Top.Mail.Ru

Добрая традыцыя падарункаў да 7 лістапада працягваецца — у сталіцы адкрылі новую інфекцыйную бальніцу

У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска. Гэта адзіны ў краіне стацыянар, здольны працаваць з інфекцыямі ўсіх узроўняў. Лячыць тут будуць пацыентаў з усёй краіны.


Беларускі лідар азнаёміўся з новым аб’ектам, а таксама заслухаў даклад аб развіцці аховы здароўя сталіцы.

«У выпадку абвастрэння сітуацыі, мы можам цалкам тут размясціць інфекцыйных хворых»

Адразу па прыездзе кіраўнік дзяржавы закрануў некалькі важных тэм. Адна з іх — будаўніцтва жылля ў Мінску і гарадах-спадарожніках сталіцы: «Жыллё, вядома, не прыярытэтнае ў Мінску, але ўсё роўна ж яно трэба. Аднаўленне павінна быць: людзі старэюць, сыходзяць і гэтак далей. Таму трэба будаваць», — арыентаваў ён. Пры гэтым беларускі лідар заклікаў не забываць пра будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках Мінска.

Яшчэ адна задача, якую ставіць Прэзідэнт сталічным уладам, — узвядзенне саду вакол Мінска. «Трэба забяспечыць Мінск яблыкамі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама, ці зможа новая бальніца ў выпадку неабходнасці, як і было дамоўлена першапачаткова, павялічыць змяшчальнасць у два разы, на што атрымаў сцвярджальны адказ. «У выпадку неабходнасці, калі пандэмія, мы не будзем ужо бегаць, як гэта было ў мінулы раз, — заўважыў Прэзідэнт. — У выпадку абвастрэння сітуацыі, мы можам цалкам тут размясціць інфекцыйных хворых».

Кіраўнік дзяржавы пахваліў адказных асоб за тое, што медыцынскі аб’ект быў узведзены хутка і ў тэрмін. Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава, пры праектаванні медустановы прыцягвалі ўрачоў-інфекцыяністаў.

Прэзідэнт заўважыў, што ў бальніцах не павінна быць ніякіх празмернасцяў. «Гэта не курорт. У аперацыйнай і рэанімацыйнай павінна быць ідэальна ўсё, а далей... Не залежвацца тут. Павінна быць эфектыўна і функцыянальна. Ніякіх празмернасцяў быць не павінна. Мы такія грошы „ўбухваем“ у ахову здароўя, а потым, калі зробім нешта, рукамі разводзім», — заўважыў ён.

«Сёння тое, што робіць дзяржава для аховы здароўя: і фінансаванне, і рамонты, і капітальныя рамонты, і будаўніцтва, — гэта вялікая справа», — перакананая Наталля Качанава. 

Беларускі лідар, звяртаючыся да старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава, паставіў задачу лячыць у медустановах сталіцы ў тым ліку жыхароў з рэгіёнаў, не толькі мінчан.

Мэр Мінска заўважыў, што штогод у медыцынскіх установах сталіцы праходзяць лячэнне каля 1,2 мільёна іншагародніх.


«Мы выратаваліся, не пабегшы за іншымі»

Затым кіраўнік дзяржавы ў прысутнасці працоўных калектываў медыцынскай установы, ААТ «Будтрэст № 35» — тых, хто прымаў удзел у будаўніцтве новага комплексу, а таксама службовых асоб перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку. Але спачатку беларускі лідар звярнуўся да прысутных. Ён адзначыў, што аб’ект быў пабудаваны ў тэрмін. 

«Пабудавалі хутка, малайцы. Так, як і даручана было, пабудавалі гэту бальніцу. Гэта з жыцця бальніца, з нашай практыкі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе перыяд пандэміі, якую мы перажылі. 

Прэзідэнт нагадаў, што ў адрозненне ад многіх іншых дзяржаў у складаныя часы пандэміі мы пайшлі сваім шляхам і ад гэтага выйгралі: «Мы выратаваліся, не пабегшы за іншымі, якія, як вы памятаеце, уводзілі і ізаляцыю поўную дзяржавы, верталётныя грошы раскідвалі... Ні тое, ні другое мы сабе дазволіць не маглі. Але мы зрабілі адпаведныя высновы, калі кідаліся з боку ў бок і шукалі месцы для інфекцыйна хворых людзей». 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што інфекцыйныя аддзяленні і бальніцы, на шчасце, былі захаваны ў абласных і раённых цэнтрах. «Але мы бачылі, што ў такіх мегаполісах, як Мінск, нам якраз не хапала такога кампактнага месца, дзе можна было б размясціць хворых. Тады мной было прынята рашэнне (з падачы спецыялістаў) пабудаваць функцыянальную бальніцу. У Мінску нам патрэбна была інфекцыйная бальніца. Мы яе пабудавалі, — канстатаваў беларускі лідар. — Упэўнены, што спецыялісты і ўрачы ведаюць, якой канцэпцыі мы прытрымліваліся». 


«Бальніца — гэта не курорт»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў новым аб’екце аховы здароўя функцыянуюць розныя блокі, незалежныя адзін ад аднаго, дзе можна пры неабходнасці лячыць не толькі інфекцыйных хворых, але і любых іншых пацыентаў.

