Такое меркаванне карэспандэнту zviazda.by выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка.
Тэма ўрэгулявання расійска-ўкраінскага крызісу была цэнтральнай для сусветных медыя апошнім часам: саміт лідараў Расіі і ЗША на Алясцы, сустрэча Трампа з Зяленскім у Белым доме, званок Трампа нашаму Прэзідэнту, інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі кітайскай Медыякарпарацыі і наступная адкрытая гутарка на актуальныя тэмы геапалітыкі з беларускімі журналістамі. Чаму фокус увагі экспертнай супольнасці сканцэнтраваны на гэтым, расказаў суразмоўца.
— Для нас, простых беларусаў, сёння важна ўстанаўленне трывалага міру ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, спыненне грамадзянскай вайны ў брацкай Украіне, аднаўленне ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з нашымі заходнімі суседзямі, зніжэнне палітычнай напружанасці аж да яе «абнулення» ў цэлым, — падкрэсліў ён.
Парламентарый нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі неаднаразова выказваў сваю перакананасць у неабходнасці выключна мірнага вырашэння палітычнага крызісу ва Украіне:
— У тэлефоннай размове з прэзідэнтам Дональдам Трампам ён адзначыў беспаспяховасць любых спроб ЗША націснуць на Расію і прымусіць яе дзейнічаць на шкоду ўласным нацыянальным інтарэсам.
Алег Дзячэнка канкрэтызаваў: гэта датычыцца выкарыстання інструментаў варожасці і ўльтыматумаў, дыскрымінацыйных мер у гандлі і фінансавай сферы, палітычных санкцый, уведзеных у парушэнне нормаў міжнароднага права.
— Так рабіць нельга, — перакананы ён. — Ніякага дыктату і толькі павага да вялікай ядзернай дзяржавы дапаможа аднавіць амерыканцам дзейсны дыялог з Масквой па шырокім спектры пытанняў — ад эканамічнага супрацоўніцтва да спынення ваеннай эскалацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Такая разумная рэкамендацыя Прэзідэнта Беларусі «новаму-старому» кіраўніку Вашынгтонскай адміністрацыі.
На яго думку, украінскі крызіс — гэта наступства геапалітычнай пасткі, у якую трапіла кіеўская ўлада ў гады кіравання дэмакратаў у ЗША і лібералаў у ЕС:
— Фактычна пры іх у амерыканскіх і еўрапейскіх палітычных і дзелавых колах распаўсюдзілася аксіёма, якая не патрабуе доказаў, аб тым, што Расія больш не здольная абараняць свае геапалітычныя і геаэканамічныя інтарэсы, ператварылася ў «бензакалонку» і крок за крокам будзе ўступаць пазіцыі на сусветнай арэне краінам «калектыўнага Захаду».
Алег Дзячэнка канстатаваў, што такая тактыка была паспяхова апрабавана больш за чвэрць стагоддзя назад, калі пад ціскам Вашынгтона і Бруселя былі перагледжаны галоўныя вынікі Другой сусветнай вайны, знішчана сістэма еўрапейскай бяспекі і пачалося беспардоннае паглынанне агрэсіўным ваенным блокам НАТА краін былога сацыялістычнага саюза і рэспублік Балтыі.
— У перспектыве заходнія палітыкі разглядалі магчымасць уцягвання ў арбіту свайго ўплыву Украіны і дзяржаў Паўднёвага Каўказа. Менавіта нахабнае прасоўванне НАТА ў напрамку граніц Расіі і інспіраваны кампрадорскай буржуазіяй дзяржаўны пераварот ва Украіне паслужылі трыгерам да пачатку найбуйнейшага ў найноўшай гісторыі Еўропы кантынентальнага ваеннага канфлікту, спыніць які, як паказвае гістарычная практыка, вельмі няпроста, — адзначыў ён.
