У ДАІ Гомельшчыны расказалі аб новай разметцы, якая днямі з’явілася ў цэнтры горада. Ноў-хаў уяўляе сабой падвойную «зебру» са стрэлкамі, якія паказваюць напрамак. Паводле слоў інспектараў, такое незвычайнае рашэнне павінна «знізіць рызыку канфліктаў паміж пешаходамі». Якім чынам?
Так, «у мэтах павышэння бяспечнага руху» на скрыжаванні праспекта Перамогі і вуліцы Прывакзальнай з’явілася незвычайная «зебра». У ДАІ паведамілі, што на сённяшні дзень яна ў Гомелі такая адна, аднак «у выпадку станоўчага вопыту» разметку плануюць укараніць і на іншых участках дарог.
Разметка такога тыпу прымяняецца на пешаходных пераходах шырынёй больш за 6 метраў. Такім чынам атрымліваецца, што яна як бы дзеліць яго на дзве часткі. Стрэлкі па краях павінны дапамагчы гамяльчанам «выбраць правільны шлях» і «знізіць рызыку канфліктаў паміж пешаходамі».
Фота з ТГ-канала «Сожскі Фарпост»«Вадзіцелі, будзьце асабліва ўважлівыя пры набліжэнні да такога пераходу: пешаходы могуць рухацца па розных частках „зебры“. Пешаходы, прытрымлівайцеся ўказанням стрэлак: гэта дапаможа вам перайсці дарогу хутка і бяспечна», — заклікалі інспектары і заявілі, што новая разметка стане «яшчэ адным крокам да зніжэння аварыйнасці».