Самая яркая падзея музейнага жыцця за год чакаецца ў бліжэйшыя выхадныя (а некаторыя ўстановы пачынаюць у пятніцу, 15-га мая). Розныя музеі краіны далучацца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», прапануючы наведвальнікам адмысловыя тэматычныя праграмы, інтэрактыўныя экскурсіі, майстар-класы. Мы звярнулі ўвагу на праграму некаторых устаноў, але варта пацікавіцца: які музей ёсць побач з вамі і, магчыма, загадзя паклапаціцца пра квіткі, каб пазбегнуць чэргаў.
Незвычайнае ў вядомым
У сталіцы Беларусі адной з асноўных пляцовак стане Нацыянальны мастацкі музей з праграмай «Больш, чым сіні». Канешне, будзе абыграны фірмовы колер гэтага музея, але што датычыцца мастацтва, то заўсёды трэба глядзець больш шырока: сіні — гэта яшчэ метафара асаблівага стану, пачуцця. Таксама часта з яго дапамогай перадавалі атмасферу, напрыклад, знакаміты мастак з Віцебска Марк Шагал (дарэчы, выстаўку адной яго карціны «Прагулка» ўсё яшчэ можна наведаць). Толькі ў гэту ноч магчыма ўбачыць калекцыю беларускага і замежнага мастацтва ў незвычайным асвятленні, з удзелам мастакоў, акцёраў і музыкантаў (тут праграма прадумана да гадзіны ночы!).
«Цвік» праграмы ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — унікальны габелен, створаны да 60-годдзя СССР народным мастаком Беларусі Аляксандрам Кішчанкам (гэта той самы аўтар, што занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса за «Габелен стагоддзя»), але твор, які будзе дэманстравацца сярод іншых запланаваных імпрэз «Ночы...», напоўнены памяццю пра вайну і сімваламі эпохі. Дарэчы, і Мемарыяльны комплекс «Хатынь» далучаецца да акцыі, запрашаючы пераасэнсаваць памяць.
Нацыянальны гістарычны музей сёлета прапануе вечар на тэму «Спадчына ў жаночых далонях». Тут шукаем адказы на пытанні: што захоўвалася ў куфэрку сярэднявечнай прыгажуні? У якіх выпадках нашы далёкія папярэднікі карысталіся таемнай мовай кветак і зашыфроўвалі свае думкі? Як выглядаў традыцыйны строй беларускі? Якія «гандлёвыя пункты» наведвалі нашы прабабулі?..
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту тым часам прапануе паглядзець дэфіле з паказам сучаснай моды, якая створана паводле нашых традыцый. А яшчэ тут прапануюць далучыцца да загадкавых рытуалаў, звязаных з народнай магіяй і правесці вечар каля вогнішча. Рамантыка...
Іншы погляд на тэму жаночага/мужчынскага — у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Тут усё па-даросламу: лекцыя «Праекцыя кахання: эратызм у мастацтве» (з абмежаваннем 18+), якая часткова пройдзе сярод твораў выстаўкі «Формы і цені: жаночае», але з развагай пра тое, як выяўляе сябе душа ў мужчынскай свядомасці.
Літаратура і ўзнёсласць
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры як галоўную падзею вечара заявіў літаратурны аўкцыён, да якога можа далучыцца кожны, хто выставіць сваю кнігу на беларускай мове з інтрыгоўным апісаннем (але без назвы і імя аўтара). Тут нават будзе дзейнічаць уласная валюта — «літалеры».
Спалучыць творчасць і касмічную тэматыку вырашылі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Для маленькіх наведвальнікаў прадумалі адмысловую праграму са спектаклем Таццяны Крыцкай «Палахлівае мышаня», інтэрактыўнай праграмай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — «Касмічныя прыгоды Вухуціка» і расповедамі пра вершы, якія ляталі ў космас. Крыху пазней дарослым прапануюць квіз «Дакрануцца да зор» і квэст «Выканаць немагчыма». Але варта звярнуць увагу на лекцыю сапраўднага астрафізіка і курс «літаратурнай касмаграфіі».
Інтэрактыўны «Вечар белых руж» арганізоўваюць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Тут усё прывязана да зямлі і да Купалавага дома (Пясняр яго набыў 100 гадоў таму). А ў чароўную ноч тут адбываюцца квэсты, модныя дэфіле і нават шахматныя гульні. Але прыйдзецца пастарацца тым, хто хоча трапіць на паказ першага беларускага фільма «Лясная быль», — каб набыць квіток, трэба выканаць шэраг заданняў...
«Кола© часу...» — гэта назва акцыі ў Музеі Якуба Коласа. Тут збіраюцца стварыць гістарычную рэканструкцыю атмасферы часоў Першай сусветнай вайны, нават з паказам стужак нямога кіно. Але адмыслова прадставяць партрэт класіка беларускай літаратуры з фондаў Віцебскага музея.

Рэгіянальныя адкрыцці
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — адзін з тых, хто мае чым здзівіць. У Музеі беларускага кнігадрукавання прапануюць адчуць атмасферу старога манастыра і прагуляцца па яго келлях са свечкамі, каб зразумець: «У цемры ажываюць цені». Зрэшты, Полацк багаты на музеі, адпаведна — і на імпрэзы ў рамках акцыі.
Музей-запаведнік «Нясвіж» робіць акцэнт на «Антычных загадках Нясвіжскага замка» (пры тым, што ў двары сваю праграму прадставіць Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», размесцяцца інтэрактыўныя гульнявыя пляцоўкі і гандлёвыя пункты рамеснікаў). А вось Мірскі замак збіраецца перанесці гасцей у эпоху Сярэднявечча і Рэнесанса (з дэфіле гістарычных касцюмаў, танцавальнымі майстар-класамі і батлеечнымі спектаклямі). Тымі ж часамі натхняліся ў Гродненскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі: у Новым замку будуць спасцігаць «Магію Шэкспіра» (з чароўным светам фей і эльфаў).
Зусім іншыя задумы ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Запускаючы сваё «АРТ-кола», арганізатары акцыі прапануюць падарожжа скрозь мінулае і розныя віды мастацтва, у якіх раскрываецца код нашай ідэнтычнасці — ад праекта «Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы» і музыкі цымбал да харэаграфічнага спектакля, карцін з пяску і сучасных твораў. І толькі ў гэтую ноч будзе дэманстравацца рарытэт — дыплом Івана Паскевіча на прысваенне звання фельдмаршала аўстрыйскіх войскаў з асабістым подпісам імператара Франца Іосіфа.
Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава прапануе дэтэктыўнае паглыбленне ў гісторыю: пошукі і знаходкі археолагаў дазваляюць ствараць экспазіцыі, рабіць рэстаўрацыю знакавых аб’ектаў, нават натхняюць на «Конкурс археалагічнага малюнка». А вось у «Археалагічным музеі «Бярэсце» ў рамках акцыі задумалі правесці «Берасцейскую маёўку — 2026» з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі і выбралі для гэтага свой дзень і час — 30 мая. Бо музей — гэта адкрытая прастора, якая сама для сябе стварае правілы існавання, абы толькі быў ад гэтага плён.
Ларыса ЦІМОШЫК