Суразмоўца нагадаў, што Беларусь не з’яўляецца бокам канфлікту і заўсёды выступала за спыненне ўзброенага супрацьстаяння на тэрыторыі Украіны, прапаноўваючы яго ўдзельнікам за сталом перагавораў вырашыць усе спрэчныя пытанні:
— Гэта было і ў 2014, і ў 2015 і ў 2022 гадах. Ды і сёння застаецца ў сіле прапанова ўсім зацікаўленым палітычным сілам вярнуцца ў Мінск для аднаўлення дыскусіі, што называецца, «па сутнасці справы». Але па прычынах, цяпер добра вядомых, ваенна-палітычны авантурызм узяў у Кіеве верх над здаровым сэнсам і пры падбухторванні лідараў асобных заходнееўрапейскіх краін украінскія перагаворшчыкі катэгарычна адмовіліся ад правядзення перагавораў з расіянамі на беларускай тэрыторыі, а затым ужо ў Турцыі не падпісалі і Стамбульскія пагадненні, якія давалі хоць нейкую надзею на мір.
У выніку, нагадвае эксперт, рэальнае развіццё ваенных падзей і далейшы курс на супрацьстаянне з Расіяй прывялі Украіну да значных тэрытарыяльных страт, разбурэння эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры і, самае галоўнае, гібелі сотняў тысяч ваенных і грамадзянскіх асоб.
— Факт застаецца фактам — вайна нанесла велізарныя страты эканомікам усіх уцягнутых у яе краін. Мільёны бежанцаў пазапаўнялі краіны «калектыўнага Захаду», узаемныя санкцыі і эканамічныя абмежаванні, гонка ўзбраенняў, палітычная турбулентнасць у Амерыцы і Еўропе — усё гэта і многае іншае з’яўляецца наступствам вайны на паўднёвым усходзе Украіны, — канстатуе намеснік старшыні профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.
Разам з тым развязка канфлікту магчымая пры садзейнічанні «моцных гэтага свету». У 2025 годзе ў верхнія эшалоны палітычнай улады ЗША прыйшлі людзі, якія значна больш цвяроза ацэньваюць становішча спраў у галіне міжнародных адносін.
— У палітычных колах, дзе дамінуюць рэспубліканцы або іх прыхільнікі, атрымалі распаўсюджванне настроі здаровага прагматызму, у тым ліку і ў пытаннях мірнага ўрэгулявання расійска-ўкраінскага ўзброенага канфлікту. Гэта добра разумеюць непрадузятыя амерыканскія і еўрапейскія палітычныя эксперты і аналітыкі, — звяртае ўвагу суразмоўца. — Ацэньваючы сітуацыю ва Усходняй Еўропе, прэзідэнт Злучаных Штатаў у сваіх публічных выступленнях пастаянна падкрэслівае, што яго відавочна не задавальняе далейшы працяг вайны, і ён мае намер садзейнічаць усталяванню перамір’я паміж Украінай і Расіяй з наступным заключэннем мірнага дагавору на кампрамісных для абедзвюх краін умовах. Зразумела, што Трамп уяўляе сябе вялікім архітэктарам мірных здзелак і ў яго сапраўды маецца пэўны вопыт у такіх справах.
Парламентарый нагадаў, у актыве рэспубліканца — нядаўняя паспяховая медыяцыя ў канфлікце паміж Азербайджанам і Арменіяй на Паўднёвым Каўказе, а яшчэ раней — паміж Індыяй і Пакістанам у Кашміры, паміж Ізраілем і арабскімі дзяржавамі на Блізкім Усходзе.
— Аднак амерыканскаму прэзідэнту з яго «больш гнуткай» знешняй палітыкай у дачыненні да Расіі супрацьстаяць апаненты з ліку лонданскіх і брусельскіх палітыкаў. Апошнія па-ранейшаму мараць зрабіць з рэшткаў Украіны натаўскі ваенны кулак, накіраваны ў бок Саюзнай дзяржавы. Што з гэтага атрымаецца, пакажа час. У Трампа застаецца ўсяго тры гады для ўвасаблення ў жыццё палітычных задум. Ці паспее? — задаецца пытаннем эксперт.
На яго думку, нельга цалкам давяраць палітыкам «калектыўнага Захаду», якія заўсёды абаранялі ўласныя вузкакарыслівыя інтарэсы і грэбавалі лёсамі іншых краін і народаў.
— Таму пераканаць нашых людзей у шчырасці сваіх намераў яны змогуць толькі ў выпадку рэальнага аднаўлення ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з нашай краінай і прыняцця мер па юрыдычнай змене дыскрымінацыйнага гандлёва-палітычнага курсу ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, авіяперавозчыкаў, палітычных, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, — сказаў на заканчэнне парламентарый.