«Маладыя рэжысёры — смелыя»
31 кастрычніка ўвечары стартуе ХХХІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», які сёлета пройдзе з 31 кастрычніка да 7 лістапада ў сталіцы і па ўсёй краіне. Штогод кінафорум збірае для сваіх гледачоў унікальную і цікавую палітру фільмаў, і хочацца як мага больш іх паглядзець. А за вялікай колькасцю прапаноў так важна не абмінуць увагай па-сапраўднаму вартыя прапановы, якія, да прыкладу, можна знайсці ў праграме конкурсу нацыянальных кінашкол. Ужо другі год як ён вярнуўся на наш кінафорум і дазваляе студэнтам профільных творчых навучальных устаноў прэзентаваць свае кінаработы шырокай аўдыторыі і міжнароднаму журы. Распыталі ў праграмнага дырэктара конкурсу Алены РАДЗЕВІЧ пра сёлетніх удзельнікаў праграмы, пошукі маладых у кінамастацтве і думкі аб перспектыве як у кіно, так і ў жыцці.

— Алена Уладзіміраўна, сёлета на конкурс нацыянальных кінашкол вы атрымалі 200 заявак з 20 краін свету, аднак у выніковую праграму трапілі 25 кінастужак толькі з Расіі, Беларусі і Казахстана. Чым гэта абумоўлена?
— Найперш скажу, што сёлета ў параўнанні з леташнім конкурсам ёсць істотнае змяненне: у адпаведнасці з рэгламентам мы прымалі як дакументальнае, так і ігравое кіно. Але ёсць нюанс: можам браць толькі кінаработы за 2024–2025 гады, калі іх аўтары вучацца альбо былі студэнтамі пэўнай навучальнай установы на момант стварэння свайго фільма. А калі, напрыклад, кінастужка зроблена ў 2025 годзе, а рэжысёр выпусціўся ў 2024-м, такую работу мы ўжо не прапускалі.
— Што можаце сказаць пра маладых кінематаграфістаў, калі аналізаваць іх работы ў сёлетнім адборы?
— Яны смелыя. Так, вельмі актыўнымі былі ўдзельнікі з Расіі. І тут трэба адзначыць работу ўніверсітэтаў, дзе ёсць спецыялісты, якія займаюцца тым, каб прапаноўваць кінастужкі сваіх студэнтаў на розныя фестывалі. Таму расіян было шмат. Мяне, па-першае, вельмі ўразілі моцныя работы ВГИКа і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута кіно і тэлебачання. Моладзь любіць спрабаваць сябе. Але ў выніковую праграму пастараліся сабраць работы, у якіх маладыя рэжысёры выступаюць з сапраўды моцнымі гуманістычнымі ідэямі і сур’ёзнай унутранай філасофіяй. У большасці сваёй — тэма пошуку сябе як унутры вялікага соцыуму, так і ў малой яго форме — у сям’і. Даследуюць гэта праз узаемаадносіны з родзічамі, з навакольным асяроддзем і г. д. Ёсць грунтоўныя фільмы па драматургіі. Зразумела, студэнтам рэдка даюць магчымасць ствараць поўнаметражнае кіно, таму ўсе яны працягласцю да паўгадзіны. Зрабіць добрую гісторыю з такім хронаметражом няпроста. Але некаторым аўтарам гэта ўдалося. І іх работа трапіла, напрыклад, да нас і паралельна ў праграму кароткаметражнага кіно.
— Як на агульным фоне выглядаюць маладыя беларускія рэжысёры?
— Беларускіх работ было сёлета шмат. І мы пастараліся даць магчымасць максімальнай колькасці маладых людзей заявіць пра сябе. Цяпер вядзецца шмат размоў аб тым, што ў нас не рыхтуюць рэжысёраў ігравога кіно. Будзем спадзявацца, гэта сітуацыя ў перспектыве зменіцца. Але ў гэтым годзе ёсць удзельнік Мікіта Лахматаў ад Беларусі, які ў праграме з дзвюма работамі — ігравой «Я жадаю табе дастаткова» і дакументальнай «Тое, што ў тваіх далонях». Гэта прыклады, якія ілюструюць, што ў нас добра вучаць майстэрству кінавытворчасці. З такіх прыкладаў і мастацка-дакументальная работа Паліны Арцюкоўскай «Жывіце ў доме», дзе паказана, як заставацца чалавекам нават у самых нечалавечых умовах. Аднак, зразумела, у кожнага жанру свае асаблівасці, таму добра будзе, калі ў нас з’явіцца магчымасць спасцігаць гэтыя нюансы.
— Раскажыце, на якія з адабраных кінастужак параіце звярнуць увагу гледачам?
— Па-першае, у нас шмат фільмаў, якія ўжо з’яўляюцца намінантамі пэўных конкурсаў. Так, кінаработа «Стужачка» Наталлі Кундзельскай добра зробленая, яна мае Гран-пры 44-га фестывалю ВГИКа, а таксама ўзнагароджана за «Найлепшую рэжысуру» на фестывалі «Кіналешч». Там кранальная і глыбокая гісторыя пра дзяўчынку, якая жыве ў прыморскім гарадку і чакае маму. А калі маці прыязджае, то гераіня паўстае перад складаным выбарам... Таксама моцнае ўражанне ў мяне асабіста засталося ад фільма «Хлеб». У ім рэжысёр Эльдор Шадманкулаў не толькі дзеліцца цікавай драматычнай гісторыяй, але і падымае шмат вострых і вечных тэм. Там спалучыліся жыццёвая мудрасць, нечаканыя павароты сюжэту і адкрыты фінал. А вось кінастужка «Балет», наадварот, лёгкая па атмасферы, але таксама вартая ўвагі гледачоў. Не менш цікавыя і ўсе астатнія ўдзельнікі нашага конкурсу, бо ў кожным фільме ёсць свае непаўторныя інтанацыі і пасылы, адметныя аўтарскія падыходы дэманстрацыі іх у кадры.
— Чаму сёння можна павучыцца ў маладых кінавытворцаў?
— Чуем шмат размоў, быццам цяпер маладыя людзі цікавяцца толькі сацыяльнымі сеткамі, яркімі выявамі, многае ўспрымаюць і робяць павярхоўна. Але, мяркуючы па ўбачаных кінаработах, я пераканана, што ў нас ёсць будучыня з сённяшняй моладдзю. Бо ў створаных фільмах дакладна прасочваецца, што іх стваральнікі — гэта людзі, выхаваныя ў рамках чалавечнасці, традыцый, якія здольныя адэкватна ацэньваць рэчаіснасць, адстойваць сапраўдныя чалавечыя прынцыпы. Галоўнае, каб мы, старэйшыя, не пазбавілі іх разумення, што мы побач, мы ў іх верым і заўсёды гатовыя падтрымаць.
Алена ДРАПКО
Фота з архіва гераіні