Гэтыя будынкі пуставаць не павінны, арыентуе кіраўнік дзяржавы. «Яны павінны эфектыўна працаваць і даваць аддачу, — заявіў ён. — У сувязі з гэтым мы абмяркоўвалі праблему, у нас перагібы ёсць. Мы яшчэ раней пачалі будаваць, у гэтым і мая віна, замест бальніц „палацы“. Ведаеце, бальніца — гэта не курорт. Ідэальна павінна быць у аперацыйных і рэанімацыйных палатах і аддзяленнях, наколькі я гэта разумею. Там павінна быць вышэй за сусветны ўзровень, і на гэта грошай мы шкадаваць не будзем, — заявіў Прэзідэнт. — Але ўсё астатняе — гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, не курорт». 

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што ў нашай краіне, дзе ўкаранёна бясплатная медыцына, людзі не прывыклі плаціць за сваё здароўе. «Ну не прывыклі, вы ж гэта ведаеце. Калі б гэта было як у Амерыцы... Там людзі вельмі перажываюць. Ну, у Амерыцы добра, багатая краіна. А ў іншых (заходніх краінах. — „Зв.“) вельмі глядзяць за здароўем, таму што крый божа трапіць у бальніцу», — звярнуў увагу беларускі лідар.


«Багатымі вы будзеце тады, калі вы будзеце суперпрафесіяналамі»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у 2020 годзе многія патрабавалі перайсці да страхавой медыцыны: «Ах, страхавая медыцына! Ах, страхавая медыцына!». Я вельмі добра ведаю меркаванне замежных урачоў, якія, прыязджаючы да нас, кажуць: нам гэта трэба. Не трэба нам страхавая медыцына. Таму вы не спяшайцеся. Дзякуючы страхавой медыцыне вы, урачы, багатымі не станеце. Багатымі вы будзеце тады, калі вы будзеце суперпрафесіяналамі, — адзначыў ён. — Тады вы заўсёды грошы заробіце. І нават у «дрэннай» Беларусі. Таму давайце будзем у гэтых умовах жыць спакойна, ціха, каб без канфліктаў і войнаў і паступова-паступова рухацца наперад». 

Прэзідэнт прывёў той бясспрэчны факт, што з боку дзяржавы многае робіцца для павышэння дабрабыту грамадзян. «Наперад рухаемся патрохі, але лепш становіцца. Я вам магу спакойна гэта сказаць. Напрыклад, мы дамаўляліся, што сярэдні заробак, і я вам абяцаў, будзе 500 долараў. Сёння колькі ў цябе ў Мінску? — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава. — Ён нават у доларах не хоча называць гэту суму. Ну, і якія да ўлады, да мяне прэтэнзіі?» 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далей трэба зарабляць. «Вы, напэўна, заўважылі, што я не ўстанаўліваю цяпер ніякіх парогаў ні ў тысячу долараў, ні ў паўтары тысячы. Далей трэба зарабляць, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Прытым, мы ж стрымліваем цэны... Вы ўсё хочаце рынку. Калі ласка, — мы можам, я ўжо гаварыў, за суткі гэты рынак вам увесці. Але толькі вы падумайце, як вы ў гэтых рыначных умовах будзеце жыць». 

Беларускі лідар падзяліўся некаторымі сваімі далейшымі планамі. «Вось у мяне наступныя два тыдні, акрамя міжнародных мерапрыемстваў, работа на вёсцы, дзе я даручаў нешта зрабіць. Вы гэта ўбачыце. Ну, а калі яны „бабахнуць“ вам цэны на паліцах па харчаванні? Якімі заробкамі вы гэта ўсё перакрыеце? Ніякімі».


«Санкцыі — гэта час магчымасцяў!»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ранейшыя гады ідэю цалкам свабоднага рынку і адмовы ад планавання ў эканоміцы спрабавалі падкінуць з боку. «Я гэта ўсё бачыў. Але тады мы не маглі так жорстка дзейнічаць у эканоміцы, як цяпер. Мы спакойна-спакойна рухаліся і разумелі, што ўсюды трэба нешта планаваць, дзесьці стрымліваць, дзесьці больш вольна адпускаць. Вось мы адпусцілі людзей: калі ласка, працуйце, у тым ліку ў ахове здароўя. У нас прыватная медыцына не забароненая, але кантроль вельмі жорсткі! Ён і будзе такім, таму што здароўе людзей — гэта важна, — пазначыў сваю пазіцыю Прэзідэнт. — Вы ж «цік-токаецеся» там і праз раз мне скардзіцеся, што таго не хапае ды не так урачы пралячылі. Ну дык самі не лячыцеся, а потым не прыходзьце да ўрачоў, каб вас выратавалі ад самалячэння». 

Беларускі лідар заклікае не прымаць паспешных рашэнняў. «Таму давайце не будзем спяшацца, а будзем спакойна плануючы, дзесьці абмяжоўваючы, дзесьці жыццё адпускаючы, каб яно больш свабодным было, рухацца. Але абавязкова рухацца наперад, не стаяць на месцы. Паверце мне: сёння час магчымасцяў. Вы вось стаіце перада мной, і ніхто з вас не думае пра санкцыі. Таму што, як я вам сказаў два ці тры гады таму, забаронена гаварыць пра нейкія санкцыі і называць іх прычынай нейкіх нашых бед і няшчасцяў! Санкцыі — гэта час магчымасцяў!» — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на пытанні імпартазамяшчэння. Ва ўмовах санкцый у Беларусі асвоілі ўласную вытворчасць па многіх таварных пазіцыях. А тое, што няма сэнсу вырабляць самім, купляюць у партнёраў. «Але толькі купляць трэба тое, што не можам зрабіць самі. Тое, што можам зрабіць самі, трэба рабіць самім», — арыентуе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ніхто не дапаможа нам так, як мы можам гэта зрабіць самі. «Таму трэба рабіць усё і выбіраць момант, калі мы можам зрабіць гэта, — заявіў ён. — Сёння момант, калі мы нешта можам зрабіць, нешта пабудаваць, але трэба напружвацца». 

Галоўнае пытанне, якое мы павінны вырашаць пастаянна, — гэта дысцыпліна і парадак, працягнуў беларускі лідар. «Нават у вас, у прасунутых людзей, у ахове здароўя, ва ўрачоў. За нас нашы пытанні ніхто не вырашыць. Давайце дзейнічаць», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. 


«У гісторыю каменем кідаць нельга»

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта сустрэча праходзіць напярэдадні важнай даты — Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі: «І мы — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая захавала гэта свята. Скажу шчыра: калі вы кагосьці ў гэтым вінаваціце, то мяне. Я быў прыхільнікам таго, каб гэта свята захаваць». 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даволі шмат людзей (больш за 30 %), якія былі адданыя гэтаму святу, шанавалі яго, хадзілі на дэманстрацыі, а кагосьці яшчэ на плячах насілі, яшчэ жывуць. «Дай бог ім здароўя, мы іх лечым і будзем лячыць... А чаму мы павінны рэзаць па-жывому? Ва Украіне рэзанулі па-жывому, пачынаючы з рускай мовы. Што атрымалі? — задаў лагічнае пытанне Прэзідэнт. — Але, як я ўжо сказаў, не ўсе нават разумеюць, навошта мы гэта зрабілі. Гэта даніна павагі да гісторыі. У гісторыю каменем кідаць нельга. Гавару вам як гісторык. Нельга кідаць у гісторыю, бо яна адкажа. Адкажа жорстка. Па прыклады хадзіць далёка не трэба». 

Акрамя таго, па словах кіраўніка дзяржавы, Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта пункт адліку. «Гэта нашы першыя крокі да суверэнітэту і нашай незалежнасці, — звярнуў увагу ён. — Яны, вядома, былі цяжкімі. Памятаеце: нас падзялілі, і Заходнюю Беларусь аддалі...» 

Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне захаваць свята 7 лістапада. Але неабходна было зрабіць так, каб яго запомнілі, асабліва падрастаючае пакаленне. Тады Прэзідэнт прапанаваў да гэтага свята рабіць падарункі беларускаму народу. «Вы гэта памятаеце. Ну вось гэта (новая бальніца. — „Зв.“) — адзін з падарункаў напярэдадні гэтага свята. Чаму загадзя? Таму што ў мяне вялікая праграма да 7 лістапада і на 7 лістапада. Вельмі важная праграма», — падзяліўся Прэзідэнт.

«Мы будзем спакойна ісці да той мэты, якую мы для сябе вызначылі»

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што шмат добрых традыцый з савецкіх часоў захаваліся да нашага часу. Па словах беларускага лідара, гэтак жа беражліва да здабыткаў мінулага ставяцца яшчэ і ў Кітаі. Падчас апошняй сустрэчы са Старшынёй КНР беларускі лідар пацікавіўся, за кошт чаго Кітай дамогся такіх поспехаў. 


«Усё ж такі Кітай стаў сусветнай дзяржавай, без Кітая сёння не вырашаецца ні адно пытанне... Добра, што мы з імі сябруем. І яшчэ тады, 30 з лішнім гадоў таму я зразумеў, што Кітай — гэта будучыня. Вось я яму задаў гэта пытанне, і ён мне мудра адказаў: «Мы не адмаўлялі ўсё, што было да нас. Мы даналаджвалі, мы ўдасканальвалі, мы ішлі наперад, але не перакрэслівалі ўсё, што было», — прывёў словы лідара КНР Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што многае Кітай узяў у свой час у Савецкага Саюза, у склад якога ўваходзіла і наша сённяшняя Беларусь. «Я бачу, што яны шмат у нас узялі. Мы ўсё гэта парэзалі дзеля ўлады аднаго-двух чалавек і іншых нейкіх праблем. Што мы атрымалі? Мы атрымалі канфлікты, супярэчнасці і войны, — заўважыў Прэзідэнт. — Яны так не паступалі — мудры кітайскі народ. І я падумаў: дзякуй богу, што мы не пачалі рэзаць старое, рэзаць па-жывому, а ўвесь час удасканальвалі». 

І нават 15-20 гадоў таму, калі людзі выходзілі і крычалі пра рэформы, Прэзідэнт цвёрда заяўляў, што нічога ламаць, прыватызаваць у нашай краіне не будуць. «Мы будзем удасканальваць, мы будзем дзейнічаць спакойна, ісці да той мэты, якую мы для сябе вызначылі. Таму (у першую чаргу гэта датычыцца аховы здароўя) нічога адмаўляць не трэба». 

Такім жа шляхам пайшоў і Кітай. Акрамя таго, кітайцы вучыліся ва ўсяго свету. «І ён пераадолеў адставанне. Трыццаць гадоў таму, будучы дэпутатам, я быў у Кітаі. Жудасная была сітуацыя. За 30 гадоў яны сталі сусветнай дзяржавай, без якой нічога не вырашаецца. Таму што яны нічога не ламалі. Таму што яны ўдасканальвалі. Таму і нам не трэба нічога ламаць, — перакананы беларускі лідар. — Кожны год, кожны дзень трэба ўдасканальваць тое, што ў нас ёсць, і рабіць добрыя справы ў імя беларускага народа».

«З электраэнергіяй можна зрабіць усё»

Вяртаючыся да тэмы святкавання 7 лістапада, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія аб’екты былі зроблены як падарунак беларускаму народу. Гэта і станцыі Мінскага метрапалітэна, і масты цераз Сож, Нёман, Прыпяць, і Беларуская атамная станцыя.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер на станцыі ў Астраўцы пачынаецца новы этап — праектуецца трэці блок. «Памятаеце: „Закрыць, — мае апаненты крычалі, — перакрыць, не трэба нам атамных станцый“. Сёння палякі дзве запланавалі. Сёння Заходняя Еўропа, сутыкнуўшыся з крызісам энергетычным, плануе будаўніцтва новых атамных станцый. Ну, а калі б мы гэтых крыкуноў паслухалі і не зрабілі гэта...» 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без электраэнергіі не будзе нічога. «З электраэнергіяй можна зрабіць усё. Нават аўтамабілі сёння ездзяць на электрычнай цязе. Нават мы пачалі рабіць электрамабілі — і легкавыя для насельніцтва, грузавыя і іншае. Па чыгунцы, па правадах бегаюць у нас цягнікі. Без электрычнасці немагчыма, таму мной прынята рашэнне аб будаўніцтве яшчэ аднаго блока атамнай электрастанцыі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта ўжо для дзяцей і ўнукаў, для моладзі, для вас. Пакуль мы пабудуем гэты трэці блок, вы вырасцеце, вы будзеце гэтым карыстацца. Але не хвалюйцеся: у нас хапае электрычнасці». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што электраэнергія цяпер усё больш актыўна выкарыстоўваецца і ў жыллёвым сектары для мэт ацяплення. А свабодныя магутнасці запатрабаваныя інвестарамі для майнінгу. «Нядаўна вядомы першы ў свеце трыльянер Маск сказаў, што ў будучыні грошы знікнуць. А што замест грошай? Ён кажа: электрычнасць. Вось што ў будучыні будзе. Таму мы, зноў жа, Гасподзь нам дапамог, у гэты трэнд трапілі». 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што нават новая бальніца — гэта энергаёмісты аб’ект: «Асабліва сучасныя прыборы і абсталяванне, яно столькі электрычнасці спажывае...». 


«Калі ведаеце, што Прэзідэнт кантралюе, дык вы і праз „не магу“ можаце зрабіць»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з боку дзяржавы нямала зроблена для таго, каб паднесці нашаму народу такія падарункі. «Вось чарговы падарунак, важны аб’ект. І ён сёння ж расчыніць дзверы для беларускага народа, не толькі для мінчан», — акцэнтаваў ён.

Прэзідэнт папярэдзіў старшыню Мінскага гарвыканкама, што тут, у Мінску, павінны праходзіць дыягнастычнае абследаванне і лячыцца людзі з усёй краіны. «І іх грошы ўкладзеныя ў гэту бальніцу. Таму я вас вельмі прашу: калі да вас у бальніцу прыедзе чалавек з боку, чаму не аказаць дапамогу, калі там гэта не могуць зрабіць? У маім прэзідэнцкім жыцці такіх выпадкаў было шмат, калі да мяне людзі звярталіся, і я іх забіраў з вёскі, і вы ў Мінску ратавалі ім жыццё. Я некаторых ведаю, якія жывуць дагэтуль. Я гавару: з морга дасталі, ужо амаль мёртвыя былі. Мы іх выцягвалі, нашы ўрачы. Для мяне гэта таксама быў такі тэст: можаце вы ці не? Вы можаце ўсё. А калі яшчэ ведаеце, што Прэзідэнт кантралюе, дык вы і праз „не магу“ можаце зрабіць», — заўважыў беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бальніца мае ўласную інфраструктуру, дзякуючы якой патокі руху пацыентаў і медработнікаў максімальна будуць раздзеленыя. Гэта не дасць распаўсюдзіцца інфекцыі і ўнутры ўстановы. «Калі гаварыць пра архітэктуру, то комплекс мала падобны на бальніцу. Гэта, хутчэй за ўсё, нейкі жылы комплекс. Але яшчэ раз папярэджваю: ніякіх не павінна быць празмернасцяў», — патрабуе Прэзідэнт

Беларускі лідар падкрэслівае, што ў бальніцы павінна быць утульна, а паслугі павінны аказвацца як след. «Яшчэ раз падкрэсліваю: зыходзьце з таго, з чаго я зыходжу. Я ж разумею, у нас розныя людзі... Але я зыходжу з таго, што іншых людзей у нас не будзе. Гэта наш народ, а мы закліканы аказваць ім паслугі. Зыходзьце з гэтага. Я ўяўляю, і старыя прыходзяць... Часам прыходзяць паразмаўляць. Ну пацярпіце. Гэта нашы бацькі. І памятайце: мы самі будзем такімі». 

«Мы вынеслі ўрокі з нядаўняй пандэміі»

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўнікальнасць аб’екта заключаецца не толькі ў камфартабельнасці і аснашчанасці. Пры будаўніцтве бальніцы выкарыстоўваліся лёгкія стальныя танкасценныя канструкцыі, дзякуючы чаму атрымалася скараціць тэрміны ўзвядзення і кошт. Галоўная перавага тэхналогіі — магчымасць пры неабходнасці аператыўна ажыццявіць перапланіроўку.

«Не спадабалася — перапланавалі на працягу аднаго месяца. А ў выпадку, не дай бог, як я ўжо сказаў, новай эпідэміі, зможам павялічыць магутнасць гэтага стацыянара ў два разы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Як бачыце, мы вынеслі ўрокі з нядаўняй пандэміі. Мы не адкідалі нічога, не адпіхваліся, бачылі і свае недахопы і павінны ў любы час быць гатовыя не дапусціць паўтарэння тых памылак і недахопаў, якія калісьці былі».

Па словах Прэзідэнта, дадзены падыход можна маштабаваць па ўсёй краіне, выкарыстоўваць такія інавацыйныя тэхналогіі для будаўніцтва ФАПаў, іншых цэнтраў і, можа, нават для жылля. «Зрабілі добры аб’ект, ім трэба карыстацца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар павіншаваў усіх з адкрыццём гэтага важнага і патрэбнага для краіны аб’екта, а таксама з надыходзячым святам. Медыцынскаму персаналу Прэзідэнт пажадаў мірнай, паспяховай працы і, самае галоўнае, — добрага настрою: «Калі ва ўрача добры настрой, значыць, і ў нас ён будзе».


«Мы будзем рабіць усё, каб вас падтрымаць»

Прэзідэнт падарыў новай Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска сучасны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). Сертыфікат на апарат ШВЛ урачыста ўручылі галоўнаму ўрачу бальніцы.

«ШВЛ, куды без яго? Патрэбны. Я думаю, вам там ужо падрыхтавалі гэты апарат. Добры апарат. Выраблены, наколькі я разумею, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы па заходніх тэхналогіях. Таму, не дай бог, вядома, але ўсякае можа быць, — будзем дыхаць, калі не можам самі».

Пры цяжкіх формах рэспіраторных інфекцый апараты ШВЛ Mindray SV600 бяруць на сябе забеспячэнне арганізма кіслародам, выйграючы бясцэнны час, неабходны для дзеяння ўрачоў і аднаўлення чалавека. Галоўная каштоўнасць мадэлі SV600 заключаецца ў яе ўніверсальнасці і інтэлектуальных магчымасцях.

Апарат падыходзіць для рэспіраторнай падтрымкі абсалютна ўсіх катэгорый пацыентаў — ад нованароджаных да дарослых. Гэта робіць яго незаменным для інфекцыйнай бальніцы, куды паступаюць хворыя любога ўзросту. Акрамя таго, адаптыўныя рэжымы вентыляцыі дазваляюць тэхніцы аўтаматычна падладжвацца пад асаблівасці дыхання кожнага чалавека. Такі падыход мінімізуе рызыку пашкоджання лёгачнай тканкі і паскарае працэс выздараўлення.

Галоўны ўрач Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мікалай Юроўскі ад імя калектыву ўстановы падзякаваў беларускаму лідару за прыняцце стратэгічнага рашэння па будаўніцтве новай інфекцыйнай бальніцы. «Калектыў бальніцы прыкладзе ўсе намаганні, каб аказваць медыцынскую дапамогу на самым высокім узроўні не толькі для жыхароў горада, але і краіны ў цэлым», — запэўніў ён Прэзідэнта. 

Затым кіраўніку дзяржавы прапанавалі перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку. «Гэта проста — перарэзаць і прыняць рашэнне. Але адкрыта скажу ўрачам: я вам не зайздрошчу. Цяжка працаваць са звычайнымі хворымі, але з інфекцыйнымі — гэта яшчэ складаней. Таму дзякуй вам за тое, што вы пайшлі ў гэту спецыяльнасць, у гэту прафесію. І мы будзем рабіць усё для таго, каб вас падтрымаць у гэтым плане», — запэўніў беларускі лідар. 



Тэрытарыяльна бальнічны гарадок новай інфекцыйнай бальніцы размешчаны ў Цэнтральным раёне сталіцы паблізу Даўгінаўскага тракту. Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца Мінска з’яўляецца базай Рэспубліканскага цэнтра інфекцыйнай паталогіі, дзе арганізавана аказанне медыцынскай дапамогі самым складаным пацыентам з інфекцыйнай паталогіяй з усёй краіны.

