35-годдзю незалежнасці Кыргызскай Рэспублікі, вынікам юбілейнага саміту ШАС у Бешкеку і VI Сусветных гульняў качэўнікаў быў прысвечаны ўрачысты вечар у мінскім Доме дружбы.
Прыняць удзел у святочным мерапрыемстве сабраліся ўдзельнікі Таварыства дружбы «Беларусь-Кыргызстан», прадстаўнікі Пасольства Кыргызстана ў Беларусі, кіраўнікі дыпламатычных місій краін ШАС, пастаянныя прадстаўнікі краін СНД, кіраўніцтва Выканаўчага камітэта СНД, суддзі суда ЕАЭС, студэнты і выкладчыкі мінскіх ВНУ.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эрбол Султанбаеў у сваім выступленні адзначыў, што карані гісторыі кыргызскай дзяржаўнасці і народа знаходзяцца ў глыбіні стагоддзяў. Кыргызстан захаваў сваю багатую культуру, традыцыі, звычаі і ўпэўнена глядзіць у будучыню, вядзе збалансаваную знешнюю палітыку. Прыклад гэтаму — VI Сусветныя гульні качэўнікаў, міжнароднае спартыўна-культурнае мерапрыемства, накіраванае на захаванне і папулярызацыю спадчыны народаў, іх культурнага абмена і ўзаемнага збліжэння.
Прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, член Савета Старэйшын пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Сяргей Рахманаў падкрэсліў вагу народнай дыпламатыі і экспертных саветаў у вырашэнні многіх пытанняў узаемадзеяння. Прафесар гістарычнага факультэта БДУ, доктар гістарычных навук Вячаслаў Мянькоўскі прысвяціў сваё выступленне тэме «Сусветныя гульні качэўнікаў».

Віншаванне ўдзельнікам урачыстага вечара ад таварыства дружбы «Беларусь-Кыргызстан» падрыхтавала яго кіраўнік старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова, а калектыў народнай песні «Чарніца» падарыў некалькі запамінальных канцэртных нумароў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара