Тое, чаго чакалі аматары опернай сцэны, здарылася: прэм’ера оперы Джузэпэ Вердзі «Набука», але асаблівая інтрыга гэтай падзеі звязвалася з іменем рэжысёра-пастаноўшчыка з Італіі Джанкарла дэль Манака. Маэстра прапанаваў канцэпцыю і сцэнічнае рашэнне, з чым працавалі ў Мінску яго асістэнты і трупа тэатра. Спектакль стаў вяртаннем гэтай оперы на мінскую сцэну і з’явіўся ў вялікай ступені з-за пажаданняў публікі. Але ён шмат у чым здзівіў: вельмі адрозніваецца ад папярэдняй версіі.
Беларускія гледачы, якія ўжо прывыклі да пастановак, у якіх адбываецца сыход ад статычнасці ў бок рухомасці, калі дзея нібыта напоўнена нейкімі ледзь улоўнымі падзеямі ўнутры спектакля (да чаго звычайна імкнуцца рэжысёры), тут атрымаюць глебу для разваг: чаго мы чакаем ад оперы?

Знакаміты ў свеце рэжысёр-пастаноўшчык Джанкарла дэль Манака, які ставіў у славутым нью-ёркскім тэатры «Метраполітэн-опера» і ў розных краінах Еўропы, перад тым як працаваць у Беларусі, адзначыўся пастаноўкамі ў Расіі сваім маштабным стылем. Ён перанёс на беларускую сцэну гісторыю вавілонскага цара, заснаваную на біблейскіх сюжэтах, сам стаў аўтарам ідэі сцэнаграфічнага ўвасаблення: у дадзенай пастаноўцы менавіта яно задае шэраг важных рашэнняў і стварае пэўныя сэнсавыя акцэнты. Шмат у чым гэта гульня з прасторай: яна пашыраецца і звужаецца ў залежнасці ад таго, дзе адбываецца дзеянне: ці то ў храме, ці то ў горадзе, ці то ў палацы, ці то ў асяродку паганцаў, ці то «пад Богам». Трэба адзначыць, што з пункту гледжання, як кажуць, «карцінкі» ўсё выглядае насамрэч вельмі эфектна, нават уражальна.
Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава напярэдадні прэм’еры адзначала асаблівы падыход да сцэнічнага рашэння, сцэнаграфіі, касцюмаў, светлавога афармлення і патлумачыла: «Ранняя опера Вердзі прызнаецца спецыялістамі ў нейкім сэнсе статычнай — хор займае важную частку дзеяння. Таму ён павінен быць яркім і індывідуалізаваным — гэта тое, што выдатна ўмее рабіць наш хор. Прывычнага для нас руху не так і шмат, але ён знаходзіцца ў іншых плоскасцях — у эмоцыях, у змесце».

— Вялікі тэатр у Мінску валодае значна большымі магчымасцямі ў параўнанні з італьянскімі тэатрамі. Верагодна, гэта стварыла некаторыя складанасці ва ўвасабленні першапачатковай задумы, але ў выніку атрымалася дасягнуць пэўнага сінтэзу і атрымаць тое, на што разлічвалі... Натхняліся архітэктурай Мілана і Ламбардыі ХХІ стагоддзя, якія ў сваю чаргу звярталіся да старажытнага Усходу, да шумерскіх матываў, — патлумачыў Франчэска Банаці, асістэнт мастака-пастаноўшчыка, дзякуючы якому спектакль атрымаўся візуальна эфектным. — Давялося стварыць своеасаблівы мост паміж мінулым і цяперашнім, а таксама часам самога Вердзі.
У нас на вачах фактычна адбываецца вяртанне да эпохі самога кампазітара, калі ў оперы асноўнымі сродкамі выразнасці былі менавіта галасы — салісты, хор. То-бок найперш — музычная частка, а пастановачная толькі для таго, каб падкрэсліць першую. Нібыта сам рэжысёр нам нагадвае: «Слухайце! Наталяйцеся музыкай Вердзі, бо яна цудоўная!»
— Гэта адна з самых знакамітых опер Вердзі, якая зрабіла знакамітым яго. Пасля яе прэм’еры ў Італіі ўсе даведаліся пра гэтага кампазітара і яго творчы лёс склаўся шчасліва, — падкрэсліў дырыжор-пастаноўшчык спектакля, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў. — Зразумела, што мы ўвасабляем гэту музыку па-свойму. У нас некалькі цудоўных саставаў салістаў. Хачу адзначыць, што ў нас адна за другой ідуць вельмі складаныя пастаноўкі, якія патрабуюць высокапрафесійнага выканальніцкага саставу. Я задаволены выкананнем «Набука» — не кожны тэатр можа сабе дазволіць такую пастаноўку.

