Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбнасць звярнуў асаблівую ўвагу на актуальнасць пытання цэн і цэнаўтварэння, паведаміла БелТА.
Паводле даных Белстата, у гэтым годзе назіраюцца ўмераныя тэмпы росту кошту на спажывецкім рынку. Цэны на тавары і паслугі ў чэрвені 2026 года выраслі ўсяго на 2,9% у адносінах да снежня мінулага года. «Нібыта нядрэнна, але заспакойвацца нельга — гэта ж рост», — папярэдзіў Прэзідэнт.
Па асобных таварах рост вышэйшы: на капусту (белакачанную свежую) з пачатку года цэны выраслі на 38%, цыбулю рэпчатую — на 24%, буракі — на 17%.
«Парушэнні дысцыпліны цэн дапускаюцца паўсюдна, нават справы крымінальныя ўзбуджалі (па гэтай прычыне. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што 10 ліпеня бягучага года выдадзена пастанова Савета Міністраў, якой скарочаны пералік рэгулюемых тавараў з 200 да 76 пазіцый (72 пазіцыі — харчовыя тавары і 4 — нехарчовыя).
«Паглядзім, як ваша рашэнне спрацуе ў перспектыве. Але стрымліванне цэн і інфляцыі ў запланаваным калідоры — за ўрадам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Асобна ён закрануў пытанне аб выпрацоўцы «формулы справядлівай цаны». «Механізм урадам так і не выпрацаваны. Першапачаткова прапаноўвалася весці маніторынг з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы „Аналіз цэн“. Я папярэджваў на пасяджэнні ўрада першага віцэ-прэм’ера (адказнага па гэтым пытанні Мікалая Снапкова. — Заўвага БЕЛТА), што вы можаце ствараць якую хочаце сістэму, але яна павінна даваць рэзультат. Цяпер як быццам яе прапануюць кансерваваць. Зараз гавару не пра штучны інтэлект, а пра кіраўніцкі, дзе ёсць задачы і адказнасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.