Top.Mail.Ru

Новая польская рэальнасць: прызнанне аднаполых шлюбаў і закрыццё дзіцячых садкоў

Ой, неспакойна ў польскім каралеўстве, неспакойна... Усе гэтыя еўрапейскія псеўдакаштоўнасці не па душы простым палякам, ды і некаторым ключавым фігурам з кіраўніцтва краіны. Ці сведчыць гэта аб тым, што прыходзіць паступовае працверажэнне ад таго еўрапейскага флёру, у які паглыбілася краіна на першых этапах свайго ўдзелу ў саюзе? Магчыма. Але ўсё часцей і часцей пачынаюць гучаць размовы з разраду «А яно нам трэба?». І заўважым, на тое ёсць падставы.


«Зялёны курс» ЕС — ідэалагічнае вар’яцтва 

Днямі прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, выступаючы ў Карлавым універсітэце ў Празе, заклікаў да рэформаў, якія дадуць дзяржавам — удзельцам ЕС больш шырокія паўнамоцтвы. 
— ЕС — гэта наша натуральнае палітычнае асяроддзе. Але павінен сказаць, што гэта не саюз нашай мары, — выступіў з крытыкай Наўроцкі. 

Паводле яго слоў, пры ўступленні ў саюз Польшча чакала эканамічных магчымасцяў і свабоды перамяшчэння, а не таго, што ён назваў умяшаннем у палітычную сістэму краіны, судовую сістэму або заканадаўства аб сямейным жыцці. Ён таксама раскрытыкаваў «зялёны курс» ЕС, заявіўшы, што ён наносіць шкоду эканоміцы і сельскай гаспадарцы. 

Палітык назваў «ідэалагічным вар’яцтвам» тых, хто імкнецца да культурных і экалагічных рэвалюцый. Акрамя таго, ён заклікаў спыніць практыку канфіскацыі інстытутамі ЕС паўнамоцтваў у дзяржаў-членаў. 

— Неабходна адмовіцца ад празмерных амбіцый па рэгуляванні жыцця дзяржаў-членаў і іх грамадзян, фарміраванні дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх галінах, паколькі такая цэнтралізацыя прыводзіць да ігнаравання волі народа, — сказаў Наўроцкі. 

«Прызнайце наш саюз»...

У якасці адной з прычын яго абурэння можна прывесці нядаўнюю сітуацыю з прымусам Польшчы да прызнання аднаполых шлюбаў. Для кансерватыўнай каталіцкай Польшчы гэта сапраўды як аплявуха. 

А цяпер — да сутнасці спрэчнага моманту. Паводле інфармацыі ВВС, Еўрапейскі суд абавязаў усе краіны ЕС прызнаваць аднаполыя шлюбы, заключаныя ў краінах саюза. У рашэнні Еўрапейскага суда гаворыцца, што адмова прызнаваць аднаполыя шлюбы парушае права на свабоду перамяшчэння і пражывання, а таксама права на прыватнае жыццё. То-бок па нацыянальным заканадаўстве (у прыватнасці, Польшчы) не прадугледжана рэгістрацыя такіх шлюбаў, але па рашэнні вышэйшага суда ЕС краіна абавязаная (!) прызнаваць такія саюзы. 
Падставай да разгляду ў судовай інстанцыі стала справа аднаполай пары палякаў, якія ціха сабе жылі ў Германіі і заключылі там шлюб. Але раптам парачка вырашыла вярнуцца на радзіму і паспрабавала зарэгістраваць шлюб у грамадзянскім рэестры, на што атрымала адмову, бо Польшча не прызнае аднаполых саюзаў. Пакрыўджаныя такім становішчам рэчаў партнёры (язык не паварочваецца назваць іх сям’ёй) пабеглі ў Еўрапейскі суд, маўляў, ратуйце, хуліганы правоў на радасці жыцця пазбаўляюць. І вось самы гуманны суд у Еўропе пастанавіў, што адмова польскіх улад супярэчыць заканадаўству ЕС. І нават пісульку даслаў з адпаведным тлумачэннем: «Калі грамадзяне ЕС ствараюць сям’ю ў прымаючай іх краіне Еўрасаюза, у прыватнасці шляхам заключэння шлюбу, яны павінны быць упэўненыя ў тым, што змогуць працягваць сямейнае жыццё ў краіне ЕС, з якой яны родам». Так што Польшчу паставілі перад фактам — калі хочаце быць краінай Еўрасаюза, то забудзьцеся аб сваім нацыянальным заканадаўстве і турбуйцеся лепш аб правах гомасексуалістаў. 

І ў такой рэальнасці даводзіцца жыць простым польскім грамадзянам. Глядзіш, і неўзабаве ў каталіцкіх храмах Польшчы пачнуць вывешваць «вясёлкавыя» сцягі і вянчаць у парушэнне Бібліі гомасексуальныя шлюбы. Бо менавіта такія маральныя «каштоўнасці» насаджае Еўрасаюз сваім удзельнікам...

... а дзяцей усё менш і менш

Хоць гэты працэс ужо пануе ў польскім грамадстве. Днямі ў Варшаве абвясцілі пра закрыццё дзіцячых садкоў адразу ў некалькіх гарадскіх мікрараёнах. Прычына — недахоп дзяцей. 
Як паведамляе БелТА са спасылкай на польскія СМІ, віцэ-мэр Варшавы Рэната Казноўска агучыла несуцяшальную дэмаграфічную статыстыку ў польскай сталіцы. Калі ў 2017 годзе ў Варшаве нарадзіліся 19 тысяч дзяцей, то ў 2025 годзе — толькі 11 тысяч. Па словах чыноўніцы, няма падстаў меркаваць, што сітуацыя ў бліжэйшыя гады палепшыцца. 

— Паводле прагнозаў на 2027 год колькасць нованароджаных скароціцца да 9 тысяч, — адзначыла яна.

Адсюль і такое непапулярнае рашэнне. Варшаўскія мікрараёны Сярэдмесце або Прага Полудне ў хуткім часе могуць аказацца без адзінага дзіцячага садка.
Наступствы дэмаграфічнага крызісу спачатку адчуюць польскія дзіцячыя садкі, а пазней ён будзе панаваць і ў школах. І вось што цікава, калі такая сітуацыя ў сталіцы, дзе традыцыйна канцэнтруецца вялікая колькасць насельніцтва, то як ідуць справы ў глыбінцы? Нешта падказвае, што наогул катастрафічна... 

Арол не паляцеў (і нават не паплыў)

Зразумела, не ад добрага жыцця пакутуе сацыяльная сфера, прычым усе яе кірункі — ахова здароўя, адукацыя, культура. А прычына адна — польскія ўлады замест сацыяльнай падтрымкі сваіх грамадзян, паляпшэння іх дабрабыту ўсе сродкі накіроўваюць на мілітарызацыю краіны. Аднак карупцыя ў тым жа Міністэрстве абароны Польшчы ці ў абаронным сектары эканомікі дасягнула такіх памераў, што нават тыя грошы, якія выдзяляюцца, не заўсёды даходзяць да канкрэтнага адрасата. Напрыклад, нядаўна адзіная падводная лодка польскіх ваенна-марскіх сіл ORP Orzel (Арол-польск.) падчас выхаду ў мора для ўдзелу ў парадзе ВМС краіны на Дзень незалежнасці... у чарговы раз выйшла са строю.

Па паведамленні польскага партала Onet, субмарына была пабудавана яшчэ ў часы СССР і перададзена польскім ВМС у 1986 годзе. За 40 гадоў эксплуатацыі яна выпрацавала свой рэсурс і патрабавала дарагога абслугоўвання. У 2024-м лодка ўжо праходзіла працяглы рамонт, але, мяркуючы па ўсім, праз раскрадзеныя сродкі ўсе аднаўленчыя работы правялі толькі на паперы. Зараз субмарыне неабходны яшчэ адзін рамонт і адпаведна чарговае распілоўванне польскімі чыноўнікамі грошай.

Не адстае ад ваеннага ведамства па ўзроўні карупцыі і неадэкватных дзеянняў і Міністэрства замежных спраў Польшчы. Не так даўно яго кіраўнік Сікорскі выступіў з ініцыятывай выдзеліць з бюджэту МЗС 100 мільёнаў долараў на закупку ўзбраення для Украіны! Вы не недачулі — польскае знешнепалітычнае ведамства, галоўнай задачай якога з’яўляецца наладжванне дружалюбных кантактаў з замежнымі краінамі, гатова фінансаваць... закупкі смяротнай зброі! Такая ініцыятыва выклікала абурэнне, прычым у самой Польшчы. 

Так, віцэ-спікер польскага сейма і адзін з лідараў правай партыі «Канфедэрацыя» Кшыштаф Босак, заявіў: «Міністр Сікорскі атрымаў сродкі для фінансавання польскай дыпламатыі, якая глыбока недафінансаваная, а не для таго, каб раскідвацца грашыма з бюджэту МЗС, нібы гэта яго ўласны кашалёк». На думку віцэ-спікера, фарміраванне на міжнароднай арэне лжывага ўяўлення аб тым, што Польшча мае фінансавыя магчымасці падтрымліваць іншую дзяржаву, якая знаходзіцца ў стане вайны, з’яўляецца безадказным крокам.

Такія вось справы... Як той казаў, запасаемся папкорнам і працягваем назіраць за польскім цыркам. Вельмі хочацца ўбачыць той момант, калі яго акцёры паразумнеюць і пачнуць клапаціцца аб сваёй краіне і сваіх грамадзянах. Цікава ў гэтым толькі адно, наколькі па часе зацягнецца гэты працэс.

Сяргей ЭМБЕРГ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю