Top.Mail.Ru

Новае двухтыднёвае меню апрабуюць у школах Мінска пасля восеньскіх канікул

Новае двухтыднёвае меню апрабуюць у школах Мінска пасля восеньскіх канікул. Пра гэта расказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, паведаміла БелТА. 


Ён адзначыў, што школа — гэта храм ведаў, а не рэстаран. У Мінадукацыі зыходзяць з таго, што школьнае харчаванне павінна быць якасным і карысным. «Мы разумеем: здароўе нашых дзяцей знаходзіцца ў нашых руках, у тым ліку ў адпаведнасці з якасцю таго харчавання, якое мы прадастаўляем», — сказаў Андрэй Іванец.

Міністр нагадаў, што найважнейшай задачай, пастаўленай Прэзідэнтам, з’яўляецца скарачэнне адходаў у школьных сталовых, і звярнуў увагу на тое, што здаровае і смачнае харчаванне павінна быць запатрабавана ў школьнікаў. «Меню для дзяцей павінна быць ясным, зразумелым, прымальным. Максімальна, наколькі гэта магчыма ў рамках санітарных нормаў, падыходзіць да звычайнага дамашняга харчавання. Мы апрабуем у самы бліжэйшы час пасля восеньскіх канікул новае двухтыднёвае меню ў школах горада Мінска», — дадаў Андрэй Іванец. Пасля апрабацыі ў Міністэрстве адукацыі паглядзяць на яго запатрабаванасць зыходзячы з запытаў вучняў.

Акрамя таго, міністр згадаў і пра забарону карыстання тэлефонамі ў школах. «Тое невялікае хваляванне, якое было з пункту гледжання прыняцця альбо непрыняцця гэтай навацыі, прайшло. Дзеці спакойна здаюць тэлефоны. Была асцярога, што ўсе пяройдуць на кнопкавыя і будуць трымаць смартфоны ў заплечніках. Аднак маніторынг, які мы праводзім, паказвае, што дзеці прыходзяць у школу з тэлефонамі, як і раней, і здаюць іх. Бачым, што хлопцы і дзяўчаты сталі больш актыўнымі на перапынках. Гэта добра і выдатна. У некаторых школах у малодшых класах ладзяць музычныя перапынкі для таго, каб дзеці былі больш актыўнымі. У старшых класах мы плануем увесці буккросінг для таго, каб вучні маглі прынесці цікавыя кнігі з дому, абмяняцца імі і пачаць больш чытаць», — падзяліўся планамі Андрэй Іванец. 

Міністр расказаў, што пры зносінах з хлопцамі і дзяўчатамі многія з іх адзначылі, што не заўважаюць адсутнасці мабільных тэлефонаў падчас знаходжання ў школе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю