На базе Беларускай валютна-фондавай біржы ў Мінску адбылося пашыранае сумеснае пасяджэнне Пастаянных камісій Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, а таксама па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Было разгледжана развіццё фондавага рынку ў рамках рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і забеспячэння эканамічнай бяспекі нашай краіны.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл РУСЫ, рашэнне аб правядзенні сумеснага пасяджэння абумоўлена складанай і шырокай тэмай. Бо вядома, што фінансы і банкаўская сфера — гэта крывяносныя сасуды ў любым дзяржаўным арганізме, а фондавы рынак — складнік гэтых сфер.
«Яшчэ адно важнае пытанне — стратэгічнае партнёрства з Кітаем. І Прэзідэнтам, і Старшынёй Савета Рэспублікі гэтаму кірунку ўдзяляецца самая пільная ўвага. На нарадзе разглядалася, як рэалізоўваецца рамачнае пагадненне, заключанае ў Пекіне ў верасні 2016 года паміж нашым Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і Камітэтам па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР. Стварэнне ўмоў у частцы развіцця фондавага рынку можа прыцягнуць буйныя кітайскія кампаніі на айчынную біржу», — адзначыў парламентарый.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Аляксей ВАСІЛЬЕЎ заўважыў, што на пасяджэнне былі запрошаны не толькі прадстаўнікі міністэрстваў, але і кіраўніцтва буйнога айчыннага інвестыцыйнага іграка кампаніі «Айгеніс». Гэтая арганізацыя ўдзельнічае ў развіцці фондавага рынку не толькі ў нашай краіне — яна яшчэ зарэгістравана на Маскоўскай біржы.
На думку Аляксея Васільева, цяпер у нашай краіне неабходна больш актыўна развіваць рынак акцый: «Аблігацыі — гэта на пэўных умовах пазычэнне грошай, а акцыі — гэта ў тым ліку прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Яшчэ адзін плюс развіцця рынку акцый — у прыцягненні на доўгатэрміновай аснове грошай насельніцтва».
Як адзначыла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік філіяла ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» у г. Гродна Алена Стальбоўская, фінансавыя рэгулятары ўдзяляюць шмат увагі пытанням развіцця фондавага рынку. Вельмі важна, што ў нашай краіне гэтыя рынкі развіваюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі трэндамі. У нас для гэтага добра развітая інфраструктура і пастаянна ўдасканальваецца заканадаўчая база. З’яўляюцца новыя ўдзельнікі рынку каштоўных папер, а таксама новыя інструменты фондавага рынку, напрыклад даўгавыя аблігацыі.
Як адзначыла Алена Стальбоўская, фондавы рынак нашай краіны паступова інтэгруецца з фінансавай сістэмай Расіі. Але, на яе думку, ёсць і вузкія месцы. Напрыклад, здзелкі з акцыямі прадпрыемстваў маюць сёння мінімальныя значэнні — 0,2 % ад усіх аб’ёмаў. «У Расіі гэты рынак акцый на некалькі парадкаў вышэйшы, чым у нас. Тут важным аспектам выступае тлумачальная работа сярод суб’ектаў гаспадарання аб тым, што рынак акцый з’яўляецца ідэальным інструментам прыцягнення „доўгіх грошай“ наступных інвестыцый», — лічыць Алена Стальбоўская.
Праведзеная сустрэча стала пляцоўкай для адкрытага абмену вопытам і дазволіла выявіць праблемныя пытанні, а таксама вызначыць кірункі для далейшай работы. У рамках рэалізацыі палажэнняў канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны ў эканамічнай сферы вырашана рэкамендаваць Нацбанку сумесна з Мінфінам разгледзець пытанне аб неабходнасці прыняцця заканадаўчага акта, які вызначае статус фінансавай платформы «Фінмаркет», патрабаванні да аператараў, механізмы абароны інвестараў і стандарты інфармацыйнай бяспекі.
У сваю чаргу Міністэрству фінансаў неабходна актывізаваць работу па падрыхтоўцы актаў заканадаўства, якія вызначаюць парадак эмісіі і абарачэння «зялёных» фінансавых інструментаў. Таксама Мінфіну сумесна з Міністэрствам па падатках і зборах неабходна прапрацаваць два пытанні. У першым гаворыцца аб захаванні льготнага падаткаабкладання толькі для даходаў, якія атрыманы па аперацыях у ходзе адкрытых біржавых таргоў з каштоўнымі паперамі, уключанымі ў лістынг фондавай біржы. Другое пытанне датычыцца мэтазгоднасці зніжэння падатку на прыбытак на перыяд ад 3 да 5 гадоў для прадпрыемстваў, якія размясцілі свае акцыі (не менш чым 14–20 % ад статутнага капіталу) на фондавай біржы шляхам правядзення ІPO.
Сяргей КУРКАЧ