У Гродзенскім аблвыканкаме пад кіраўніцтвам Юрыя Караева абмеркавалі ход будаўніцтва новай гарадской бальніцы на праспекце Янкі Купалы, а таксама назву медустановы, будучыя структурныя падраздзяленні клінікі. Пра гэта паведамілі БелТА ў прэс-службе Гродзенскага аблвыканкама.
Новая медустанова атрымае назву «Гродзенская абласная клінічная бальніца». Статус абласной установы дазволіць забяспечваць аказанне медыцынскай дапамогі жыхарам Гродна і вобласці ў цэлым.
У клініцы будуць адкрыты пульманалагічнае аддзяленне з ложкамі алергалогіі, два кардыялагічныя аддзяленні (аддзяленне № 1 з ложкамі эндаваскулярнай хірургіі і аддзяленне № 2 для пацыентаў з хранічнай сардэчнай недастатковасцю), рэўматалагічнае аддзяленне з ложкамі імуналогіі, эндакрыналагічнае аддзяленне з тэрапеўтычнымі ложкамі, а таксама два неўралагічныя аддзяленні (аддзяленне № 1 і аддзяленне № 2 для пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту (ВПМК), гастраэнтэралагічнае аддзяленне з цэнтрам парушэння абмену рэчываў, рэанімацыйныя аддзяленні. У новай клініцы будуць абсталяваны аперацыйны блок для эндаваскулярнай хірургіі, прыёмнае, дыягнастычныя аддзяленні з кабінетамі дэнсітаметрыі, РКТ і МРТ і іншыя. У бальніцы будзе працаваць кансультатыўна-дыягнастычнае аддзяленне з кабінетамі парушэння абмену рэчываў, алергалагічным, тэлемедыцынскага кансультавання.
У новую ўстанову плануецца перавесці аддзяленні з гарадскіх клінічных бальніц № 2 і № 3, аддзяленне неўралогіі для пацыентаў з ВПМК з гарадской клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, што забяспечыць магчымасць выкарыстання высокатэхналагічнага абсталявання для дыягностыкі і лячэння парушэнняў кровазвароту галаўнога мозгу, значна палепшыць якасць аказання медыцынскай дапамогі.