Рабочы панядзелак у Веры быў вельмі напружаны: ледзь паспела да канца дня «разгрэбці» ўсё неадкладнае, як на стале заспяваў мабільны.
Рабочы панядзелак у Веры быў вельмі напружаны: ледзь паспела да канца дня «разгрэбці» ўсё неадкладнае, як на стале заспяваў мабільны.
— Ты чула? — зазвінеў ля вуха голас суседкі, — грыбы пайшлі!
— У снежні?! Якія? — здзівілася Вера.
— Курачкі! Хоць касою касі за Чортавым пагоркам.
— Дык у суботу, можа, сходзім?
— Якая субота?! — хвалявалася Галя. — Тут да чацвярга ўсё вынесуць альбо перарасце.
— Дык што рабіць? — уголас думала Вера. — Цяпер жа ў лес не пад’едзеш — цёмна.
— А шахцёрскі ліхтар нашто? Уключым і назбіраем — як піць даць!
...Галін муж, пачуўшы просьбу сябровак паехаць у грыбы, выразна пакруціў пальцам ля скроні, потым доўга бубнеў, што ў іх даўно ўжо шарыкі зайшлі за ролікі... Але ж машыну з гаража выгнаў і да пагорка жанчын давёз — уключыў ліхтар. Грыбоў — сівавата-белых курачак — і сапраўды было як насыпана!
Пятро свяціў, Галя з Верай увішна рэзалі і набралі іх — будзь здароў!
— Хоць бы ніхто не ўбачыў, — уздыхаў Пятро, выгружаючы мяшкі каля дома і разумеючы, што ў вёсцы шанцаў на
гэта — нуль.
— О-о... А дзе гэта вы столькі грыбоў купілі? — пацікавіўся Антонька, па мянушцы Шуфлік. — Вёшанкі нейкія ці што?
— Сам ты вёшанка! — абазвала яго Вера. — Курачкі гэта... Мы толькі што назбіралі.
— Гоніш! — не паверыў Шуфлік. — Як вы іх у цемры знайшлі?
— Дык яны ж свецяцца, — хаваючы ўсмешку, падключыўся да размовы Пеця.
— Няпраўда! — заявіў Шуфлік, гледзячы ў мяшок.
— Гэта цяпер яны патухлі, бо зрэзаныя, — гнуў сваё Пятро. — А ў лесе — ну як светлячкі свяціліся!
— І яны што — іх можна есці? — з недаверам пацікавіўся Шуфлік.
— Можна, — сказала Вера. — Ну калі я табе маніла?
— А ў восемдзясят восьмым... Помніш? Я хацеў цябе з клуба правесці. Ты сказала, каб пачакаў на ганку, а сама праз акно і ходу, — прыгадаў сваю крыўду Шуфлік.
— Ты яшчэ садок дзіцячы ўзгадай, — адмахнулася Вера. — А я табе скажу, што на латыні гэтыя грыбы завуцца лапінарус куралептыкум.
...Веданне латыні ці нават намёк (як у гэтым выпадку), што ты яе ведаеш, станоўча ўплывае на ход падзей. Вось і Шуфлік паверыў: атрымаў ад грыбнікоў торбачку «лапінарусаў» і шчаслівы, можна сказаць, пакіраваў дадому.
Раніцай на рабоце ён паспрабаваў быў расказаць, што вячэраў грыбамі, якія па начах свецяцца, але вяскоўцы слухаць яго не сталі: ці мала што чалавеку прымроіцца? Ночы ж у снежні доўгія.
А. Навасельская, Мінскі раён.