Указ, якім прадугледжваецца будаўніцтва ў 2025–2027 гадах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, парку Народнага адзінства і стварэнне пастаяннай экспазіцыі музея ў раёне вуліцы Арлоўскай у Мінску, быў падпісаны Прэзідэнтам Беларусі 5 лютага. Таксама музею прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. А значыць, удзел у ёй могуць узяць маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў.
Першы сакратар ЦК БРСМ, член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў зазначыў, што гэта чарговы класны выклік і паказчык вялікага даверу да нашай моладзі.
— Мы запрашаем маладых людзей выкарыстоўваць сваю энергію і патэнцыял у канструктыўным ключы: далучыцца да Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Мінску. Я ведаю, што наша моладзь, асабліва актывісты горада Мінска, ужо ўзяла ўдзел у першых этапах будаўніцтва. Яны рабілі дэмантаж пліткавага пакрыцця, рыхтавалі плошчы, якія адведзены пад музей і парк, — адзначыў ён. — Я ўпэўнены, што гэта сімвалічная будоўля ў год 80-годдзя Перамогі пакажа найважнейшыя этапы, якія праходзіла наша краіна. Самае галоўнае — маладыя людзі самі будуць браць удзел у напаўненні гэтага архітэктурнага ансамбля і непасрэдна сваёй працай змогуць умацоўваць падмурак гісторыі. А наша будучыня, у якую накіравана моладзь, вядома, будуецца на павазе і гістарычным вопыце ўсіх пакаленняў Беларусі.