрацоўкі дыдактычных і дыягнастычных матэрыялаў», — праінфармавала яна.
Частка заданняў прапануецца навучэнцам у тэставым фармаце, дзе ёсць прапанаваныя варыянты адказаў, частка з іх звязана з устанаўленнем адпаведнасці, паслядоўнасці і гэтак далей. «Значная частка заданняў — так званага адкрытага тыпу. Яны прадугледжваюць альбо кароткі, альбо разгорнуты адказ. У асноўным гэта заданні, звязаныя з аргументацыяй сваёй пазіцыі. Цікава, што некаторыя заданні не маюць так званага правільнага адказу, — трэба выбраць з двух варыянтаў рашэння той, які навучэнец лічыць аптымальным і абгрунтаваць свой пункт гледжання», — дадала Вольга Зелянко.