Сцэна за сцэнай, мы назіраем за гісторыяй заваявання вавілонскім царом Набукам Іерусаліма, знішчэння храма і скарэння народа, які ідзе ў палон. Маштаб зададзены самой гісторыяй, да якой звяртаецца Вердзі. Але ж у ёй было месца і для кранальнай асабістай, нават рамантычнай, сюжэтнай лініі. Дзве дачкі Набукі — Абігайль і Фенена — закахаліся ў аднаго ваяра Ізмаіла, які цяпер ужо належыць да варожага лагеру. Але ён выбірае Фенену, якая прыняла веру ворагаў. Абігайль мала таго, што крыўдзіцца на сястру з-за асабістых прычын, яна да таго ж даведваецца, што з’яўляецца дачкой рабоў: яна не родная Набуку. І ў нейкі момант, калі цар недзе далёка, яна вырашаецца звергнуць сястру і заняць месца царыцы. Асобная моцная сцэна прысвечана менавіта Абігайль — у гэтай партыі давялося пачуць магутныя спевы Марыі Галкінай (у іншых саставах яе могуць выконваць Марта Данусевіч і Таццяна Пятрова). У супрацьлегласць нечакана мякка і пяшчотна гучаў голас Фенены—Дар’і Гаражанка (парадуюцца і тыя, хто чакае бліскучую Аксану Волкаву альбо Кацярыну Міхнавец). Набука вяртаецца і паказвае, што ён сапраўдны ўладар, кідае выклік Богу — а пасля гэтага вар’яцее... Сюжэт закручаны не толькі з-за інтрыг — кожны вобраз нясе сваю сэнсавую нагрузку, кожны герой мае свае матывы дзейнічаць так ці інакш. Таму ў герояў яркія партыі, якія патрабуюць і такога ж яркага выканання, і выразнай акцёрскай ігры. Трэба аддаць належнае нашым салістам: яны здольныя добра спяваць у любым становішчы — нават амаль лежачы на падлозе (напрыклад, калі звар’яцелага Набуку трымаюць на вяроўцы, а ён імкнецца пераадолець гэту абмежаванасць).

«Цягам дзеі і з-за пэўных абставін, з якімі сутыкаецца, ён прыходзіць да сапраўднага сябе як да чалавека, — гаворыць Кірыл Панфілаў, адзін з выканаўцаў партыі Набукі. Гэта новая роля для маладога артыста, ён разумее, што для яе выканання патрэбны пэўны жыццёвы досвед. Тыя, хто жадае прабачыць у ролі Набукі народнага артыста Беларусі Станіслава Трыфанава, які выходзіў у папярэдняй пастаноўцы гэтай оперы, атрымаюць такую магчымасць і змогуць параўнаць, як раскрываецца гэты вобраз з псіхалагічнага пункту гледжання (таксама ацэняць і выкананне партыі народным артыстам Беларусі Уладзімірам Громавым).
І яшчэ паўнавартасны герой гэтай оперы — палонны народ, якога ўвасабляе хор тэатра, можа, мы яго прызвычаіліся бачыць больш рухомым, але гучыць ён выдатна, падкрэсліваючы эпічнасць твора.
Асістэнт рэжысёра-пастаноўшчыка Георгій Шылаў, які якраз-такі працаваў непасрэдна ў тэатры, ажыццяўляючы канцэпцыю маэстра, падкрэсліў, што высокі ўзровень нашых салістаў і іх прафесіяналізм дазволілі стварыць творчую атмасферу, калі яны імкнуліся заглыбіцца ў псіхалогію. Бо опера не толькі пра разбурэнне ідалаў і пэўныя гістарычныя падзеі — яна пра драмы людзей. «Ідал, які разбураецца ў нашай пастаноўцы, — чалавечая пыха, што актуальна для нашага часу, калі ўсе гоняцца за „паспяховым поспехам“ і не хапае любові для тых, хто побач».


Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД