Вялікі тэатр Беларусі далучыцца 16 мая да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе тэатра.
«Вядучыя артысты аркестра і салісты оперы штогод прымаюць удзел у акцыі «Ноч музеяў», але ўпершыню сам Вялікі тэатр стане пляцоўкай для незвычайнага перформансу. Тэатр запрашае гледачоў у фае бельэтажа на вытанчаны камерны канцэрт «Цені адлюстраванняў». Гэта цудоўная магчымасць спыніцца і дазволіць музыцы адвесці сябе за межу рэальнасці, дзе можна пагрузіцца ў свет гармоніі і супакою», — паведамілі ў тэатры.
Гледачоў чакае своеасаблівае падарожжа — ад медытатыўных твораў Эрыка Саці і Клода Дэбюсі, рамантычных і светлых твораў Дэвіда Ланца да джазавых стандартаў Джорджа Гершвіна і Эрала Луіса Гарнера праз кінематаграфічныя светы Генры Манчыні і Патрыка Дойла.
Глыбокі аксамітны голас Кацярыны Міхнавец (мецца-сапрана), празрыстыя гукі раяля (Ірына Бутэль), чараўніцтва марымбы і ўдарных (Аляксандр Тырыбінін) створаць тую лёгкую атмасферу, у якой акадэмічная традыцыя суседнічае з імправізацыйнай музычнай свабодай. Праграму вечара выбудавалі рэжысёр Наталля Кузьмянкова, мастак па святле Аляксандр Санько і гукарэжысёр Вадзім Іваноў.