Новы аб’ект спраектаваны як адзіны ў Рэспубліцы Беларусь інфекцыйны стацыянар, здольны працаваць з інфекцыямі ўсіх узроўняў, у тым ліку IV узроўню біялагічнай небяспекі (найвышэйшага) за кошт пабудовы лячэбных аддзяленняў па тыпу поўных мельцэраўскіх боксаў.

Бальніца абсталявана высокаэфектыўнымі сістэмамі інфекцыйнага кантролю для мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў, рэанімацыйным блокам «новага пакалення» з тэхналогіямі мультыпараметрычнага маніторынгу, сучасным лабараторным, дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем, якія дазваляюць выяўляць і лячыць усе патэнцыяльна магчымыя на тэрыторыі краіны інфекцыйныя захворванні, а таксама павялічваць магутнасць не менш чым у два разы ў рамках барацьбы з эпідэміямі і пандэміямі пры ўскладненні эпідэмічнай абстаноўкі.

Праектам прадугледжана ўзвядзенне 9 тытульных аб’ектаў (галоўны корпус, 4 палатныя карпусы, корпус асабліва небяспечных інфекцый, гаспадарчы блок, корпус абеззаражвання, патолагаанатамічны корпус) і 10 аб’ектаў інжынернай інфраструктуры (трансфарматарныя падстанцыі, электракацельня, помпавая, кіслародны пункт і гэтак далей).


«Мы будзем абслугоўваць 100 % людзей»

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб развіцці сістэмы аховы здароўя Мінска. Гаворка зайшла ў тым ліку аб прызначэнні старых будынкаў у цэнтры сталіцы, дзе да цяперашняга часу размяшчалася інфекцыйная бальніца. Як расказаў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, будынкі на вуліцы Крапоткіна былі ўзведзеныя яшчэ ў 1913 годзе. 

Прэзідэнт спытаў у кіраўніка горада аб далейшым лёсе гэтых будынкаў. «Мы запланавалі там адкрыць вельмі неабходныя для горада ўстановы — гэта аддзяленні сястрынскага догляду — на 60 ложкаў і аддзяленне паліятыўнай медыцынскай дапамогі — на 90 ложкаў, таму што яны запатрабаваны сёння», — адказаў Уладзімір Кухараў.

Прэзідэнт заўважыў, што «калі яны неабходны і запатрабаваны — трэба рабіць, але не забываць, што аддзяленне сястрынскага догляду трэба рабіць, як мы робім ва ўчастковых бальніцах. Яны там плацяць (гутарка аб платных паслугах. — „Зв.“), але не забірайце ўсю пенсію ў людзей. Трэба ім пакінуць тое, што неабходна (маюцца на ўвазе бясплатныя паслугі. — „Зв.“). Таму што тут жа мы будзем абслугоўваць 100 % людзей», — заўважыў Прэзідэнт.

«Гэта будзе такой добрай падтрымкай для аказання такой дапамогі», — адказаў мэр Мінска.


«Карпусы могуць працаваць у аўтаномным рэжыме» 

Уладзімір Кухараў падрабязна расказаў Прэзідэнту пра будаўніцтва бальніцы, якое адбывалася з непасрэдным удзелам саміх урачоў-інфекцыяністаў: «Нашы вядучыя інфекцыяністы фактычна распрацавалі канцэпцыю, і галоўная задача была зрабіць, каб бальніца была аўтаномнай». Ён растлумачыў, што гэта рабілася для зручнасці пацыентаў і эфектыўнасці лячэння, менавіта таму ў галоўным корпусе размясцілі прыёмнае аддзяленне, рэанімацыю, лабараторыю, аддзяленне прамянёвай дыягностыкі — КТ і рэнтген. 

«У кожную палату ўваход ад вуліцы асобны, гэта значыць, людзі не сутыкаюцца на калідорах. Таксама, ну вядома ж, як можа быць клінічная бальніца без навукі? Таму тут жа будзе і кафедра інфекцыйных хвароб, якая аб’яднае нашых лепшых інфекцыяністаў», — расказаў старшыня Мінгарвыканкама. 

Па яго словах, тэрыторыя бальніцы цалкам закрытая, а чатыры палатныя корпусы могуць працаваць у аўтаномным рэжыме. У выпадку неабходнасці яны могуць быць перапрафіляваны пад любыя іншыя віды інфекцыйных захворванняў. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Разумна: за горадам, на ўскраіне, даступнасць — прыехаць можна».

Уладзімір Кухараў узгадаў даручэнне Прэзідэнта па выкарыстанні ў будаўніцтве лёгкіх стальных танкасценных канструкцый, што і было зроблена пры ўзвядзенні бальніцы.

«Малайчына, — пахваліў кіраўніка Мінгарвыканкама Аляксандр Лукашэнка. — Я яшчэ раз хачу пабываць на гэтым прадпрыемстве» (ТАА «ЕўраБудСтандарт» — прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад ДВП «Мінскбуд», што вырабляе ЛСТК. — «Зв.»).

«Завод робіць любыя віды будаўнічай прадукцыі: дах, платы, пераходзячыя бэлькі. Вы бачыце, што фактычна з гэтага будынак бальніцы», — сказаў Уладзімір Кухараў.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што гэта практыка будзе пашырана: «І вось толькі што, раніцай (30 кастрычніка 2026 г. — „Зв.“), мне Крутой (Дзмітрый Крутой — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — „Зв.“) дакладваў, у Шклове мы ўжо семінар праводзім. Я хачу паказаць, якім павінен быць раён у рэспубліцы. І там яны вызначылі месца — мэблевая нейкая была фабрыка, калі бываю там, еду міма, думаю: калі яны ўжо там вызначацца, каб там што-небудзь зрабілі. І мы вырашылі стварыць там па тваім прынцыпе тэхнапарк». «А можа, нават калі твае хлопцы пагодзяцца, мы ім дапаможам, каб яны на той фабрыцы зрабілі вось гэту вытворчасць, — звярнуўся Прэзідэнт да мэра сталіцы. — Таму што гэта перспектыва. Домапанэлі гэтыя зрабіў, зварыў каркас і ўставіў гэтыя панэлі». 

Уладзімір Кухараў дадаў, што гэта вялікіх намаганняў не запатрабуе і выдаткаў таксама. Ён звярнуў увагу, што пры будаўніцтве памяшканняў бальніцы ўлічвалі пажаданні ўрачоў, бо, з улікам спецыфікі ўстановы, менавіта спецыялісты ведаюць, што неабходна для інфекцыйнай бальніцы. Што датычыцца калектыву бальніцы — плануецца, што тут будуць працаваць 74 урачы і 234 адзінкі медыцынскага персаналу.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся: «Ну а людзі ёсць для гэтага?»

Галоўны ўрач Мікалай Юроўскі запэўніў, што адпаведныя спецыялісты ёсць.


Кадрам — камфартабельнае жыллё

Для забеспячэння жыллём медыцынскіх работнікаў як новай бальніцы, так і размешчаных паблізу іншых медустаноў у раёне пабудаваны інтэрнаты кватэрнага тыпу. 

«Акрамя таго, для забеспячэння кадрамі, вось тут недалёка, па вуліцы Выгодскага, мы пабудавалі інтэрнат. Гэта „мапідаўскі“ (ААТ „МАПІД“ — адно з буйнейшых будаўнічых прадпрыемстваў краіны. — „Зв.“) дом з адна-, двухпакаёвымі кватэрамі», — падзяліўся кіраўнік Мінгарвыканкама. 

Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, гэта ўжо другі такі, пабудаваны ў горадзе Мінску, інтэрнат: «Адзін ужо існуе на Каржанеўскага, каля адзінаццатай бальніцы. Новы будынак інтэрната закрые 1 тысячу 200 месцаў для тых спецыялістаў, якія маюць у гэтым патрэбу. Акрамя таго, па дадзеным праекце будуюцца яшчэ тры інтэрнаты ў Лебядзіным (адзін са сталічных жылых раёнаў. — „Зв.“). Да двух ужо прыступілі, адзін плануюць пачаць будаваць у наступным годзе».

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў такі падыход і звярнуў увагу, што інтэрнатам такое жыллё цяжка назваць, бо ў доме — сучасныя кватэры з усімі выгодамі. 

Асобна мэр горада далажыў кіраўніку дзяржавы аб ходзе будаўніцтва ў сталіцы аб’ектаў аховы здароўя. Старшыня Мінгарвыканкама праінфармаваў аб работах па ўзвядзенні двух корпусаў 6-й гарадской клінічнай бальніцы, паліклінікі Мінскага гарадскога анкадыспансера (увядзенне ў эксплуатацыю плануецца вясной 2027 года), а таксама трох цэнтраў па аказанні хуткай медыцынскай дапамогі.

Як растлумачыў Уладзімір Кухараў, лёгкія стальныя танкасценныя канструкцыі, з якіх пабудавана інфекцыйная бальніца, можна выкарыстоўваць для будаўніцтва як жылых, так і прамысловых будынкаў, комплексаў і да т. п. Больш за тое, паводле яго слоў, распрацаваны праекты і ўжо пабудаваны з такіх канструкцый узоры дамоў для размяшчэння на невялікіх зямельных участках, што не выкарыстоўваюцца ў горадзе. «Мы знайшлі ў горадзе ўчасткі па тры-чатыры соткі, аддалі іх канцэрну „Мінскбуд“. Будзе 200 такіх дамоў узведзена з наступнай іх рэалізацыяй насельніцтву. Вельмі кампактныя, зручныя», — рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.


«Мы працуем кругласутачна»

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай бальніцы, абсталяваннем і арганізацыяй дапамогі ў прыёмным, тэрапеўтычным аддзяленнях, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, кабінетах камп’ютарнай тамаграфіі і рэнтгенаграфіі, распытаў медыцынскі персанал аб асаблівасцях работы, створаных умовах. 

Прэзідэнт асабіста прайшоў па ўсіх аддзяленнях — ад прыёмнага да рэанімацыі, — каб ацаніць, наколькі гатовы комплекс да штодзённай работы і да сцэнарыяў, якія краіна ўжо прайшла падчас пандэміі. Галоўны ўрач адзначыў, што вялікіх рэкрэацый, холаў і калідораў не рабілі. Прэзідэнт гэта адобрыў: «Правільна, усё павінна быць функцыянальна». 

Загадчыца прыёмнага аддзялення Наталля Ліндарэнка расказала, што ў сярэднім у аддзяленне за год паступае 11,5 тысячы пацыентаў. «Мы працуем кругласутачна», — растлумачыла медык.

Прэзідэнт удакладніў, ці хопіць магутнасцяў. Адказ быў канкрэтны: у старой бальніцы было пяць аглядных боксаў, і іх не хапала. Тут — дзесяць, і разлік зроблены менавіта пад 11–12 тысяч пацыентаў, «каб не ствараць чаргу, каб людзі не сядзелі і не чакалі».

«Вас задавальняе такая колькасць боксаў?» — спытаў Прэзідэнт. «Так», — адказалі медыкі. «А ўмовы нармальныя?» «Канешне, умовы цудоўныя».

Пераходзячы ў дыягнастычнае аддзяленне, Прэзідэнт звярнуў увагу на шырыню калідораў: «Вас не засмучае, што тут вузкія калідоры, не шырока тут». Загадчыца аддзялення адказала дыпламатычна, але шчыра: «Нам здаецца, што калідоры не вузкія, дастаткова камфортныя. Каталка праедзе — суправаджэнне пройдзе». 

Беларускі лідар звярнуў увагу на скразныя ўваходы на вуліцу. Яму растлумачылі, што кожнае аддзяленне мае ўваходы справа і злева, з вуліцы, каб патокі не перасякаліся праз калідор. Гэта тыя дробязі, якія ў звычайным жыцці незаўважныя, але ў інфекцыйнай бальніцы вызначаюць усё. 


«Нам трэба развівацца ў тым, што мы ўмеем рабіць»

У кабінеце прамянёвай дыягностыкі Прэзідэнту паказалі лічбавы рэнтгенаўскі апарат на тры рабочыя месцы. Апарат добры, беларускай зборкі, што, па словах спецыялістаў, дазваляе ў перспектыве вырашаць усе тэхнічныя пытанні ў плане эксплуатацыі. 

Прэзідэнту таксама прадэманстравалі айчынны апарат МРТ. «Гэта наш? — спытаў ён. — Гэта наш, толькі вы з запчастак кітайскіх (збіраеце. — „Зв.“). Нам трэба, каб гэта ўсё было наша. І ведаеце, гэта вялікая будучыня. Нам трэба развівацца ў тым, што мы ўмеем рабіць. І ведаеце, нафты і газу ў нас столькі не будзе. І можа, і не трэба, а лекі і тэхнічнае аснашчэнне аховы здароўя — гэта вялікі кавалак, які мы можам рабіць. Таму нам трэба канцэнтраваць сваю ўвагу на гэтых тэхналогіях», — адзначыў беларускі лідар. 

У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Прэзідэнту паказалі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, сертыфікат на які ён уручыў галоўнаму ўрачу. Аляксандр Лукашэнка ацаніў магчымасці апарата, але зноў вярнуўся да тэмы лакалізацыі: «Кітайцы малайцы, яны заходнія кампаніі бралі і на іх аснове стваралі гэтыя апараты. Дарэчы, нам таксама смялей трэба ў гэтым кірунку дзейнічаць».

У баксіраваным дыягнастычным аддзяленні, якое функцыянуе з 2013 года, загадчыца Людміла Дымель паказала сучасны бокс, а таксама медабсталяванне палат, у якіх амаль усё айчыннае. Асобна кіраўніку дзяржавы паказалі сістэму перадачы лекаў і ежы праз акно з ультрафіялетавым абеззаражваннем: медработнік з другога боку не можа адкрыць акно адначасова. 

У працэдурным кабінеце Прэзідэнту паказалі пнеўмапошту — сістэму, якая дазваляе хутка дастаўляць біяматэрыял у лабараторыю, не перасякаючы патокі пацыентаў і персаналу, і прадэманстравалі, як яна працуе. 

У завяршэнні экскурсіі па новай бальніцы кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з адкрыццём установы і надыходзячым святам, а медыкам пажадаў мірнай, паспяховай працы і добрага настрою.



Ад калектыву ўстановы аховы здароўя кіраўніку дзяржавы перадалі сімвалічны падарунак — «капсулу часу». Гэта сувенір з аўтэнтычных матэрыялаў, які адлюстроўвае частку гісторыі Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы. У адрэстаўраваную цэглу з самага старога будынка бальніцы (XIX стагоддзе) змешчана празрыстая капсула з дакументамі і матэрыяламі з сучаснасці і мінулага. У ёй знаходзяцца фрагмент архіўнага дакумента — рашэнне аб будаўніцтве бальніцы ад 1911 года — і флэшка з тэкстамі і фотаальбомам пра гісторыю клінікі. Цэгла ўсталявана на падстаўку з моранага дубу. Сама капсула са змесцівам падсвечана схаванымі святлодыёдамі на батарэйцы. Падарунак папоўніць экспазіцыю ў Палацы Незалежнасці.


Надзея ЗУЕВА
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю