Top.Mail.Ru

Новае папаўненне віцебскіх дэсантнікаў прыняло ваенную прысягу

Клятва на вернасць Радзіме

Каля 600 навабранцаў 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады 24 мая прынялі ваенную прысягу на плошчы Перамогі каля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел ветэраны злучэння і Узброеных Сіл, службовыя асобы камандавання сіл спецыяльных аперацый, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і духавенства, якія пажадалі навабранцам дасканала вывучыць дэсантную навуку і годна прайсці службу. 

«Адказнасць перад народам і Айчынай»

Па добрай традыцыі да ваеннаслужачых тэрміновай службы звярнуўся камандзір 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі палкоўнік Уладзімір Сафонаў: «Сёння, 24 мая, на гэтым святым месцы нашы ваеннаслужачыя прынясуць ваенную прысягу. Яе змест, урачыстыя рытуалы адлюстроўваюць гістарычныя і нацыянальныя традыцыі беларускага народа. У гэты ўрачысты дзень перад тварам сваіх таварышаў, бацькоў, ветэранаў маладыя воіны-дэсантнікі клянуцца ў вернасці Рэспубліцы Беларусь. Таварышы салдаты, прымаючы прысягу, вы бераце на сябе адказнасць перад народам і Айчынай годна і мужна выконваць свой воінскі абавязак, абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць нашай любімай Радзімы. Будзьце заўсёды і ўсюды верныя святой клятве!». 

Прыняцце прысягі — адна з найважнейшых падзей у жыцці кожнага мужчыны. Такім меркаваннем падзяліўся навабранец з Віцебска гвардыі радавы Кірыл Кабураў: «Мой бацька праходзіў тэрміновую службу ў 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, і я шчаслівы, што таксама трапіў у дэсант, буду з гонарам насіць адметны для гэтага роду войскаў блакітны бярэт. У дзень прыняцця прысягі настрой у мяне выдатны. Я прайшоў курс маладога байца і шмат чаму паспеў навучыцца. Палявыя выхады, стрэльбы, страявая падрыхтоўка — кожны дзень у арміі насычаны чымсьці новым. Упэўнены, што праходжанне тэрміновай службы не перашкодзіць кожнаму маладому чалавеку, асабліва ў 103-й брыгадзе. Гісторыя гэтага славутага злучэння сведчыць аб мужнасці, патрыятызме, гераізме дэсантнікаў, іх вернасці Айчыне і высокім прафесіяналізме. Ганаруся, што мне выпаў гонар служыць у праслаўленым злучэнні, ваеннаслужачыя якога праявілі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан. 103-я Віцебская паветрана-дэсантная брыгада і цяпер адна з найлепшых ва Узброеных Сілах Беларусі. Мы, маладое папаўненне, працягнем воінскія традыцыі сваіх папярэднікаў».

Прайсці адбор, патрапіўшы менавіта ў 103-ю Віцебскую паветрана-дэсантную брыгаду, — гэта вельмі ганарова, лічыць гвардыі радавы Максім Волкаў з Мінска: «Ужо пасля курсу маладога байца пераканаўся, што асцярогі, якія на „грамадзянцы“ бываюць у некаторых наконт службы, усяго толькі здагадкі. На самай справе армія сапраўды дапамагае выхаваць з учорашніх хлапчукоў смелых, моцных, годных мужчын. Асабіста я, спасцігаючы ваенную навуку, цалкам задаволены. Зараз удасканальваю якасці стралка, выдатна зладзіў са сваімі таварышамі па брыгадзе».

У тое, што пройдзе службу цалкам паспяхова, не сумняваецца і гвардыі радавы Андрэй Іванец, зямляк Максіма Волкава: «За плячыма пакуль толькі першае пагружэнне ў армейскую тэму, а мне ўжо вельмі цікава! Напрыклад, мы з таварышамі праходзілі першасную паветрана-дэсантную падрыхтоўку, вучыліся укладваць парашут... Складаным выпрабаваннем аказалася праходжанне „псіхапаласы“, з якой, тым не менш, усе нашы навабранцы справіліся паспяхова».

У дэсантнікі — па закліку душы

У маладога папаўнення дэсантнікаў стала добрай традыцыяй падаваць дзяўчатам заручальны пярсцёнак ва ўрачысты дзень прыняцця прысягі. Так адбываецца ўжо не адзін год. Ствараць сем’і ў пачатку тэрміновай службы — добрая прыкмета, лічаць дэсантнікі. Так, гвардыі радавы Максім Кваша стаў на калена перад выбранніцай Анастасіяй, падарыў пярсцёнак з букетам, і пачуў запаветнае: «Так». Дзяўчына прыняла прапанову рукі і сэрца, паабяцаўшы абавязкова дачакацца свайго выбранніка. 

Пра такі ж момант марыць віцяблянін і патомны дэсантнік гвардыі радавы Максім Раманаў. Але прапанову ён плануе зрабіць пасля тэрміновай службы. У дэсантнікі Максім пайшоў па закліку душы. Яго бацька, дзядзька, дзядуля, хросны, будучы цесць — усе яны праходзілі тэрміновую службу ў славутай 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Пасля дзембеля малады чалавек плануе пайсці на кантрактную службу і адразу ж паклікаць замуж сваю каханую, якая чакае яго з арміі. Гаворачы аб планах стаць ваеннаслужачым, ён адзначыў, што бачыць сваё прызванне толькі як абаронца Радзімы: «Я адчуваю, што гэта маё. Цяжка сказаць, але мне здаецца, што я народжаны, каб быць ваеннаслужачым. Не баюся ні дысцыпліны, ні вышыні, каб з парашутам скакаць, і гатовы адправіцца па загадзе туды, дзе буду больш патрэбна», — звярнуў увагу Максім.

Добрасумленна выканаць воінскі абавязак мае намер і навабранец з Докшыцкага раёна гвардыі радавы Даніла Далідовіч: «Я хацеў трапіць на тэрміновую службу ў сілы спецыяльных аперацый, і мая мара спраўдзілася! Я паспяхова прайшоў курс маладога байца, і мяне прызначылі камандзірам аддзялення ў 72-й гвардзейскі аб’яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Да прызыву паспеў скончыць каледж у Мінску і атрымаць запатрабаваную прафесію тынкоўшчыка-маляра. Вядома, сумую па родных. Вельмі ўзрадаваўся сустрэчы з імі на прысязе, у гэты святочны і хвалюючы дзень да мяне прыехалі маці, бацька, сястра, цётка. Яны ўбачылі, як я ўзмужнеў за месяц службы і рады, што яна праходзіць паспяхова». 

За ўрачыстым для навабранцаў момантам сачылі іх родныя, сябры, чакаючы, калі можна будзе павіншаваць сваіх сыноў і братоў, якія апранулі форму ахоўнага колеру. Усяго каля 1,5 тысячы чалавек разам з запрошанымі ганаровымі гасцямі прынялі ўдзел у гэтым свяце. Пасля прыняцця прысягі ваеннаслужачыя тэрміновай службы прайшлі ўрачыстым маршам каля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Затым навабранцы, якія прынялі прысягу, адправіліся ў сваё першае дзённае звальненне. Яны атрымалі магчымасць убачыцца з роднымі. У сонечны майскі дзень на вуліцах Віцебска галубелі бярэты дэсантнікаў. Пад руку з роднымі навабранцы адправіліся гуляць па горадзе на Дзвіне.

Фота тэлеграм-канала 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю