Top.Mail.Ru

«Ніякія сучасныя сродкі камунікацый не заменяць жывых зносін»

У гэтым перакананы дэпутат па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 97 Вячаслаў Даніловіч



Невыпадкова тыдзень, які намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў праводзіць у сваёй акрузе, распісаны пагадзінна. Парламентарый адгукаецца на просьбы аб сустрэчы ў любых калектывах, імкнецца пагутарыць з прадстаўнікамі ўсіх прадпрыемстваў, якія размешчаны на тэрыторыі акругі, незалежна ад іх формы ўласнасці. Будучы ў статусе дэпутата Вячаслаў Даніловіч правёў ужо каля 80 такіх сустрэч.

«Размова з моладдзю — вельмі істотны момант»

«Літаральна ўчора адбылася размова са старшакласнікамі сярэдняй школы № 11 

г. Мінска, прысвечаная праблематыцы Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, — канкрэтызаваў парламентарый. — Абмяркоўвалі ўклад савецкіх людзей у дасягненне Перамогі, згадалі ахвяры, якія панёс беларускі народ. Хлопцы і дзяўчаты задавалі пытанні, якія іх цікавяць. Размова з моладдзю — вельмі істотны момант, бо мала захоўваць памяць аб гераізме і трагедыі савецкага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, трэба трансліраваць яе будучым пакаленням».

Дэпутата радуе, што падчас сустрэч у калектывах усё часцей гучыць пытанне захавання гістарычнай памяці. «Мы бачым на прыкладзе нашай паўднёвай суседкі, што бывае з народам, які гістарычную памяць не захоўвае, — звярнуў увагу Вячаслаў Даніловіч. — Людзі гэта таксама разумеюць».

Па словах дэпутата, відавочна разуменне людзьмі і тых станоўчых змен, якія адбыліся ў нашай краіне. «Часам мы не заўважаем тое, што маем: нам падаецца, што гэта заўсёды было, — адзначыў ён. — Звяртаю ўвагу людзей на тое, што, нягледзячы на адсутнасць вялікай колькасці карысных выкапняў, іншых багаццяў, дзяржава паступова робіць крокі па паляпшэнні і сацыяльнай інфраструктуры, і эканомікі. Але шмат што залежыць непасрэдна ад іх, працаўнікоў. Іншага багацця ў дзяржавы — акрамя людзей — фактычна няма. Прыемна, што выбаршчыкі гэта ўсведамляюць»

Ідэалогія беларускай дзяржавы — адна з ключавых тэм размоў з калектывамі, што асабліва актуальна ў сувязі з падпісаннем кіраўніком краіны Дырэктывы № 12. «Калі дзяржава не мае ідэалогіі, яна не мае будучыні, — падкрэсліў дэпутат. — Ідэалогія беларускай дзяржавы грунтуецца на зразумелых любому чалавеку рэчах: патрыятызме, адзінстве і справядлівасці. Калі размаўляеш з грамадзянамі гэтымі катэгорыямі, у іх не ўзнікае ніякіх пытанняў».

Ад праблем цэлага мікрараёна да міжасобасных спрэчак

Жыхары Чкалаўскай выбарчай акругі, якая знаходзіцца ў сталіцы, шмат увагі аддаюць добраўпарадкаванню. Па словах дэпутата, гэта адна з топавых тэм, што хвалюе людзей падчас асабістых прыёмаў. «Заўсёды імкнуся даводзіць жыхарам: шмат у чым гэты парадак залежыць ад кожнага з нас, — акцэнтаваў увагу Вячаслаў Даніловіч. — Не трэба чакаць, што дзяржава прышле кагосьці, каб навесці парадак. Трэба самім уключацца ў гэты працэс». Так і адбываецца, аб чым сведчаць рэгулярныя суботнікі на тэрыторыі акругі.

З красавіка мінулага года дэпутатам праведзена звыш 40 асабістых прыёмаў грамадзян. Улічваючы спецыфіку выбарчай акругі, прыёмы праводзяцца не толькі на базе Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, а і ў мікрараёнах Сокал і «Мінск-Свет». Усё з адной мэтай — быць бліжэй да людзей.

Дэпутат удзячны кіраўніцтву Кастрычніцкага раёна за наладжаную супольную работу па вырашэнні тых пытанняў, з якімі да яго звяртаюцца людзі. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, у мікрараёне Сокал працуе амбулаторыя для мясцовых жыхароў, дзе праводзяць прыёмы ўрачы сталічнай паліклінікі № 3. Па просьбе людзей скарэкціраваны графік пэўных спецыялістаў, каб жыхары маглі вырашыць сваё пытанне на месцы. Акрамя таго, у лесапаркавай зоне мікрараёна створана спартыўная пляцоўка, што таксама адпавядае запытам людзей. Вырашана пытанне і забяспечанасці жыллём настаўнікаў сярэдняй школы № 194, якая размешчана ў Сокале

«Да нядаўняга часу ў гэтай навучальнай установе была вялікая цякучка: маладыя спецыялісты адпрацоўвалі па размеркаванні і сыходзілі ў іншыя навучальныя ўстановы з той прычыны, што ім было нязручна дабірацца да мікрараёна, — агучыў праблему дэпутат. — Сумесна з мясцовымі ўладамі знайшлі добрае выйсце: усе настаўнікі школы, у каго была патрэба ў жыллі, атрымалі арэндныя кватэры. Гэты важны момант паспрыяў замацаванню педагогаў па месцы работы».

Даводзіцца народнаму выбранніку вырашаць і міжасобасныя спрэчкі. «Імкнуся даводзіць да людзей, што наша свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека, — адзначыў ён. — Усе мы жывём у грамадстве, і таму вельмі важна пры ўзнікненні розных праблем прыходзіць да паразумення, а не заганяць сітуацыю ў тупік. Важна наладжваць камунікацыі паміж людзьмі. Не трэба чакаць ад дзяржавы вырашэння ўсіх праблем. Праблемы ў большай ступені заключаюцца ў нас з вамі».

Графік работы дэпутата ў акрузе фарміруецца не толькі зыходзячы з запытаў і прапаноў грамадзян, працоўных калектываў, а таксама з яго асабістай ініцыятывы. «Кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў рэгулярна ставіцца задача прапрацаваць тое ці іншае пытанне ў калектывах, пачуць меркаванні людзей на месцах, — удакладніў Вячаслаў Даніловіч. — У прыватнасці, плануецца карэкціроўка заканадаўства, звязанага з удасканаленнем прадпрымальніцкай дзейнасці. Перад дэпутацкім корпусам стаіць задача: непасрэдна ў прадстаўнікоў бізнес-супольнасці даведацца, што яшчэ варта зрабіць, каб палепшыць умовы для вядзення бізнесу, каб ён пры гэтым заставаўся сацыяльна адказным. Кожны законапраект закранае інтарэсы розных пластоў насельніцтва, прадпрыемстваў, арганізацый, і задача дэпутата — урэгуляваць спрэчныя пытанні, знайсці кампраміс, каб закон, які будзе прыняты, дзейнічаў эфектыўна».

Фота з архіва дэпутата

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю