Top.Mail.Ru

Новаўвядзенні ў законе аб меліярацыі пойдуць на карысць землекарыстальнікам — Сергяенка

Унясенне змяненняў у закон аб меліярацыі зыходзіць з практыкі, і ўсе навацыі пойдуць на карысць землекарыстальнікам і меліяратарам. Пра гэта журналістам на выязной пашыранай рабочай нарадзе ў Чашніцкім раёне расказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка, перадае БелТА.



Кіраўнік дэпутацкага корпуса Беларусі адзначыў, што на чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 15 верасня, будуць разглядацца ў другім чытанні змены ў закон аб меліярацыі, прыняты яшчэ ў 2008 годзе. «За гэты час наспела неабходнасць унясення пэўных змяненняў. Навацыі, якія прапануюцца ў дадзены закон, зыходзяць з практыкі, яны распрацаваны ў рэчышчы патрабаванняў кіраўніка дзяржавы па ўключэнні меліяраваных зямель у сельскагаспадарчы абарот. Таму было вырашана правесці на заключным этапе гэту пашыраную нараду з удзелам часткі дэпутацкага корпуса, якая найбольш паглыблена ў гэту тэму. Гэта тыя, хто прадстаўляе аграрную камісію, Віцебскую вобласць, а таксама спецыялісты-практыкі, кіраўнікі сістэмы меліярацыі нашай краіны, ключавых звёнаў абласных структур», — праінфармаваў Ігар Сергяенка.

Удзельнікі выязной нарады пабывалі на важным для Чашніцкага раёна аб’екце, дзе праводзіцца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы на землях ААТ «Ведранскае-Агра». Меліяратары працуюць на плошчы 330 га — павялічваецца контурнасць палёў, прыбіраюцца хмызнякі і дрэвы. Гендырэктар холдынга «ВітМелія» Сяргей Самахвалаў падкрэсліў, што работы тут выкананы амаль на 70%.

Таксама ён расказаў, чым меліярацыйны комплекс Віцебшчыны адрозніваецца ад аналагічных структур у іншых рэгіёнах краіны. «У нас пераважаюць цяжкія грунты — гліна і суглінкі. І падыходы ў нас іншыя. У рэгіёне пакладзена 288 тыс. км дрэнажу, што складае 29% ад агульнай працягласці ў рэспубліцы. Абслугоўванне гэтай закрытай сеткі — справа працаёмкая і дарагая. Мы ў абавязковым парадку ўжываем такія тэхналогіі, як прамыванне дрэнажу, падчыстка каналаў. Для паўночнага рэгіёна таксама характэрна рыхленне цяжкіх глеб. У нас стаяць дзве задачы. Першая — перахоп грунтавых вод, другая — адвядзенне паверхневых вод у водапрыёмнікі, гэта значыць каналы, калодзежы, фільтруючыя калонкі. Акрамя таго, кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача па мульчыраванні — драбненні выкарчаваных кустоў, якія раней складваліся ў валы», — растлумачыў ён і дадаў, што гэты аб’ект увядуць у эксплуатацыю ў маі 2027 года.

Гендырэктар холдынга падкрэсліў, што ў Віцебскай вобласці не было б ураджаю, калі б на сельгасземлях не праводзілася меліярацыя. «На меліяраваных землях на 30% больш ураджайнасць, чым на тых, дзе яна не праводзілася. Меліяраваны фонд сельгасзямель у вобласці складае 503 тыс. га, прытым, што агульны актыўны фонд меліяраваных зямель ахоплівае 996 тыс. га», — адзначыў ён.

Сяргей Самахвалаў расказаў удзельнікам нарады, што ў ліку праблемных пытанняў для Віцебскай вобласці — абнаўленне меліярацыйных сістэм, тэрмін эксплуатацыі якіх ужо перавышаны, а ён складае 40 гадоў. Таксама спецыялісты адзначылі, што для паўночнага рэгіёна характэрна рыхленне так званай плужнай падэшвы — ушчыльненага пласта глебы, праз які карані раслін не могуць пранікнуць, каб атрымаць пажыўныя рэчывы. З-за яе пры дажджах таксама атрымліваюцца вымачкі, а падчас засухі расліны не могуць атрымаць вільгаць з грунтавых вод. Для такіх работ выкарыстоўваюць спецыяльную тэхніку, якая падымае шчыльны пласт глебы, паляпшаючы яе стан.

На аб’екце рэканструкцыі таксама прадставілі выставу тэхнікі, якая выкарыстоўваецца меліяратарамі. «Мы сёння ўбачылі тэхніку, тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца меліярацыйнай службай. Многія, думаю, у першы раз бачылі і адкрылі для сябе меліярацыю, якая развіваецца актыўна дзякуючы прыманым мерам падтрымкі ў апошнія гады — па тэхнічным аснашчэнні, пераўзбраенні, выкарыстанні новых прыёмаў, у тым ліку па планаванні, прагназаванні, прывядзенні зямлі ў парадак. Нават на гэтым этапе прагучалі асобныя прапановы ад кіраўнікоў абласных структур па ўнясенні змяненняў у асобныя нарматыўныя акты, якія будуць працаваць толькі на карысць і землекарыстальнікам, і меліяратарам», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Другая частка нарады, па яго словах, будзе тэарэтычнай — дэпутаты заслухаюць даклады па напрамках, якія будуць удасканальвацца ў законапраекце. «Гэта якія навацыі? Паняційны апарат канкрэтызуецца, уводзяцца новыя паняцці, якіх не было. Устанаўліваюцца канкрэтныя тэрміны пасля правядзення меліярацыйных работ — на працягу месяца аб’ект павінен быць прыняты ў эксплуатацыю землекарыстальнікам. Пашыраюцца правы аблвыканкамаў і райвыканкамаў па ацэнцы зямель і вызначэнні тых відаў работ, якія неабходна ў першачарговым парадку праводзіць, напрыклад прыборка драўнянай расліннасці. Я бачу, што ў Віцебскай вобласці ў тым ліку хмызнякі наступаюць на палі, пачынаюць расці там, дзе калісьці было добрае поле», — сказаў Ігар Сергяенка.

Ён дадаў, што ў абноўленым законе таксама будуць прапісаны пэўныя правы і абавязкі сельгасарганізацый, якія прымаюць у эксплуатацыю меліяраваныя землі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю